Алена Анісім: На курсы пакуль няма ніводнай заяўкі
Старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім распавяла пра тое, калі Беларускі нацыянальны ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча можа атрымаць ліцэнзію.
У сакавіку Беларускі нацыянальны ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча прайшоў дзяржаўную рэгістрацыю, а не так даўно ў Міністэрстве адукацыі адбыліся перамовы аб выдачы ўстанове ліцэнзіі на выкладанне.
З верасня пачынаюцца падрыхтоўчыя курсы.
Алена Аніcім распавяла “Радыё Рацыя”:
— Мы ўжо паведамлялі, што курсы будуць для вучняў старэйшых класаў (10–11-я класы), студэнтаў, а таксама для ўсіх, хто хоча ўдасканаліць свае веды і падрыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання і паступлення ў ВНУ, па наступных прадметах: гісторыя Беларусі, матэматыка, фізіка, хімія, беларуская, англійская, нямецкая і (пры наяўнасці попыту) французская мовы.
На курсах, якія будуць доўжыцца 3 месяцы, заняткі будуць праходзіць два разы на тыдзень па тры гадзіны на дзень.
На курсах працягласцю шэсць месяцаў заняткі будуць праходзіць раз на тыдзень (па суботах) таксама па тры гадзіны на дзень.
Колькасць навучэнцаў у кожнай групе плануем не больш за 10–12 чалавек. Праўда, на гэты момант не было яшчэ ніводнай заяўкі на гэтыя курсы, хаця людзі цікавяцца.
— Чаму зусім няма жадаючых?
— Зараз толькі закончылася прыёмная кампанія па паступленні ў ВНУ, летам многія раз’ехаліся на адпачынак… Думаю, што народ актывізуецца ў жніўні, і на курсы людзей назбіраецца.
— А што чуваць з атрыманнем ліцэнзіі для ўніверсітэта?
— Гэта не так проста, бо трэба скласці і праграму ВНУ, і знайсці памяшканне. Але нейкая штодзённая праца вядзецца. Рыхтуецца пакет дакументаў для працэдуры атрымання ліцэнзіі, гэта няпростая справа. Але складана сказаць, ці атрымаем ліцэнзію ўжо ў гэтым годзе.
Няпростыя працэсы адбываюцца ў нашай сістэме адукацыі. Усе разумеюць, што патрэбны змены, але мала хто гатовы гэта ажыццяўляць. Але самае важнае для нас падрыхтаваць усе дакументы, якія патрабуе заканадаўства. Калі атрымаем ліцэнзію да красавіка наступнага году, то зможам аб’явіць набор ужо ў 2019 годзе.
Кастусь Заблоцкі,
Беларускае Радыё Рацыя