Барыс Жаліба: Плаўная дэвальвацыя працягнецца, калі прыйдуць расійскія грошы

Некаторыя фінансавыя аналітыкі рабілі прагнозы, што пасля заканчэння чэмпіяната свету па хакеі ў Беларусі можа адбыцца рэзкая дэвальвацыя. Першынство закончылася — што далей чакае нацыянальную валюту?



big_836870.jpg

Фота newsland.com

Пра гэта карэспандэнту "Рады Рацыя" распавядае эканаміст Барыс Жаліба.

РР:Якія падставы былі меркаваць, што пасля хакейнага чэмпіянату беларускі рубель можа абваліцца?

Барыс Жаліба: Падставы былі, таму што з пачатку года залатавалютныя рэзервы Беларусі зменшыліся на 1,2 мільярды даляраў. Частка грошай пайшла на вяртанне пазыкаў, акрамя таго Нацыянальнаму банку патрэбна было займацца валютнымі інтэрвенцыямі, падкідваючы на біржу валюту са сваіх рэзерваў, каб дэвальвацыя была плаўная. А на час чэмпіянату Нацбанк адміністратыўна абмежаваў ваганне курса, каб турысты адчувалі стабільны беларускі рубель, і банкі выканалі гэтае ўказанне. Натуральна, з’явіліся прагнозы: калі залатавалютные рэзервы будуць зніжацца далей і дойдуць да крытычнай адзнакі (бліжэй да 4 мільярдаў), то за гэтай мяжой можа быць абвальная дэвальвацыя.

РР: Аднак жа Расія заявіла, што дае Беларусі чарговы крэдыт у 2 мільярды даляраў…

Барыс Жаліба: Так, псіхалагічна грамадскасць супакоілася пасля паведамлення, і за кошт гэтых грошай будзе забяспечана плаўная дэвальвацыя да канца года. Праўда, крэдыт абяцалі ў траўні пералічыць, але месяц заканчваецца, а пра яго пакуль нічога не чуваць. Таму зараз застаецца сітуацыя чакання.

РР:Вы сказалі, што да канца года гэтых грошай хопіць. А што далей?

Барыс Жаліба: Далей будуць прасіць новы крэдыт, мы даўно ходзім па гэтым замкнёным коле і жывём на дзвюх фінансавых ін’екцыях. Першая – гэта тое, што наша эканоміка яшчэ неяк можа функцыянаваць, бо атрымоўвае з Расеі танныя нафту і газ. Другая – пастаянная знешняя крэдытная падпітка. А без расейскіх грошай мы пойдзем ужо не па коле, а па спіралі ўніз.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя