Вярнуць сваіх альбо набраць чужынцаў?
У Беларусі востра не хапае спецыялістаў. Запоўніць вакантныя месцы плануецца імігрантамі. Палата прадстаўнікоў хутка павінна разгледзець змены ў заканадаства аб прававым статусе замежных грамадзян і працоўнай міграцыі.
Навацыі тут даволі істотныя. Згодна з законапраектам, замежным грамадзянам з ліку таленавітых работнікаў і спецыялістаў будзе прадастаўляцца кампенсацыя выдаткаў пры пераездзе ў краіну або выплата аднаразовай дапамогі на ўладкаванне. Акрамя таго, праект закона прадугледжвае, у прыватнасці, што замежныя грамадзяне, якія скончылі або якія навучаюцца ва ўстановах адукацыі Беларусі і жадаючыя застацца ў краіне, каб працаваць па спецыяльнасці, будуць вызваленыя ад неабходнасці афармляць спецыяльныя дазволы на права займацца працоўнай дзейнасцю ў Беларусі.
Навіна пра гэта выклікала даволі дзіўную хвалю эмоцый у інтэрнэце. Канешне, талерантныя і памяркоўныя грамадзяне Беларусі не супраць, каб сюды прыязджалі адукаваныя замежнікі. Але яны задаюцца адным пытаннем: ці здолеюць улады Беларусі пракарміць чужых спецыялістаў, калі сваіх не здолелі? Ці варта запрашаць сюды замежнікаў? А можа лепш даць вартую аплату працы беларускім спецыялістам?
Пра тое, што беларускіх спецыялістаў у краіне патэнцыйна дастаткова, кажуць нават лічбы Белстата. Паводле аператыўных даных дзяржаўнай статыстычнай установы, у эканоміцы ў студзені-лютым 2013 года было занята 4 мільёна 541,7 тысячы чалавек. Арганізацыямі рэспублікі (без малых і мікраарганізацый без ведамаснай падпарадкаванасці) у студзені-лютым бягучага года было прынята на працу 114,1 тысячы чалавек, у тым ліку на дадаткова ўведзеныя працоўныя месцы — 6,4 тысячы чалавек. Звольнена па розных прычынах за два месяцы 118,2 тысячы чалавек, а колькасць беспрацоўных, зарэгістраваных у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, на канец лютага гэтага года склала 26,2 тысячы чалавек.
Але ж, па дадзеных перапісу насельніцтва ў 2009 годзе, колькасць працаздольнага насельніцтва Беларусі складала 5 мільёнаў 853 тысячы чалавек. Зразумела, з таго часу хтосьці выйшаў на пенсію, але хтосьці і ўвайшоў у працаздольны ўзрост, таму вельмі істотна гэта лічба змяніцца не магла. Такім чынам, каля 1 мільёна 300 тысяч беларусаў, якія знаходзяцца ў працаздольным узросце, альбо не працуюць, альбо бадзяюцца невядома дзе. Нават калі адмінусаваць ад гэтай лічбы студэнтаў, якія атрымліваюць адукацыю на дзённай форме навучання (а значыць, стала не працуюць, — гэта каля 200 тысяч чалавек), то ўсё роўна атрымаецца вялікая лічба.
Куды ж знік мільён працоўных? Ні для каго не сакрэт — людзі з’язджаюць на Захад і Усход у пошуках больш вартага заробку. Па ацэнках незалежных экспертаў, ад 600 тысяч да мільёна нашых суайчыннікаў працуе ў Расіі. Найбольш часта называлася лічба 600 тысяч чалавек, якая не выклікае спрэчак нават у беларускіх чыноўнікаў.
Але праца ў Расіі, хутчэй, «сезонная», асабліва для запатрабаваных у Расіі будаўнікоў і дарожнікаў. З папраўкай на «сезонныя пікі актыўнасці» можна казаць, што стала працуюць у Расіі да 450–500 тысяч беларусаў.
