Сістэма безгаспадарнасці
Д’ябал хаваецца ў дэталях. Часам адно вузкаспецыялізаванае і не вельмі цікавае шырокаму колу чытачоў інтэрв’ю можа расказаць пра сітуацыю больш, чым дзясяткі «папулярных» артыкулаў.
На гэтым тыдні такім матэрыялам стаў расказ пра планы сваёй структуры кіраўніка прадстаўніцтва Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) у Мінску Аляксандра Піваварскага.
Па яго словах, банк працягвае перамовы з уладамі Беларусі па перадпрыватызацыйнай падрыхтоўцы некаторых банкаў і кампаній рэальнага сектара.
Пад першым нумарам ідзе пытанне ўваходжання Еўрапейскага банка ў акцыянерны капітал дзяржаўнага «Белінвестбанка», паведаміў Піваварскі. У канцы мінулага года дзяржбанк атрымаў ад ЕБРР субардынаваны крэдыт у памеры 50 мільёнаў еўра, які можа быць трансфармаваны ў акцыі. Пытанне ўваходжання ЕБРР у капітал «Белінвестбанка» плануецца абмяркоўваць не раней атрымання пацверджанай аўдытарамі справаздачнасці па МСФС за 2017 год (красавік–май 2018 года). Будуць агаворвацца ўмовы ўдзелу ЕБРР у статутным капітале беларускага дзяржбанка і пачаты работы па пошуку стратэгічнага інвестара.
Падаецца, гэта сумна і не цікава. Калі не ўзгадаць, што прыватызацыя дзяржаўных банкаў была ўмовай даўняй яшчэ «лібералізацыі» 2008 года. І пад гэтыя планы мы тады нават атрымалі крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонду на тры з паловай мільярды долараў. Прайшло 10 гадоў! За гэты час мы ані на крок не прасунуліся ў «лібералізацыі». І не факт, што прасунемся цяпер.
Па словах Піваварскага, у найбольшай стадыі гатоўнасці знаходзіцца праект па прыцягненні стратэгічнага інвестара на цэментавы завод у Краснасельскім. «Цяпер перамовы ідуць паміж урадам і стратэгічным інвестарам. Калі яны дамовяцца, то мы гатовыя пракрэдытаваць інвестара ў выпадку неабходнасці», — сказаў банкір.
Стоп-стоп! Выбачайце, мы столькі хваліліся мадэрнізацыяй нашай цэментавай галіны! Навошта раптам «Краснасельскбудматэрыялам» спатрэбіўся стратэгічны інвестар, і што ён будзе рабіць на цалкам мадэрнізаваным прадпрыемстве? Навошта гэтаму інвестару яшчэ і крэдыт ЕБРР?
Гэта азначае, што мадэрнізацыя і цэментавай галіны не дала вынікаў — грошы былі выдаткаваныя невядома на што і сышлі невядома куды. Па выніках першага квартала 2016 года, паводле інфармацыі нашага Мінфіна, мадэрнізаваныя «Краснасельскбудматэрыялы» ўвайшлі ў топ-10 стратных беларускіх прадпрыемстваў. Дык куды падзеліся грошы на мадэрнізацыю?
І галоўнае — хто адкажа за такую мадэрнізацыю, калі пасля яе трэба шукаць на прадпрыемства стратэгічнага інвестара?
На першапачатковай стадыі, як кажа Піваварскі, — і перамовы па прыватызацыі фабрыкі «Блакіт». Гэта тэкстыльная фабрыка, якая, як пазначана на сайце прадпрыемства, з’яўляецца «найбуйнейшым вытворцам тэкстыльнай прадукцыі ў Еўропе і краінах СНД». Тэкстыльную прамысловасць мы, падаецца, таксама нядаўна мадэрнізавалі. І што?
