Саюз без майткоў
На гэтым тыдні галоўнай навіной, што горача абмяркоўвалася, стала забарона на тэрыторыі краін Мытнага саюза вытворчасці, увозу і продажу карункавых майткоў. Нішто сабе падаруначак пад 8 сакавіка!
Негіграскапічныя
Забарона была выкліканая тым, што прадукцыя не адпавядае тэхрэгламенту Мытнага саюза, патлумачыў, канешне ж, мужчына, міністр па пытаннях тэхнічнага рэгулявання Еўразійскай эканамічнай камісіі Валер Карашкоў. Тэхрэгламент усталёўвае розныя патрабаванні да вытворчасці і продажы бялізны. Бялізна з поліяміду, нейлону і поліэстэру адпавядае ўсім яго патрабаванням, акрамя аднаго — гіграскапічнасці (здольнасці прыбіраць вільгаць). У тэхрэгламенце ўсталяваны ўзровень 6%, але сподняя бялізна з поліаміду, нейлону і поліэстэру мае ўзровень гіграскапічнасці каля 3–3,6%.
Жанчыны ва ўсіх трох краінах сталі адстойваць сваё права насіць шкодныя негіграскапічныя майткі. У Казахстане некаторыя дамы нават выйшлі на дэманстрацыю, маючы на галаве ў якасці ўпрыгожвання гэтыя самыя прадметы інтымнага характару.
Але за майткамі ўзнікла іншае пытанне: а што за звер такі — Мытны саюз? І што мы ўвогуле ад яго займелі?
Усё для дзяржавы
Мытны саюз існуе з 2010 года. Па ідэі, гэтае стварэнне павінна было палепшыць умовы працы для вытворцаў трох краінаў — Беларусі, Расіі і Казахстану, уніфікаваўшы ўсе мытныя зборы і пошліны. Адпаведна, павінны быць уніфікаваныя і розныя прамежкавыя дакументы, кшталту тэхрэгламентаў выпуску прадукцыі — яна павінна быць аднолькава бяспечнай ва ўсіх трох дзяржавах.
Выгаду з уваходжання ў Мытны саюз Беларусь, перш за ўсё, атрымала ў паніжэнні мытаў на нафту і газ. «Беларусь толькі за кошт зніжэння цэнаў на энерганосьбіты пры далучэнні да Мытнага саюза пры яго стварэнні атрымала плюс 16 адсоткаў ВУП», — хваліўся прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 12 ліпеня 2013 года ў Ялце на прэс-канферэнцыі са сваім украінскім калегам Віктарам Януковічам.
«За гэтыя тры гады Беларусь нарасціла экспарт у Казахстан, калі параўноўваць долю ў казахстанскім імпарце, на 15%, гэта значыць павялічыла сваю прысутнасць на казахстанскім рынку на 15%, на расійскім рынку — на 20%. Эфект ад Мытнага саюза відавочна адбіваецца на беларускім экспарце», — прыкладна тады ж казаў міністр па гандлі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Андрэй Сляпнёў.
Аднак яшчэ Марк Твэн казаў: «Ёсць хлусня, ёсць вялікая хлусня, і ёсць статыстыка». І вышэйпрыведзеныя лічбы — якраз статыстыка паводле Твэна. Аб'ём знешняга гандлю таварамі дзяржаў-сябраў Мытнага саюза з трэцімі краінамі, па апошніх дадзеных (студзень-лістапад 2013 года), паменшыўся на 0,7%, або на 5,7 мільярда долараў, гаворыцца ў матэрыялах ЕЭК. Паводле падлікаў эканаміста Леаніда Заікі, толькі за першае паўгоддзе 2013-га Беларусь страціла 17% свайго экспарту, Казахстан — 14%, а Расія — 5%.
Ні сабе, ні людзям
Што тычыцца людзей, то самым гучным вынікам «братэрства» у МС стала значнае павышэнне ўвазных пошлін на аўтамабілі — іх зраўнялі з расійскімі. Каб паспець да падаражання, беларусы кінуліся купляць тое, на што хапала грошай, і ўзнік валютны крызіс 2011 года. Зараз мала хто здольны абнавіць асабісты аўтапарк — без 10 тысяч долараў на аўтарынку рабіць няма чаго.
