Успомніць усё. Улады рыхтуюць беларусаў да новай дэвальвацыі?
Лукашэнка загаварыў пра карысць дэвальвацыі нацыянальнай валюты. Мы звыклі да таго, што ён шмат пра што разважае, але нечакана тэму падхапілі айчынныя прапагандысты. Падобныя развагі супалі з погаласкамі пра магчымую дэвальвацыю ў Расіі, да валюты якой цяпер моцна прывязаны і беларускі рубель.
19 жніўня Лукашэнка ездзіў да аграрыяў і падзяліўся сакрэтамі «поспехаў» беларускай сельскай гаспадаркі: «Мы перажылі дзве пяцігодкі адраджэння вёскі. І калі першую пяцігодку мы планавалі ў той страшнай беднаце, я ўспамінаю двух чалавек. Аляксандра Андрэевіча Папкова, ён быў тады, па-мойму, віцэ-прэм'ерам, і Пятра Пятровіча Пракаповіча, які быў старшынёй Нацыянальнага банка. Гэта людзі, якія былі адзін — справа, другі — злева. Сфарміравалі план пяцігадовы адраджэння вёскі. Дакладна вызначылі крытэрыі — гэта не павінны быць прыватныя фермерскія гаспадаркі. Фермерам таксама быць, хай зараджаюцца, будзем іх падтрымліваць. Але нельга развальваць саўгасы, калгасы. Сёння мы разумеем, што тады мы не памыліліся, ствараючы ўзбуйненыя таварныя сельскагаспадарчыя вытворчасці. Пачыналі тады на ўсходзе з "Александрыйскага", і тут Пятро Пятровіч пачынаў. Гэтыя дзве гаспадаркі былі першымі пабудаваныя, яны невялікія, мы іх узбуйнялі паступова — і бачым, што яны даюць рады.
Пры той беднаце мы вырашылі вяртаць даўгі народу. А грошай не было. А дзе бралі? Памятаеце тую дзікую інфляцыю і дэвальвацыю нашай валюты? Сёння я ўжо шчыра магу сказаць, што тады я даў распараджэнне старшыні Нацбанка Пятру Пятровічу Пракаповічу: дзе не хопіць — будзем друкаваць.
Нікому пра гэта нічога не кажучы, мы, вядома, грошы паддрукоўвалі. І аддавалі на аграрныя праекты», — цытуе яго першая ў Беларусі «газета з карцінкамі», абвешчаная экстрэмісцкай.
Лукашэнка ані слова не сказаў пра негатыўныя наступствы той дэвальвацыі для іншых галін беларускай эканомікі і катастрафічнае збядненне грамадзян, якія трымалі свае зберажэнні ў нацыянальнай валюце.
Следам за Лукашэнкам хваліць дэвальвацыю пачалі і прапагандысты. Вось што сказаў у эфіры АНТ Ігар Тур: «Дэвальвацыю Пракаповіча я памятаю добра. (…) Умацаваўшы балючай дэвальвацыяй аграрны шкілет, мы атрымалі магчымасць развіваць далей арганізм беларускай эканомікі. Без той дэвальвацыі дзеля аграрнага сектара не было б сёння ў нас моцнай прамысловасці, хімічнага комплексу і нават моднай IT-сферы. Калі раптам мы страцім сельскую гаспадарку — рэч будзе не толькі ў ёй. Тады проста сціснецца ўся эканоміка. Таму што арганізм не можа жыць без шкілета».
Уставіў свае думкі пра дэвальвацыю і Мікалай Шчокін з Акадэміі навук.
«Лукашэнка прыняў беспрэцэдэнтныя крокі па аднаўленні сельскай гаспадаркі, у тым ліку і шляхам дэвальвацыі. Варта адзначыць, эканамічная мадэль Беларусі ўжо тады паказала жыццяздольнасць. (…) Усе разумелі, што давядзецца сур'ёзна напружыцца, і грошай заўсёды не хапала», — сказаў ён.
«Сапраўды, Лукашэнка ўзяў на сябе поўную адказнасць і дазволіў правесці пэўную дэвальвацыю, разумеючы, якую нагрузку панясе краіна. Іншага выйсця не было. (…) І сапраўды, такія, як Аляксандр Папкоў і Пятро Пракаповіч, выступілі ў якасці матора ў рэалізацыі праграмы адраджэння і развіцця вёскі», — заявіў Шчокін.