ЕБРР таксама мае намер дапамагчы дзяржпрадпрыемствам палепшыць сістэму карпаратыўнага кіравання і павысіць узровень камерцыялізацыі іх дзейнасці. Пілотны праект можа быць рэалізаваны на прыкладзе дзяржхолдынгу «Белаўтадор», які паспрабуюць ператварыць у камерцыйна арыентаваны, з сістэмай карпаратыўнага кіравання і фінансавай справаздачнасцю, адпаведнымі міжнародным стандартам, расказаў Піваварскі.
У холдынг «Белаўтадор» уваходзяць 11 прадпрыемстваў, і ён адказвае за стан дарог у Беларусі. Менавіта яму, па ідэі, павінен ісці той «транспартны падатак», якім так незадаволеныя аўтааматары Беларусі. Яшчэ б ім быць задаволенымі! Мы ўжо казалі, і паўтараем: гэты падатак бяруць два разы. Адзін раз у выглядзе акцызу на бензін, другі раз — уласна «за допуск да руху транспартнага сродку». Па ідэі, «Белаўтадор» павінен купацца ў грошах, але, як высвятляецца, патрабуе дапамогі ад ЕБРР.
Дык куды ж ідзе той самы «транспартны падатак»? Калі «Белаўтадор» мае патрэбу ў банкаўскай дапамозе, грошы з падатку сыходзяць яўна не на дарогі…
Такім чынам, адно, на першы погляд, малацікавае шырокаму колу чытачоў інтэрв’ю выкрывае поўную нягегласць беларускай эканамічнай мадэлі. Яна заключаецца ў невыкананні ўзятых на сябе абавязальніцтваў, правале мадэрнізацыі, растранжырванні сродкаў, непразрыстасці расходавання падаткаў — і гэтак далей і далей. Карацей, поўная безгаспадарнасць, якую трэба выпраўляць з дапамогай ЕБРР.
Таму не дзіўна, што Сінявокая пляцецца ў хвасце сусвету. Беларусь заняла 72-е месца ў штогадовым рэйтынгу лепшых краін свету, падрыхтаваным амерыканскім выданнем U.S. News & World Report. У параўнанні з рэйтынгам 2017 года, які ўлічвае дзясяткі розных параметраў, наша краіна апусцілася на дзве пазіцыі сярод 80 краін.
Першае месца ў рэйтынгу заняла Швейцарыя, Канада і Германія апынуліся на другім і трэцім радках, ЗША сталі сёмымі. Ніжэй за Беларусь знаходзяцца Пакістан, Ліван, Нігерыя, Іран, Ангола і Алжыр.
Фота з сайта trinixy.ru
І яшчэ адна навіна, якая яскрава ілюструе беларускую гаспадарку. Украінскі сайт segodnya.ua паведаміў, што экспарт украінскай бульбы ў Беларусь за год вырас крыху больш чым удвая (у 2,1 разы) і ў грашовым выразе абышоўся Сінявокай у 2,6 мільёна долараў. Прычым, наша краіна з’яўляецца найбуйнейшым пакупніком гэтага прадукту ва Украіны — на Беларусь прыпадае 75,4% ад усяго экспарту ўкраінскай бульбы.
Гэта пры тым, што Украіна займае чацвёртае месца ў свеце па вытворчасці гэтага караняплода. Беларусь жа — толькі 10-я па вытворчасці бульбы.
Можна было б задацца пытаннем: «І яны нас называюць бульбашамі?» Але насамрэч іронія будзе сумнай. Таму што гэта нагадвае часы СССР перыяду застою, калі мы так ганарыліся сваімі ўраджаямі, «Паднятай цаліной» і Чарназем’ем, але вымушаныя былі закупляць жыта ў Канадзе і ЗША. І чым гэта скончылася для Савецкага Саюза, добра вядома — дзяржава перастала існаваць.
Беларусь зараз таксама праводзіць штогадовую «бітву за ўраджай», да пачатку якой, дарэчы, засталося крыху больш за месяц. І мы таксама выдатна адсправаздачваемся пра «харчовую бяспеку». А насамрэч — нават бульбу, нацыянальны беларускі прадукт — закупляем у суседзяў.
Такая ў нас безгаспадарная гаспадарка.