85 гадоў з дня гібелі Усевалада Ігнатоўскага
Усевалад Ігнатоўскі не вытрымаў здзекаў і знявагаў ды скончыў жыццё самагубствам: застрэліўся ў хатнім кабінеце.
Беларускі гісторык, грамадска-палітычны дзеяч, першы прэзідэнт Акадэміі Навук Усевалад Ігнатоўскі нарадзіўся 19 красавіка 1881 году ў вёсцы Такары (Камянецкі раён). Паходзіў з сям’і настаўніка. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, потым — у Магілёўскай семінарыі. У 1902 годзе паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага універсітэта, аднак за ўдзел у антыўрадавых дэманстрацыях і распаўсюд улётак двойчы высылаўся: спачатку дадому, потым — у Аланецкую (Архангельскую) губерню.
У 1908 годзе, калі аслабла хваля рэвалюцыйнага ўздыму, здабыўшы фальшывую даведку пра сваю “палітычную надзейнасць”, Усевалад Ігнатоўскі паступіў у Юр’еўскі (Тартускі) універсітэт. У 1911-м скончыў яго. Далей працаваў у Вільні ў адной з прыватных гімназій. З 1914-га па 1921-ы працаваў выкладнікам, старшынёй педагагічнай рады Менскага настаўніцкага інстытуту. Па-сутнасці ён быў рэктарам гэтай установы, якая ў час вайны да лета 1918-га працавала ў эвакуацыі ў горадзе Яраслаўлі. Яшчэ раней — у 1901-м — Ігнатоўскі ўступіў у партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў і заставаўся ў ёй да кастрычніка 1917 года.
У жніўні 1920-га, у першым сацыялістычным урадзе Беларусі, Усевалада Ігнатоўскага нечакана прызначылі народным камісарам земляробства. Ён старанна ўзяўся за працу. Але неўзабаве Аляксандр Чарвякоў, Язэп Адамовіч і іншыя кіраўнікі рэспублікі, якія ўжо добра ведалі магчымасці і схільнасці Ігнатоўскага, зразумелі дапушчаную недарэчнасць. У снежні таго ж, 1920-га, ён становіцца народным камісарам асветы рэспублікі, той сферы, якую ён ведаў і дзе найбольш быў патрэбны.
11 ліпеня 1921 года адбылося ўрачыстае адкрыццё Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Шэрагу выбітных навукоўцаў, якія паспелі зарэкамендаваць сябе ў розных галінах дзейнасці маладой рэспублікі Саветаў, было нададзена пачэснае званне "прафесара". Сярод іх быў і Усевалад Ігнатоўскі. Пры яго актыўным удзеле ў лютым 1922 года ў Мінску адбылася яшчэ адна надзвычай важная падзея: адкрыццё Інстытута беларускай культуры. Спачатку яго ўзначальваў Сцяпан Некрашэвіч, а з 1926 года старшынём стаў Усевалад Ігнатоўскі. I адразу ж па яго ініцыятыве структура інстытута была зменена: выпрацоўваліся падыходы да пераўтварэння яго ў Акадэмію навук Беларусі. Афіцыйна стварэнне Беларускай акадэміі навук было абвешчана ў 10-ю гадавіну ўтварэння Беларускай ССР — у студзені 1929 года. Першым прэзідэнтам галоўнай навуковай установы стаў якраз Ігнатоўскі. На пасадзе прэзідэнта БАН ён працаваў менш двух гадоў. Ужо ў канцы 1930-га яго вызвалілі з пасады, а ў студзені 1931-га — выключылі з камуністычнай партыі Беларусі.
Органы АДПУ сфабрыкавалі "контррэвалюцыйную нацыянал-дэмакратычную арганізацыю" пад назвай "Саюз вызвалення Беларусі". Па ёй, як “ворагі народа”, і праходзілі народныя камісары асветы і земляробства Антон Баліцкі і Зміцер Прышчэпаў, прэзідэнт БАН Усевалад Ігнатоўскі, іншыя дзеячы нацыянальнага Адраджэння.
4 лютага 1931 года, не вытрымаўшы здзекаў і знявагаў, Ігнатоўскі скончыў жыццё самагубствам: застрэліўся ў хатнім кабінеце. Пакінуў пасля сябе звыш 30 манаграфій, кніг, брашур і артыкулаў. Сярод іх асаблівае месца займае "Кароткі нарыс гісторыі Беларусі".
Пахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках. У 2007 годзе ў сталічным мікрараёне Дамброўка з’явілася вуліца ў гонар Ігнатоўскага.