Пракаповіч паклаў Нацбанк на лапаткі

Дзеля дасягнення эфемернай мадэрнізацыі, мы працягваем наступаць на старыя граблі. Наглядчык за мадэрнізацыяй Пётр Пракаповіч у чарговы раз паклаў сваё былое ведамства — Нацыянальны банк — на абедзве лапаткі.



timthumb_php2.jpg

Шыльда Нацбанка

Справа ў тым, што на мадэрнізацыю патрэбныя грошы. Пажадана, танныя крэдыты ад банкаў. Патаннець яны могуць, толькі дзякуючы зніжэнню стаўкі рэфінансавання. І вось ужо трэці раз за год Нацбанк зніжае гэтую стаўку. З 15 мая яна складзе 25%.

У цяперашні час стаўка рэфінансавання складае 27% гадавых, Нацбанк зніжаў яе двойчы ў бягучым годзе — 17 красавіка і 13 сакавіка, кожны раз на 1,5%. Чарговае паніжэнне стаўкі рэфінансавання Надзея Ермакова тлумачыць дзікімі поспехамі беларускай эканомікі. Нібыта, інфляцыя ў красавіку ў нас была ніжэй за прагнозныя паказчыкі, а рост ВУП за першы квартал года склаў 3,5%.

Ужо першае зніжэнне стаўкі рэфінансавання выклікала заклапочанасць Міжнароднага валютнага фонду. Паніжэнне стаўкі на 1,5% МВФ назваў «заўчасным», бо неўтаймаваная інфляцыя. Пра гэта ўголас кажуць і банкіры. На канферэнцыі «Эканамічная трансфармацыя — стратэгія развіцця» сябра праўлення ААТ «Белгазпрамбанк» Уладзімір Сажын заявіў, што краіна можа наступіць на тыя ж граблі, што і ў 2011 годзе.

Для яго відавочна, што высокія тэмпы зніжэння стаўкі рэфінансавання ў Беларусі выклічуць адток рублёвых укладаў. Цяпер фізічныя асобы захоўваюць на дэпазітах 87 трыльёнаў рублёў, або 10 мільярдаў долараў. Большая частка з іх — у доларах, рублёвая частка дэпазітаў складае 20 трыльёнаў рублёў, або 2,5 мільярда долараў. Рух у бок зніжэння стаўкі рэфінансавання ён назваў «страшным момантам». «Стаўка рэфінансавання ўпала на 3 працэнтных пункта, і застаецца рэальна станоўчай, у тым ліку ў частцы дэпазітаў. Гэта не пахіснула жадання фізічных асоб захоўваць грошы, але запал скараціла. Дэпазіты зменшыліся не на 3%, як упала стаўка, а на 4,5% — гэта вялікія грошы», — заўважыў банкір.

Выступоўца яшчэ раз падкрэсліў, што, зыходзячы з усіх базавых паказчыкаў, макраэканамічная сітуацыя ў краіне застаецца «вельмі далікатнай, і яна рэальна прымушае ўрад жыць па сродках». «Як толькі мы пакажам, што гатовыя рухацца з вялікім энтузіязмам да паніжэння стаўкі, і могуць быць прыняты адпаведныя дзеянні, магчымыя ўцёкі ад рубля перыяду пачатку 1990-х гадоў, калі беларускі рубель не выконваў ні адной сваёй функцыі», — сказаў Сажын.

«Павярнуцца тварам да прадпрыемстваў» загадаў Нацбанку Аляксандр Лукашэнка. І Нацбанк вымушаны выконваць гэтыя загады, нягледзячы на тое, што і там разумеюць памылковасць такой палітыкі.

Але ж і Пётр Пятровіч Пракаповіч на гэтым не спыніўся. Яму мала адной рызыкі, ён дадае яшчэ і іншую — рызыку інфляцыі. На тыдні ён запэўніў Лукашэнку ў «рэальнасці» выхаду да канца года на сярэднюю штомесячную зарплату 650–700 долараў. Паводле Пракаповіча, такую зарплату дасць магчымасць забяспечыць «безумоўнае» дасягненне прагнознага на 2013 год паказчыка па гарантаванай выручцы на аднаго занятага ў эканоміцы ў памеры не менш за 48 тысяч долараў у год.

Аднак, якім чынам улады маюць намер выканаць паказчык па выручцы, Пракаповіч не ўдакладніў. Пэўна, не паведаміў ён прэзідэнту і пра тое, што складскія запасы ў красавіку працягвалі расці. У параўнанні са студзенем-лютым 2012 года ў цэлым па прамысловасці чысты прыбытак знізіўся на 41,6%, рэнтабельнасць — з 11,2% да 7,7%. У такой сітуацыі разлічваць «гарантаваную выручку» можа альбо хлус, альбо вар’ят.

Значыць, заробак у 650 долараў, які ўжо паабяцаў Пракаповіч, будзе зноў дасягацца ўключэннем машынкі для друку грошай. Чым заканчваецца напампоўванне эканомікі пустымі грашыма ў выглядзе крэдытаў прадпрыемствам і неабгрунтаваным ростам заробкаў, мы ўсе ведаем: інфляцыяй і дэвальвацыяй.

Няўжо гэтага не разумеюць ва ўрадзе або ў Нацбанку? Пэўна, выдатна разумеюць. Але ў прэзідэнта новая гулька — «мадэрнізацыя». І зараз усё павінна быць скіраванае для дасягнення гэтай мэты.

Што ж рабіць, каб краіну зноў не напаткаў фінансавы калапс? Пэўна, выйсце толькі адно: сабатаж. Нацбанку не трэба звяртаць увагі на ціск урада і не паніжаць стаўку рэфінансавання. Ураду ж трэба клапаціцца не пра тое, каб выціснуць грошы з беларускіх банкаў, а пра тое, як выціснуць іх з іншых краінаў. Пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць беларускіх прадпрыемстваў расце: у лютым яна павялічылася на 5,1% і на 1 сакавіка 2013 года склала 20 трыльёнаў рублёў, альбо тыя ж 2,5 мільярда долараў. Плюс, распрадаць складскія запасы — і ўвогуле ніякія крэдыты на мадэрнізацыю не спатрэбяцца.

Альбо трэба запаволіць тэмпы мадэрнізацыі. Канешне, прэзідэнт за гэта па галоўцы не пагладзіць. Але пакрычыць і супакоіцца.

Не верыце? Паглядзім на ветэрана мадэрнізацыі — сельскую гаспадарку. У жніўні мінулага года кіраўнік дзяржавы паставіў перад вертыкаллю задачу «пераўтварыць малочна-таварныя фермы ў малочна-таварныя комплексы». Тэрмін выканання — канец 2012 года. Колькасць ферм, якія падлягаюць рэканструкцыі, — 1200. Сёлета міністр сельскай гаспадаркі і харчавання далажыў, што з запланаваных 1,2 тысячы ўведзена ў строй 526 ферм, ці 44% ад задання. Разам з тым, частка з іх уведзена толькі пускавымі комплексамі, а цалкам гатовых і адпаведных патрабаванням ферм, з усім абсталяваннем і даільнымі заламі, і таго менш. Гэта значыць, мадэрнізацыя фактычна правалена.

Больш за тое, па словах прэзідэнта, мадэрнізацыя сельскай гаспадаркі ідзе ўжо дзве пяцігодкі. Аднак, як сказана ў пасланні прэзідэнта ў гэтым годзе, мы да гэтага часу не можам выйсці на бясстратную працу ўсіх гаспадарак. Без уліку дзяржпадтрымкі, прыкладна траціна ад агульнай колькасці сельскіх гаспадарак з’яўляюцца стратнымі. І ніхто за гэта асаблівай адказнасці не панёс.

Дык ці варта руйнаваць эканоміку дзеля такой мадэрнізацыі?