Успомніць усё
Варта зазначыць, што беларускі рубель дэвальваваўся ўжо неаднаразова. 2 студзеня 2009 года Нацбанкам курс беларускага рубля быў зніжаны (дэвальваваны) на 20%. Народ пабег закупацца складанай электроннай тэхнікай, змёў з паліц крамаў усё: некаторыя закупілі па тры лядоўні, якія потым не ведалі, куды прыткнуць.
Самы маштабны па дэвальвацыі быў 2011 год. 24 траўня Нацыянальны банк дэвальваваў беларускі рубель прыкладна на 56%. У тым жа годзе 20 кастрычніка курс нацыянальнай валюты ўпаў яшчэ на 52%. Сукупная дэвальвацыя за няпоўныя дзесяць месяцаў 2011 года склала 189%. Менавіта тады з’явіўся і «чорны рынак» валюты, і знакаміты сайт prakapovi.ch.
У снежні 2014 услед за хуткім падзеннем расійскага рубля ў абменных пунктах стаў расці курс долара і еўра да беларускага рубля, у той час як курс, які ўстанаўліваецца Нацыянальным банкам, практычна не рос. Да 19 снежня мінімальны курс продажу долара насельніцтву ў Мінску вырас да 11500 рублёў, максімальны — да 11990 пры афіцыйным курсе ў 10890 рублёў. У Гомелі курс продажу долара ў абменных пунктах вырас да 13000 рублёў.
Насуперак заявам Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Пракаповіча аб немагчымасці новай дэвальвацыі днём 19 снежня 2014 года Нацыянальны банк увёў часовую камісію ў 30% на продаж валюты насельніцтву. 29 снежня Нацыянальны банк знізіў камісію да 20%, адначасова дэвальваваўшы рубель на 7%. За 2014 год агульная дэвальвацыя склала 24,7%.
5 студзеня 2015 года зноў была праведзена дэвальвацыя на 7,1%. Такім чынам, за снежань-студзень беларускі рубель абясцэніўся больш чым на 30%.
А пры чым тут сельская гаспадарка?
Сапраўды, дэвальвацыя нацыянальнай валюты мае станоўчыя моманты. Яе вынікам з’яўляецца стымуляванне экспарту, паколькі экспарцёр пры абмене выручанай замежнай валюты на сваю абясцэненую валюту атрымлівае дэвальвацыйны прыбытак. Аднак, напрыклад, дэвальвацыя 2009 года такога эфекту не прынесла: экспарт тавараў у 2008 годзе быў 32,6 млрд долараў, а пасля дэвальвацыі склаў 21,3 млрд долараў.
Дэвальвацыя таксама тэарэтычна падвышае попыт на айчынныя тавары ўнутры краіны, зніжае тэмпы расходавання золатавалютных рэзерваў краіны і павышае канкурэнтаздольнасць нацыянальнай эканомікі — але толькі ў тым выпадку, калі яна ажыццяўляецца ў комплексе з абмежавальнай грашова-крэдытнай і даходнай палітыкай, а таксама структурнымі рэформамі.
Адмоўных бакоў дэвальвацыі багата.
- Відавочным мінусам жорсткай дэвальвацыі з'яўляецца страта даверу да абясцэненай валюты.
- Дэвальвацыя павышае цэны на імпартныя тавары і робіць іх менш канкурэнтаздольнымі ў параўнанні з мясцовымі (айчыннымі) таварамі — і таму абмяжоўвае імпарт. Ад гэтага пакутуе як насельніцтва, так і прадпрыемствы, якія купляюць замежную сыравіну, дэталі, абсталяванне, тэхналогіі.
- Абясцэньваюцца ўклады ў нацыянальнай валюце, якая падверглася дэвальвацыі. Адбываецца ажыятажнае зняцце грашовых сродкаў з банкаўскіх дэпазітаў у дэвальваванай валюце.
- Дэвальвацыя правакуе рост тэмпаў інфляцыі, бо пры патанненні айчыннай прадукцыі вытворцы павышаюць цэны на ўнутраным рынку (раскручванне дэвальвацыйна-інфляцыйнай спіралі), яшчэ больш абясцэньваючы ўклады і зберажэнні.
- Дэвальвацыя стварае валютныя рызыкі для бізнесу, што асабліва шкодна ва ўмовах крызісу.
- Падае рэальная пакупніцкая здольнасць грашовых даходаў насельніцтва ў дэвальваванай валюце (заробкаў, пенсій і грашовых дапамог), і ў выніку зніжаецца пакупніцкая актыўнасць.
А вось сельская гаспадарка тут ні пры чым. Яе «ратуюць» на мільярды долараў кожны год — незалежна ад таго, ёсць дэвальвацыя ці няма.