Што адбываецца з рублём?
І ці прыйшоў час скупляць еўра і долары?
Падзенне беларускага рубля да амерыканскай і еўрапейскай валют працягваецца. На таргах у сераду, 18 сакавіка, гэтыя валюты сур’ёзна падаражэлі, абнавіўшы ў Беларусі гістарычныя максімумы. Долар вырас на 7,4 капейкі (+ 3,13%) і склаў 2,4413 беларускага рубля за долар, а еўра на 5,05 капейкі (+ 1,92%) — 2,684 беларускага рубля. Курс расійскага рубля знізіўся на 3,38 капейкі (-1,06%) — 3,1913 беларускага рубля за 100 расійскіх.
Дэвальвацыя ў Беларусі пачалася яшчэ 9 сакавіка, калі долар вырас з 2,24 рубля да 2,35 рубля, адзначае доктар эканамічных навук прафесар Барыс Жаліба.
— Гэта была першая хваля абвальнай дэвальвацыі. Зараз пайшла другая. Прамой прычынай з’яўляецца тое, што на біржы попыт на валюту перавышае прапанову, а тут галоўную ролю гуляюць знешнія фактары: напрыклад, нафта каштуе ўжо менш за 30 долараў за барэль. Гэта паўплывала на абвальнае падзенне расійскага рубля, а паколькі ў нас татальная залежнасць ад рынку суседняй краіны, то і беларускі рубель ідзе за сваім расійскім субратам.
— Што будзе далей?
— Мабыць, у бліжэйшы час рубель часткова адыграе, але не больш за тое. Галоўны трэнд ідзе на дэвальвацыю нацыянальнай валюты. Нацбанк пакуль назірае, не ўмешваецца ў таргі за кошт інтэрвенцыі з валютных рэзерваў, паколькі іх трэба берагчы. Бо ў нас значны груз валютных дзяржаўных даўгоў. А абывацелям застаецца чакаць і задумвацца, ці не прыкупіць на тыя рублі, што засталіся, сотню-другую долараў. Невялікая паніка, якая ахапіла насельніцтва ў пачатку сакавіка, цяпер разам з каронавірусам можа стаць не такой і лёгкай, і людзі могуць кінуцца ў абменнікі.
— Так ці варта беларусам сёння купляць еўра і долары?
— Па вялікім рахунку, у каго ёсць лішнія рублі, варта. Можа быць, дачакаўшыся, калі рубель адыграе пару-тройку капеек. Але тыя фундатары, у каго рублёвыя безадклікальныя ўклады, цяпер не могуць нічога зрабіць — ні канвертаваць, ні зняць, каб купіць на іх валюту. У той жа час банкаўская статыстыка паказвае, што доля валютных укладаў трохі прырасла за кошт долі рублёвых, хоць да пачатку гэтага года тэндэнцыя была адваротная. Гэта значыць, дэдаларызацыя ў нас сёння прабуксоўвае.
— Як падзенне беларускага рубля адаб’ецца на айчыннай эканоміцы ў цэлым?
— Нічога добрага не будзе. Па-першае, у прадпрыемстваў даволі шмат валютных крэдытаў. Трэба іх пагашаць. Але шмат хто з іх нічога не экспартуе, каб атрымаць валюту за сваю прадукцыю. Значыць, яны павялічаць на біржы попыт на валюту, будуць даваць банкам заяўкі на набыццё долараў ці еўра. Пагоршыцца і далейшая пазыковая сітуацыя, таму што запазычанасць беларускіх прадпрыемстваў вельмі высокая, у тым ліку і валютная. Усё гэта акажа прыгнятальны ўплыў на эканамічныя паказчыкі, асабліва ў прамысловасці. А яны і так падаюць з пачатку года. Можа, крыху гэта дапаможа нашым экспарцёрам, таму што вядомая макраэканамічная заканамернасць — калі нацыянальная валюта дэвальвуецца, то гэта на руку экспарту. Але гэты выйгрыш на агульным фоне будзе непрыкметны.
— Ці пойдуць улады на нейкія дырэктыўныя крокі для падтрымання нацыянальнай валюты?
— Дырэктыўным крокам магла б быць валютная інтэрвенцыя — гэта ўмяшальніцтва Нацбанка ў таргі, ураўнаважванне попыту і прапановы за кошт расходавання валютных рэзерваў. Але пакуль Нацбанк назірае. Я думаю, тут патрэбна пэўная вытрымка. Пакуль сітуацыя не катастрафічная. У нас бывалі ўсякія часы, успомніць хоць бы 2011 год, калі за год рубель дэвальваваўся амаль у тры разы. Пакуль такога няма.
— Цi не ўзнiкне спакусы ва ўладаў уключыць друкавальны станок?
— Тут гэта не дапаможа. Калі ўключаць друкавальны рублёвы станок, то атрымаюць яшчэ большае курсавое падзенне рубля і інфляцыю. А інфляцыя і так пойдзе за дэвальвацыяй, паколькі нашы імпарцёры купляюць усё даражэйшае за долары і еўра.
Паводле Заўтра тваёй краіны