Цана сімвалічнага эканамічнага росту можа аказацца непад'ёмнай

У пятніцу Белстат адсправаздачыўся, што за студзень-травень ВУП Беларусі павялічыўся на 0,9%. Гэты больш чым сціплы вынік у многіх выклікаў захапленне. Аднак на самай справе кошт гэтага росту можа аказацца занадта высокім.

minsk___2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg


Паводле ацэнкі Міністэрства эканомікі, з плюсам спрацавалі практычна ўсе галіны. Прамысловасць вырасла больш чым на 4%, сельская гаспадарка — на 5,4%, аптовы і рознічны гандаль дадалі па 3%, інвестыцыі павялічыліся на 2,5%, прыводзіць лічбы «Беларусы і рынак».

«Такім чынам, эканоміка набрала добры тэмп. Ёсць усе перадумовы па выніках паўгоддзя не толькі дасягнуць, але і перавысіць паказчыкі мэтавага плана-2023», — сказаў, каментуючы статыстычныя дадзеныя, намеснік міністра эканомікі Андрэй Картун.

Улічваючы, што на гэты год урад прагназаваў рост эканомікі больш чым на 3%, захапленні з нагоды росту менш чым у 1% падаюцца некалькі перабольшанымі. Хоць Міністэрства эканомікі ў прынцыпе можна зразумець. З лютага 2022 года беларуская эканоміка толькі зніжалася. За 2022 год ВУП Беларусі ўпаў на 4,7%. За першы квартал гэтага года — на 2,1%.

З тэмпамі росту ніжэй за 1% беларускай эканоміцы давядзецца прайсці доўгі шлях нават для таго, каб выйсці на аб'ёмы да пачатку расійска-ўкраінскага канфлікту. Нават дружалюбныя эксперты Еўразійскага банка развіцця прагназуюць для Беларусі сёлета рост на ўзроўні 2,2%. Гэта значыць, у лепшым выпадку беларуская эканоміка здолее кампенсаваць толькі частку падзення.

Аднак сапраўдная праблема палягае не ў нізкіх тэмпах эканамічнага росту, а ў тым, які кошт за яго маглі заплаціць беларускія ўлады.


Кошт пытання

Яшчэ восенню мінулага года Нацбанк папярэджваў, што ў гэтым годзе яму могуць спатрэбіцца дадатковыя грашовыя ўліванні ў эканоміку. Рэгулятар прагназаваў рост сярэдняй шырокай грашовай масы на 12-16%, рублёвай грашовай базы на 10-12%. Нацбанк папярэджваў — Нацбанк зрабіў. А калі хто не схаваўся, то Нацбанк у гэтым не вінаваты.

На пачатак чэрвеня аб'ём наяўных грошай у абароце вырас да 8,2 млрд рублёў у параўнанні з 6,8 млрд на пачатак года. Пры гэтым за ўвесь мінулы год колькасць наяўных грошай павялічылася на 2 млрд рублёў. Шырокая грашовая маса вырасла з пачатку года на 4,7 млрд супраць росту на 6,9 млрд за 2022 год.

Такім чынам, ёсць даволі важкія падставы меркаваць, што Нацбанк уключыў «друкавальны станок». Што больш чым сціплы прырост валавога ўнутранага прадукту з'яўляецца вынікам не распачатага аднаўлення эканомікі, а вынікам яе накачкі таннымі грашыма, якія ў тым ці іншым выглядзе раздавалі дзяржаўным прадпрыемствам пад дзяржаўныя інвестыцыйныя праграмы.

У звычайных умовах такая палітыка магла б прывесці да разгону інфляцыі. Аднак, паводле звестак Белстата, у Беларусі адбывалася адваротнае. На пачатак чэрвеня інфляцыя ў гадавым выражэнні запаволілася да 3,7%.


Разгадка гэтай супярэчнасці — не біном Ньютана. З восені мінулага года ў Беларусі дзейнічаюць жорсткія абмежаванні на рост коштаў. МАРГ прызнаў, што без увядзення гэтых абмежаванняў гадавая інфляцыя ў 2022 годзе магла скласці блізу 20%. Гэта значыць, была б больш чым у паўтара разы вышэй за існуючы паказчык у 12,8%.

Улады, можна сказаць, накрылі кацёл і падаграваюць яго, падкідваючы ў агонь танныя грошы. Крышку добра б падняць, каб аслабіць нарастаючы ўнутры катла ціск. Аднак гэта небяспечна. За восем з паловай месяцаў у краіне назапасілася, з аднаго боку, занадта шмат адкладзенай інфляцыі, а з другога — танных грошай. І такое спалучэнне можа аказацца фатальным. Варта сур'ёзна аслабіць абмежаванні, і інфляцыя вырвецца вонкі. Больш за тое, яна можа быць і вышэй натуральнага ўзроўню, — з-за таго, што ўдзельнікі рынку будуць закладваць у кошт рызыкі ўвядзення новых абмежаванняў.

«Нельга цяпер лейцы апускаць і лічыць, што задача вырашана. Інакш можа чакаць інфляцыйны ўсплёск бліжэй да восені, — сказаў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. — Як і абяцалі, гэтая сістэма будзе існаваць ужо заўсёды, ну, прынамсі, доўга».

У нейкі момант ціск у катле можа аказацца занадта высокім і крышку проста сарве. І тады цана даволі сімвалічнага пакуль эканамічнага росту будзе непад'ёмнай.