Сельская гаспадарка не выратуе

На нарадзе па выкананні дзяржпраграмы развіцця гарадоў-спутнікаў і будаўніцтва на тэрыторыі Мінскай вобласці, Лукашэнка патрабаваў рацыянальнага выкарыстання сельскагаспадарчых земляў.



images27.jpg

Бо сёння аграпромкомплекс стаў асновай экспарту. І ад яго праз два гады яны павінны атрымаць 7 мільярдаў долараў за экспарт сельгаспрадукцыі. Таму нельга аддаваць пад будоўлю ўрадлівыя землі.

Зразумела, усё гэта суперэмацыйна — аратарскі прыём, з дапамогай якога спрабуюць не сказаць праўду, а схаваць яе.

Паспрабуем яе пашукаць у афіцыйных дадзеных дзяржстатыстыкі, у паняццях і метадах, якія выкарыстоўваюцца пры колькасным і якасным аналізе канкрэтных фактаў.

Прыкладам, паняцце аграпрамкомплексу, да якога адносяць сельскую гаспадарку як галіну эканомікі і харчовую прамысловасць. Зразумела, што сельская гаспадарка забяспечвае харчовую прамысловасць сыравінай, якая вырабляе харчовыя тавары для ўнутранага і знешняга рынка. За 10 месяцаў мінулага года сельская гаспадарка мела каля 0,8 мільярда долараў таваразвароту і 60 мільёнаў адмоўнага сальда. Параўнайце — знешні гандаль Беларусі склаў за гэты перыяд 31,34 мільярда долараў экспарту, 35,38 мільярда долараў імпарту пры адмоўным сальда ў 4,03 мільярда долараў.

Галоўная адметнасць у тым, што дадатнае сальда не атрымлівае Беларусь ні тады, калі павышае памеры таваразвароту, ні тады, калі іх памяншае. Прыкладам, экспарт скараціўся да 79,3%, імпарт таксама, але вартасць яго паменшылася толькі да 91,9%. Відавочна таму, што пры змушаным скарачэнні вытворчасці, імпартныя пастаўкі скарачаюцца не так хутка, а ў асноўных галінах нават растуць.

Так, у параўнанні з 10 месяцамі 2012-га за студзень-кастрычнік 2013-га ў гандлі таварамі сальда паменшылася на 5 мільярдаў долараў. Як адзначаюць у Белстаце, фармаванне адмоўнага сальда знешняга гандлю абумоўлена найперш дысбалансам знешняга гандлю прамежкавымі таварамі (хімічная прадукцыя, сыравіна, матэрыялы, камплектуючыя).

Пры гэтым доля экспарту прамежкавых тавараў у агульным экспарце тавараў паменшылася з 71,3% да 64%, доля імпарту ў агульным імпарце — з 76,7% да 70,3%. Адмоўнае сальда па гэтай групе павялічылася з мінус 1,4 мільярда долараў да 4,8 мільярда.

Круць-верць, верць-круць — вынік адмоўны. Калі б хто падкінуў растваральнікаў для льготнага перапродажу, то можна было б жыць. Дастаткова было б сказаць, што Лукашэнка вывеў Беларусь на дадатнае сальда, і большасць зноў убачыла б у ім цудатворцу. Але ж пры існых абставінах нічога не атрымліваецца, дый не атрымаецца.

Напачатку сваёй суверэннай гісторыі Беларусь умела зарабляць у той эканамічнай сістэме, якая была. А зараз не ўмее, бо даўно створаны новыя абставіны для гаспадарання, а Беларусь іх не ўлічвае. Замест гэтага мацуе некалі вызначаныя прыярытэты. Знешні гандаль, сельская гаспадарка, будаўніцтва.

Будавалі аграгарадкі, стваралі комплексы — аказалася, што моладзь там не хоча ні жыць, ні працаваць. Ужо не толькі спецыялісты, але і высокія чыноўнікі панікуюць, што ў значнай колькасці гаспадарак не хапае спецыялістаў і звычайных жывёлаводаў.

Людзі (як кажа Лукашэнка, «народзец»), імкнуцца жыць лепей «зараз і цяпер». Некалькі год таму «народзец» (як лічыў Лукашэнка) падарваў фінансавую сістэму краіны, выдаткаваў свае грошы на іншамаркі — ды так, што давялося ратавацца трайной дэвальвацыяй. А зараз зноў пачалі купляць не столькі «беларускае», колькі імпартнае. Доля імпарту спажывецкіх тавараў у агульным імпарце краіны падвысілася з 12,5% да 17,2%, сальда па гэтай групе пагоршылася на 0,83 мільярда долараў.

У структуры экспарту-імпарту прамежкавыя тавараў, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці, складаюць да 70% таваразвароту і маюць самае вялікае і адмоўнае сальда. У адрозненні ад іх, доля харчовых тавараў у агульным экспарце складае 13,8%, у імпарце — 6,3%. Атрымоўваецца, што на самай справе харчовы экспарт з’яўляецца ледзь не асноўнай крыніцай валютная выручкі пры дадатным сальда.

І гэта не добра, а вельмі дрэнна. Бо харчовая прамысловасць не мае моцы, каб пацягнуць за сабой усю прамысловасць.

А наогул, каб выйсці на прагнозныя 7 мільярдаў за экспарт сельгаспрадукцыі, трэба ці істотна падвысіць фізічныя аб’ёмы паставак, ці змусіць плаціць расійскіх спажыўцоў двайную цану за беларускія харчы.