Прадпрымальніцкага страйку не будзе

Нават калі ў Беларусі адбудзецца ядзерны выбух, першае, што мы пабачым — гэта прадпрымальніка, які вылез з-пад аскепкаў і спытаў: «А што гэта было, і як працаваць далей?»  



nezakonnaya_finansovaya_deyatelnost.jpg

Такое ўражанне склалася пасля абмеркавання сённяшняй сітуацыі з прадпрымальніцтвам у Беларусі, што прайшло на пасяджэнні экспертнага клуба Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Самі прадпрымальнікі распавялі, што яны будуць рабіць пасля 1 снежня, — пасля таго, як улады, парушаючы ўласныя дамоўленасці, маюць увесці ў дзеянне сертыфікацыю тавараў лёгкай прамысловасці па тэхрэгламенце Мытнага саюза.

Прыкрыць тылы

Чаму ўлады адмовіліся ад сваіх дамоўленасцяў? Раней, яшчэ ўлетку, прадпрымальнікі і ўлада дасягнулі кансенсусу: увод тэхрэгламента МС адкладаецца да 1 чэрвеня 2014 года. Але ж нядаўна Пётр Пракаповіч заявіў: сертыфікацыя павінна адбывацца з 1 снежня. І кропка.

Каардынатар кампаніі «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Алесь Таўстыка не выключыў у такіх дзеяннях і палітычнага аспекту. «З аднаго боку — гэта спроба паказаць Расіі, што мы нават насуперак уласным інтарэсам працягваем рух па шляху інтэграцыі, і на гэтым руху сутыкаемся з перашкодамі. Але застаемся вернымі хаўруснікамі і прыхільнікамі інтэграцыйных працэсаў. А з іншага боку — нядаўна нават прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч выказаў думку, што пакуль што Беларусь атрымлівае ад Мытнага саюза больш шкоды, чым карысці. Магчыма, такімі дзеяннямі ўлада падштурхоўвае «тарпедаванне» саміх ідэяў Мытнага саюза і ў перспектыве Еўразійскага саюза. Самі ўлады народ на плошчы не выведуць — працоўныя з прадпрыемстваў туды проста не пойдуць. Таму вырашылі падштурхнуць прадпрымальнікаў выйсці на плошчу з лозунгамі пра тое, што Мытны саюз нам не патрэбны», — мяркуе Таўстыка.

«Напрыканцы года, як вядома, кожнае міністэрства і ведамства павінна даць справаздачу аб дзейнасці за год. Гэта павінна зрабіць і Міністэрства гандлю. Ад гэтага залежыць, якое фінансаванне гэтае міністэрства атрымае на наступны год, ці будзе яно «аптымізавана». Дарэчы, нават прэзідэнт казаў, што задумваўся над патрэбнасцю яго існавання. Падчас скарачэння дзяржаўнага апарата гэтае пытанне няпростае», — лічыць прадпрымальнік Мікалай Рамашын.

Пахваліцца ж Мінгандлю няма чым. Праграма па стварэнні аптовых базаў для прадпрымальнікаў паспяхова правалена. Заканадаўства ў межах Мытнага саюза не ўніфікаванае (з чаго, дарэчы, і пайшлі праблемы прадпрымальнікаў). З праграмамі разгрузкі складоў і рэалізацыі беларускай прадукцыі — поўны швах. І хаця б частку сваіх праблемаў чыноўнікі вырашылі перакласці на чужыя плечы.

Для каго адтэрміноўка?

На думку прадпрымальнікаў, раптоўны канец адтэрміноўкі па сертыфікацыі выкліканы тым, што чыноўнікі распісваюцца ва ўласнай некампетэнтнасці.

«Трэба разумець, што гэта не для прадпрымальнікаў адтэрміноўка, а для чыноўнікаў. Адтэрміноўка даецца для таго, каб, калі ўжо на самым высокім узроўні мы падпісалі пагадненне пра Мытны саюз, то трэба прывесці заканадаўчую базу да адзіных прынцыпаў у адпаведнасці з патрабаваннямі Мытнага саюза. Для таго і даецца адтэрміноўка», — заўважыў Рамашын.

Але гэтага зроблена не было ні падчас першай адтэрміноўкі, ні зараз. Адпаведна, нават органы Мытнага саюза прымаюць рашэнне, што сертыфікацыя абавязковая толькі для вытворцаў і буйных аптавікоў, а не для ІП, а беларуская ўлада вырашае ўсё па-свойму. На рынках той жа Расіі, напрыклад, немагчыма ўзяць сертыфікаты Мытнага саюза — там іх не мае амаль ніхто.

Зараз Мінгандаль такім чынам перакладае адказнасць за хібы ў сваёй заканадаўчай дзейнасці на прадпрымальнікаў.

