Гандлёвая вайна ў стылі «хай-тэк»
Мяркуючы па ўсім, у 2017 год Расія і
Беларусь увойдуць не толькі з непагашаным нафтагазавым канфліктам, але і з
шэрагам іншых гандлёвых войнаў, да якіх далучаецца яшчэ адна — супраць
расійскіх вытворцаў бытавой тэхнікі.
Пастанова Савета міністраў №849 аб
сертыфікацыі ўвазной у Беларусь бытавой тэхнікі была прынята яшчэ 21
кастрычніка 2016 года. Паводле яе, з 1 лютага 2017-га ўся ўвазная ў Беларусь
бытавая тэхніка і кампутарная электроніка, а таксама сродкі сувязі і
алкагольныя напоі павінны сертыфікавацца.
Галоўнае тут тое, што патрабаванне ўрада распаўсюджваецца і на тавары расійскай
вытворчасці.
Першапачаткова на гэтую пастанову асаблівай увагі не звярнулі. І толькі ў самым канцы лістапада расейцы забілі трывогу. Асацыяцыя гандлёвых кампаній і таваравытворцаў электрабытавой і кампутарнай тэхнікі (РАТЭК) напісала ліст на імя першага віцэ-прэм’ера Расіі Ігара Шувалава. У ім гандляры, у прыватнасці, сцвярджаюць, што з 1 лютага «ўзнікае тэхнічны бар’ер у гандлі паміж дзяржавамі — чальцамі Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС)… Пастаўка бытавой тэхнікі з Расіі ў Беларусь праз два месяцы будзе абцяжараная».
Літаральна праз пару дзён ужо беларуская Асацыяцыя кампаній інфармацыйных тэхналогій (АКІТ) накіравала аналагічны ліст на імя прэм’ера Беларусі Андрэя Кабякова. У ім ужо беларускія кампаніі, якія зарабляюць на імпарце бытавой тэхнікі і электронікі, заявілі, што «пастанова паралізуе пастаўкі ў Беларусь бытавой тэхнікі, створыць дэфіцыт і ўмовы для росту шэрага рынка».
Абурэнне бізнэсоўцаў не засталося незаўважаным. 13 снежня на пасяджэнні ўраду пастанову №849 абмеркавалі зноў. Адзіны вынік таго абмеркавання — вусная заява віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі пра тое, што пачатак сертыфікацыі можа быць перанесены з 1 лютага 2017-га на 1 ліпеня 2018-га.
Але ці ўвасобіцца тая заява ў нейкі
дакумент? Тут ёсць моцны сумнеў. 26 снежня Аляксандр Лукашэнка не паехаў у
Расію на саміт ЕАЭС — той самы, на якім планавалася ўхваліць агульны Мытны
кодэкс. То бок у наступным годзе гандлёвыя войны паміж Мінскам і Масквой працягнуцца.
Таму і няма рэзону насамрэч пераносіць увядзенне сертыфікацыі.
Крыху гісторыі
Яшчэ некалькі гадоў таму завезеная па шэрых каналах бытавая тэхніка і электроніка ў Беларусі амаль дамінавалі на рынку. Замовіўшы ў інтэрнэт-краме ноўтбук або тэлевізар пакупнік з высокай верагоднасцю атрымліваў апарат з дакументацыяй на польскай мове — то бок афіцыйна імпартаваны ў Польшчу, а ўжо потым — неафіцыйна — увезены ў Беларусь. А вяртаючыся аўтобусам з Вільні, практычна заўсёды даводзілася бачыць дзелавой знешнасці мужычкоў, што цягнулі на карку велізарныя скрыні з плазменнымі тэлевізарамі вялікіх дыяганаляў.
Сітуацыя змянілася пасля валютнага крызісу снежня 2014-га і істотнага падзення курсу расійскага рубля. З таго часу стала больш зручна імпартаваць тэхніку з Расіі — тым больш, што за апошняе дзесяцігоддзе вялікая колькасць сусветна вядомых брэндаў пабудавалі ўласныя зборачныя вытворчасці ў РФ. Спрыяла развіццю цывілізаваных паставак і падпісанне дамовы пра стварэнне ЕАЭС. Увезеная па шэрых схемах бытавая тэхніка практычна перастала сустракацца на беларускім рынку (акрамя мабільных тэлефонаў і смартфонаў, якія ўсё роўна было больш выгодна заказваць з Кітаю).
Я пабачыў гэта на ўласным досведзе.
Набыты ў 2013 годзе тэлевізар LG быў з дакументамі на польскай мове, а
прыйшоўшы яму на змену паўтары гады таму Philips ужо быў сабраны у Расіі.
Чаго дамагаецца ўрад?
Зразумела, што прынятая пастанова — калі б яе не ўвялі ў дзеянне — значна ўскладніць жыццё імпарцёрам бытавой і кампутарнай тэхнікі, а таксама сродкаў сувязі і алкаголю. Дэ-факта аднаўляецца Нацыянальная сістэма пацвярджэння адпаведнасці, распрацаваная ў 2004 годзе замест Нацыянальнай сістэмы сертыфікацыі з улікам міжнародных і еўрапейскіх патрабаванняў.
