Лукашэнкаўцы імкнуцца дабіцца планавага росту ВУП, але расплачвацца за гэта давядзецца ў 2024 годзе

ВУП выцягваюць прамысловасць і гандаль, а цягнуць уніз ІТ, транспарт і сельская гаспадарка, канстатуе тэлеграм-канал «Вашы грошы».

Ілюстрацыя ТГ-канала «Вашы грошы»

Ілюстрацыя ТГ-канала «Вашы грошы»

Тэмп росту валавога ўнутранага прадукту Беларусі ў студзені-верасні 2023 года склаў 3,5% у адносінах да аналагічнага перыяду мінулага года. Падобныя паказчыкі росту эканомікі аказаліся вышэйшымі за  прагнозы, якія раней давалі і дзяржаўныя, і незалежныя аналітыкі. Але што дазволіла такі рост сфарміраваць?

Галоўным чынам за ўздым эканомікі Беларусі за першыя тры кварталы адказвае сфера прамысловасці. З 3,5% росту на яе долю прыпадае 2,4%. Яшчэ адзін працэнт дадала сфера аптовага і рознічнага гандлю. Сюды таксама ўключаюць гандаль і рамонт аўто — сферу, якая пачала ажываць пасля глыбокага правалу мінулага года.

Яшчэ 0,4% росту стала заслугай будаўнічай сферы. На бягучы год урад ускладаў значныя надзеі на запуск новага інвестыцыйнага цыкла ў айчыннай эканоміцы, для чаго, па ўсёй бачнасці, не шкадуюць бюджэтных рэсурсаў. Як вынік, мы бачым хоць нейкі рост у будаўнічым комплексе.

Разам з тым, як мінімум тры важныя галіны да гэтага часу цягнуць эканоміку ўніз. У першую чаргу гэта IT, якая стала адной з галоўных пацярпелых ад спаду эканомікі мінулага года і цяпер працягвае апускацца ў глыбокі крызіс. Акрамя таго, адбілася негатыўная дынаміка ў сельскай гаспадарцы (на фоне горшага, чым летась, ураджаю) і стварыла праблемы ў сферы транспарту.

Цяпер беларуская эканоміка знаходзіцца літаральна за крок ад той планкі, якую хацелі дасягнуць чыноўнікі па выніках года цалкам (рост у 3,8%). Дасягнуць яе, па ўсёй бачнасці, магчыма. Аднак апошнія дзясятыя долі працэнта росту могуць дорага абысціся нам у пачатку будучага года, паколькі абяцаюць рост інфляцыі і назапашванне дысбалансаў у фінансавай сферы.


Глядзіце таксама

Пра высокую верагоднасць росту цэн у блііжэйшай будучыні кажуць і эксперты даследчага цэнтра BEROC. У свежай справаздачы яны адзначаюць падвышаныя рызыкі моцнага паскарэння інфляцыі ў 2024 годзе, нягледзячы на захаванне нізкай інфляцыі ў III квартале 2023 года.

Гадавая інфляцыя ў верасні абнавіла гістарычны мінімум на ўзроўні 2,0% адносна аналагічнага перыяду мінулага года, а квартальны прырост спажывецкіх цэн (з ліквідацыяй сезоннасці) у гэты перыяд заставаўся нізкім — 5, 3% у ліпені-верасні 2023 года. Татальны цэнавы кантроль пры гэтым працягваў перашкаджаць трансфармацыі інфляцыйнага ціску, які павялічыўся, з боку ўнутранага попыту і заробкаў у фактычны рост коштаў.

Ва ўмовах перагрэву эканомікі і ўзмацнення знешняга цэнавага ціску інфляцыя ў Беларусі паскорыцца ў чацвёртым квартале — да 5-6% на канец 2023 года, а эфекты залішне стымулявальнай унутранай эканамічнай палітыкі павялічацца ў 2024 годзе, у якім  інфляцыя прагназуецца ў памеры 8-10%.