І не толькі ў заканадаўчай. Эканаміст Леў Марголін працытаваў пратакол па выніках нарады ўрада па гэтым пытанні, падпісаны Пракаповічам. З яго вынікае, што прадпрымальнікі, нібыта, так і не зразумелі, чаго ад іх хочуць. А таму прапануецца узмацніць тлумачальную работу, а таксама Мінгандлю прыняць захады па наўпроставых пастаўках у Беларусь тавараў, а самае цікавае — прыняць захады па рэалізацыі прадпрымальнікамі тавараў айчыннай вытворчасці.

То бок, прадпрымальнікаў будуць абавязваць «разгружаць склады». І нікога не цікавіць, што на рынкі людзі ідуць за той прадукцыяй, якую не здолелі набыць у крамах.

Карупцыя

Што ж тычыцца самой сертыфікацыі, то, на думку Мікалая Рамашына, не ў малой ступені тут задзейнічаны і карупцыйны складнік.  

«Памятаеце, ускладняліся санітарныя патрабаванні? А абавязковы ўвод касавых апаратаў, калі раптам ўзнікалі фірмы, якія бралі па 10–20 долараў за штомесячнае абслугоўванне тэхнікі, нібыта, на яе гарантыі не існавала? Зараз — тое ж самае. У інтэрнэце ўжо з’явіліся аб’явы для прадпрымальнікаў кшталту: «Дапамагу з хуткай сертыфікацыяй», і гэтак далей. Я не выключаю, што гэтую дапамогу аказваюць блізкія да чыноўніцтва людзі, якія такім чынам вырашылі падзарабіць», — лічыць Рамашын.

Ужо былі выпадкі, калі нібыта «сертыфікаваныя» тавары не адпавядалі ніякім стандартам якасці. Такім чынам, сертыфікацыя можа ператварыцца ў яшчэ адну карупцыйную «кармушку» для чыноўніцтва і блізкіх да іх людзей.

Будзем працаваць

Адзінагалосна прадпрымальнікі выказаліся ў тым рэчышчы, што пасля 1 снежня рынкі не зачыняцца. Прадпрымальнікі сваю працу прадоўжаць — насуперак усім намаганням улады. І працаваць яны нават будуць больш-менш легальна.

«Па-першае, пакуль яшчэ няма дакумента пра тое, што з 1 снежня ўсе прадпрымальнікі, якія гандлююць таварамі лёгкай прамысловасці, павінны мець сертыфікаты на сваю прадукцыю, — адзначыла прадстаўнік арггрупы па стварэнні прадпрымальніцкага прафсаюза «Разам» Ірына Яскевіч. — Нават калі такі дакумент з’явіцца, то існуюць і іншыя акты, і ўказ прэзідэнта пра адтэрміноўку да 1 чэрвеня 2014 года».

Па-другое, ніхто не забараняе без сертыфікацыі гандляваць «рэштай тавару». Па словах Яскевіч, прадпрымальнікі самі праводзяць інвентарызацыю, самі вызначаюць колькасць рэшты, а ва ўлады не існуе пакуль органа, які б гэтую «рэшту» кантраляваў. Тым больш, што менавіта ўлады прынялі рашэнне адмяніць для ІП кнігу ўліку руху тавараў. Да таго ж, «рэштай» могуць быць і тавары, якія на рынку не прысутнічаюць, — прыкладам, летняя калекцыя абутку і адзення. «Ёсць таксама і рашэнне Дзяржстандарту пра тое, што можна гандляваць «рэштай» да тае пары, пакуль не скончыцца тэрмін прыдатнасці, а некаторыя тавары ўвогуле такога тэрміну не маюць», — адзначае Яскевіч.

Апошні аргумент

А калі ўсё ж нейкія чыноўнікі пачнуць патрабаваць сертыфікаты Мытнага саюза з 1 снежня, то ў прадпрымальнікаў ёсць не толькі права на страйк.

Па словах той жа Яскевіч, шмат хто з такіх людзей па некалькі год не меў вызначанага Працоўным кодэксам адпачынку.

 «Таму мы не будзем пужаць улады рэвалюцыяй, пратэстамі і гэтак далей. Мы проста сыдзем у адпачынак на месяц, на два. Зоймемся сям’ёй, дзецьмі. А там хай чыноўнікі самі паглядзяць, хто каму больш патрэбны, ці сапраўды мы так мала падаткаў плацім, як ім здаецца, і што будзе з беларускім бюджэтам за гэты час», — патлумачыла Яскевіч.

Сапраўды, цікава, як будзе пачуваць сябе бюджэт, калі хаця б палова прадпрымальнікаў хаця б два месяцы не заплаціць падаткі.