І гэтая колькасць павялічваецца. Як сведчаць дадзеныя плацежнага балансу Расіі і Беларусі, «белыя» паступлення ад аплаты працы беларусаў, якія часова працуюць у Расіі, у 2012 годзе склалі 558,6 мільёна долараў, павялічыўшыся на 15,4% у параўнанні з 2011 годам. З улікам сезонных ваганняў і сярэдняй зарплаты 1 000 долараў у месяц, прыкладна 46,5 тысячы беларусаў легальна пераводзілі ў краіну свой поўны або частковы заробак з Расіі.
Але ў нас няма мяжы з Расіяй, таму легальна пераводзіць заробак сэнсу не мае. Лепш прыехаць на дзень-другі дадому адпачыць і перадаць гэты заробак з рук у рукі.
І гэтыя працаўнікі з’яўляюцца вельмі моцным фактарам атрымання валюты, найперш расійскіх рублёў, для беларускай дзяржавы. Згодна з няхітрым разлікам, пры сярэдняй зарплаце ў 1 000 долараў у месяц агульны заробак 450–500 тысяч беларусаў мог скласці ў 2012 годзе каля 5–6 мільярдаў долараў.
Гэтая лічба цалкам упісваецца ў сучасныя рэаліі. Для параўнання, у 2012 малдаўскія гастарбайтэры пералічылі з Расіі на радзіму 1,2 мільярда долараў. Малдова тут прыклад таму, што ў іх, па-першае, вазіць заробак дадому — праблема (далёка і няма агульнай мяжы з Расіяй), па-другое, іхныя заробкі меншыя, чым заробкі ў Расіі беларусаў.
А што з астатнімі 600 тысячамі? Паводле спецыялістаў, яны працуюць у «шэрай зоне» беларускай эканомікі. Гэтым тлумачыцца невялікая колькасць афіцыйна зарэгістраваных беларускіх беспрацоўных. Канешне, не толькі гэтым, але і вельмі нізкай дапамогай па беспрацоўі, і неабходнасцю «адпрацоўваць» гэтую дапамогу, і, канешне, поўным нявер’ем у тое, што служба сацыяльнай абароны здолее працаўладкаваць чалавека на вакансію з дастойнай аплатай.
У службу занятасці шмат якія беларусы звяртаюцца за магчымасцямі: там можна альбо бясплатна набыць новую прафесію, прайсці курсы перападрыхтоўкі, альбо прайсці курсы павышэння кваліфікацыі па ўжо наяўнай спецыяльнасці. А ў магчымасць працаўладкаваць кагосьці — не, не вераць.
Таму галоўнай задачай для беларускай улады павінна стаць не задача «заманіць» сюды як мага больш замежных спецыялістаў, а стварыць тут умовы для развіцця беларускім адмыслоўцам. Найперш, калі мы ўжо ўніфікуем розныя тарыфы і выдаткі ў межах Мытнага саюза з Расіяй, то чаму б не ўніфікаваць і заробкі? Ніхто не паедзе за сто зямель у той час, калі зможа зарабіць тут.
І другое: улады павінны вывесці «шэрую зону» эканомікі на ясны свет. Павінны стварацца ўмовы для бізнэсу, павінна быць падтрымка маладым прадпрымальнікам і гэтак далей. Пра гэта кажуць ад моманту атрымання Беларуссю незалежнасці і да гэтага часу. Але нічога не робіцца.
Як вынік, грошай плаціць дастойны заробак «сваім» не стае, а даць волю прадпрымальніцтву — гэта пераўтварэнне эканомікі і падрыў «стабільнасці». Стабільнасць — вось што стала галоўнай перашкодай для беларускіх грамадзян. І таму ўлада, незадаволеная народам, робіць толькі адзін крок — спрабуе знайсці новы народ для сваёй «стабільнасці». Ці атрымаецца?