Узнікае лагічнае пытанне: навошта гэта робіцца? Традыцыйную міністэрскую аргументацыю «для абароны айчыннага спажыўца» можна да ўвагі не прымаць, бо існуе Дамова аб звароце прадукцыі на тэрыторыі Мытнага саюза, якая пераследуе роўна тыя жа мэты. Да таго ж, пастанова №849 наўпрост супярэчыць Дамове аб Еўразійскім эканамічным саюзе, які ўказвае, што ўваходзячыя ў ЕАЭС дзяржавы забяспечваюць зварот прадукцыі без прад’яўлення дадатковых патрабаванняў і без правядзення дадатковых працэдур ацэнкі адпаведнасці.
Казаць пра «абарону айчыннага вытворцы», хай нават сумніўнымі метадамі, таксама не выпадае. Так, у Беларусі вырабляюцца мікрахвалёвыя печы, халадзільнікі, пральныя машыны і правадныя тэлефоны — як і разнастайны алкаголь. Але выпуск, напрыклад, тэлевізараў ужо цалкам сышоў на нішто: восенню 2015-га «Віцязь», і «Гарызонт» наогул спынялі іх вытворчасць. Кампутарная тэхніка, друкаркі-сканеры і іншыя разнастайныя гаджэты ў Беларусі наогул не вырабляюцца. Як і абсталяванне для сувязі: хіба толькі ADSL-мадэмы для кліентаў «Белтэлекама» у нас спрабуюць збіраць сумесна з «Промсвязью» кітайскія ZTE і Huawei — і гэта практычна ўсё.
Застаецца адзін варыянт — палітычны.
Гэта значыць, беларускія ўлады знайшлі «болевую кропку» расійскага бізнесу, які
пасля 1 лютага можа страціць немалыя прыбыткі. Па дадзеных Федэральнай мытнай
службы Расіі, аб’ём экспарту электратэхнікі з Расіі ў Беларусь за дзевяць
месяцаў 2016 года склаў каля 395 мільёнаў долараў. А калі сюды дадаць яшчэ і
алкаголь, лічба як мінімум падвоіцца. Чым не адказ на рэпрэсіі Рассельгаснагляду
ў дачыненні да беларускіх прадуктаў?
Што зараз будзе?
Афіцыйныя — белыя — пастаўшчыкі ў Беларусь бытавой тэхнікі і кампутарнай электронікі апынуцца ў вельмі цяжкім становішчы. Па-першае, як паказвае расійскае выданне РБК, працэдура сертыфікацыі яшчэ канчаткова не вызначаная. Нават Беларускі дзяржаўны інстытут стандартызацыі і сертыфікацыі пакуль не можа сказаць, якую колькасць асобнікаў з кожнай увезенай партыі неабходна будзе падаць на аналіз. Па дадзеных РБК, кошт сертыфікацыйнага даследавання для мікрахвалёвай печы складае 300 долараў, для пральнай машыны — ад 1,5 тысячы долараў, для посудамыйнай машыны — 3,5 тысячы долараў. Пры гэтым працэдура займае ад двух да пяці дзён, а праверка халадзільніка зойме дзесяць дзён і абыдзецца вытворцу ў 5,5 тысяч долараў.
Па-другое, «серыйная» сертыфікацыя праводзіцца толькі па заяўцы ад вытворцы з выездам экспертаў на завод-вытворцу і аплатай у валюце. Пры гэтым асобны сертыфікат давядзецца атрымліваць на кожную партыю, нават калі пастаўшчык увозіць адны і тыя ж мадэлі. «Шматгадовы досвед працы арганізацый з беларускімі органамі па сертыфікацыі дазваляе цвёрда ацаніць тэрмін правядзення сертыфікацыі ў 2,5-4 месяцы пры выдатках як мінімум 4-5 тысяч долараў», — гаворыцца ў звароце расійскіх гандлёвых кампаній да іх першага віцэ-прэм’ера.
Беларускія кампаніі-імпарцёры, зрэшты,
лічаць, што больш будуць пакутваць менавіта яны.
«Сітуацыя адаб’ецца першым чынам на беларускіх кампаніях. Яны ізноў пападаюць у няроўныя канкурэнтныя ўмовы з арганізацыямі з іншых краін Еўразійскага эканамічнага саюза, — за кошт падаражання выдаткаў на паралельную сертыфікацыю ў Беларусі. Апроч таго, кампаніі прайграюць канкурэнцыю «чарнавозам» і інтэрнэт-крамам, якія ў вялікай колькасці прадаюць тавар, увезены з Еўропы і Расіі, без выплаты падаткаў», — аргументуе ў лісце да Кабякова дырэктар АКІТ Зміцер Ананьеў.
На думку экспертаў Асацыяцыі, нават тэарэтычна да 1 лютага 2017 года не атрымаецца правесці сертыфікацыю стандартнага асартыменту. У прыватнасці, сертыфікацыя халадзільніка не толькі абыходзіцца вельмі дорага (7,2 тысячы дэнамінаваных рублёў) за мадэль, але і займае 25 сутак. Гэта значыць адзіны існуючы ў краіне выпрабавальны стэнд на шэсць месцаў нават пры поўнай загрузцы паспее сертыфікаваць да лютага толькі 18 мадэляў халадзільнікаў, пры тым што у продажы сёння прысутнічае каля 200 мадэляў.
Што мы атрымліваем у выніку? Адраджэнне «шэрых» і «чорных» схем імпарту ў Беларусь рознага кшталту электронікі, бытавой тэхнікі, кампутарнага абсталявання і алкагольнай прадукцыі. І цяпер нелегальны імпарт будзе ісці не толькі з Польшчы і Літвы, але і з Расіі. Балазе, мяжа з усходнім суседам застаецца адкрытай.