Не менш гучным вынікам стала ўвядзенне сертыфікатаў адпаведнасці прадукцыі тэхрэгламенту Мытнага саюза для прадпрымальнікаў. Ад вялікага розуму беларускія (і толькі беларускія) улады запатрабавалі, каб кожны прадпрымальнік меў такія сертыфікаты на сваю прадукцыю лёгкай прамысловасці ў абавязковым парадку. З-за складанасці і даражэзнасці экспертызаў у мінулым годзе даходзіла аж да страйкаў прадпрымальнікаў. У выніку гэтая норма была «адкладзеная» да лета 2014 года, але ніхто не дасць гарантыі, што сітуацыя не паўторыцца.
Калі Расія ў межах МС «падаравала» нам танныя энерганосьбіты, можна было б чакаць, што ў нас будуць зніжацца кошты на бензін, ЖКГ і іншае. Атрымліваецца наадварот — паслугі ЖКГ у 2013 годзе падаражэлі амаль на 40%. Бензін даражэў у мінулым годзе пяць разоў: спажывецкія цэны на АІ–95 у Беларусі ў 2013 годзе выраслі на рэкордныя для краін Мытнага саюза 20%. Пры гэтым у Расіі кошт на бензін вырас на 5,9%, прыкладна на столькі ж — у Казахстане.
Адпаведна, амаль удвая вырас праезд у грамадскім транспарце.
Зраўняліся з расійскімі, чытай — выраслі, кошты ў Казахстане і Беларусі на цэлы шэраг прадуктаў харчавання і вытворчасці, перш за ўсё на малако і хлеб.
Нам абяцалі, што, да прыкладу, беларускія трактары і МАЗы з БелАЗамі будуць з рукамі адрываць у бязмытных Расіі і ў Казахстане, аб’ёмы вытворчасці вырастуць, а ўслед за імі і заробкі.
Адбылося ўсё гэта «з дакладнасцю да наадварот»: адна з пастаноў расійскага ўрада адмяніла прэферэнцыі ў 15% для беларускай сельгастэхнікі і такім чынам практычна закрыла ёй доступ на расійскі рынак. З-за ўвядзення ў Расіі ўтылізацыйнага збору на тэхніку на 18% падаражэе МАЗ.
А што тычыцца жаночых майткоў, то толькі ў 2011 годзе самы вядомы вытворца беларускай жаночай бялізны — СП «Мілавіца» з-за пошлін Мытнага саюза страціла 2,5 мільёна еўра. Матэрыялы для вытворчасці гарсэтных вырабаў імпартуюцца прадпрыемствам з 16 краін свету. Да ўступлення ў сілу правілаў Мытнага саюза сярэдняя мытная пошліна на імпартаваныя матэрыялы складала для «Мілавіцы» 4,5%, а пасля пачатку дзеяння МС яна вырасла да 12,5%. Павышэнне пошлін паставіла пад пагрозу цэнавую канкурэнтаздольнасць беларускага вытворцы.
Карацей, ніякай карысці, апроч шкоды, ад Мытнага саюза мы не зазналі. Танныя кошты на нафту і газ, на жаль, ніякім чынам не адбіліся на простых жыхарах Беларусі.
А што з бялізнай?
Пакуль што карункавыя майткі з продажу не знікаюць. Той жа самы Валер Карашкоў патлумачыў, што да 1 ліпеня 2014 года ідзе «пераходны перыяд», і дапускаецца вытворчасць і выпуск у абарачэнне майткоў па раней выдадзеных сертыфікатах адпаведнасці.
З іншага боку, міністр па пытаннях тэхрэгулявання ЕЭК прапануе вытворцам крышачку махляваць: альбо выкарыстоўваць больш дарагія і якасныя тканіны, альбо ўключаць у канструкцыю ўстаўкі з цалкам гіграскапічных матэрыялаў. Такім чынам атрымоўваецца дамагчыся, каб у цэлым па вырабе паказчык гіграскапічнасці адпавядаў нормам.
Таксама Еўразійская эканамічная камісія гатова разгледзець прапановы аб унясенні змяненняў у тэхрэгламент аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці ў той частцы, якая тычыцца патрабаванняў да нацельны бялізны. «Тэхрэгламент — не догма, і мы з задавальненнем можам прыняць і разгледзець любыя змены ў яго», — паведаміў Карашкоў, адзначыўшы, што на сённяшні момант такіх прапаноў няма. «Калі такія прапановы паступяць, мы зробім усё магчымае, каб у самыя кароткія тэрміны іх разгледзець і прыняць адпаведныя рашэнні», — падкрэсліў Карашкоў, дадаўшы, што такая працэдура можа заняць некалькі месяцаў.
Але, у сувязі са скандалам наконт сподняй бялізны, варта ўсё ж задумацца больш глабальна: ці патрэбны нам такі саюз, які пакідае нас без майткоў?