Жамчужны ў захапленні ад беларускіх жанчын
Днямі атрымаў ліст ад «палітвязня са стажам» Міхаіла Жамчужнага. Ён са шкадаваннем канстатуе, што падыходзіць да канца час яго «санаторнага» ўтрымання ў ПКТ (памяшканні камернага тыпу). З 30 кастрычніка яго чакаюць, хутчэй за ўсё, больш суровыя ўмовы — «каранцін » у ШІЗА (штрафным ізалятары).
ШІЗА — гэта бетонны склеп два на два метры, маленечкі стол і мікратабурэт вышынёй 20 сантыметраў, кран з вадой і дзірка ў падлозе. Нары з раніцы прышпільваюцца да сцяны, і далей — працяглая пастава «арла» ў чаканні, калі нары будуць адшпіленыя, і можна будзе ноч паляжаць. З асабістых рэчаў — толькі мікрарушнік і тэпцікі. Ды яшчэ рулон туалетнай паперы.
Іншага месца ў папраўчай калоніі №9 для Жамчужнага проста няма, паколькі адміністрацыя пасылае яго ў адзін і той жа атрад. Туды ён ісці адмаўляецца, бо ў гэтым атрадзе, па яго інфармацыі, змяшчаюцца асобы з нізкім, па турэмных мерках, статусам. Зносіны з такімі асобамі аўтаматычна прыводзяць да такога ж статусу.
Жамчужны піша, што, знаходзячыся ў адзіночнай камеры, назірае за нашым дынамічным жыццём праз газету «Новы час». Ён падтрымлівае ўсіх патрыётаў Беларусі і здымае капялюш (у ім яго забралі летам 2015 года) перад нашымі смелымі і чароўнымі жанчынамі. Ён дзякуе рэдакцыю выдання і піша, што без гэтай газеты яму было б вельмі цяжка перажыць турэмныя нягоды.
Жамчужны прачытаў пра гераічны мікрараён «Каскад», дзе пастаянна вывешваюць бел-чырвона-белыя сцягі, і хацеў бы пасля вызвалення абмяняць сваю віцебскую кватэру на кватэру ў гэтым мікрараёне. У сувязі з гэтым ён просіць жыхароў-герояў «зарэзерваваць для яго месца», і абяцае выконваць устаноўленыя правілы і традыцыі.
Даведка НЧ. Міхаіл Жамчужны нарадзіўся ў 1955 годзе ў Віцебску. Працаваў у Віцебскім тэхналагічным універсітэце. Дацэнт, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак.
Першым у краіне зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве. Ва універсітэце кіраваў лабараторыяй, якая займалася праблемамі прамысловага вырабу вадароду. Нечакана дзейнасцю навукоўцаў зацікавіўся КДБ. Супраць кіраўніка лабараторыі распачалі крымінальную справу. Жамчужнаму прапанавалі супрацоўнічаць з КДБ, даць паказанні супраць начальства. Ён адхіліў гэтыя прапановы, і ў 2007 годзе яго асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі па артыкуле 210 КК «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі».
Жамчужны спрабаваў абскардзіць свой прысуд, аднак справа была складаная: яна тычылася навуковых распрацовак і вымагала вялікіх грошай на адвакатаў, спрактыкаваных у гэтай сферы.
Пасля вызвалення ў 2012 годзе Жамчужны ад ідэі рэабілітаваць сваё імя адмовіўся і на працу ва універсітэт прынцыпова не вярнуўся. Ён далучыўся да праваабарончай арганізацыі «Платформа», дзе займаўся зборам інфармацыі пра сітуацыю ў месцах зняволення. Пасля ліквідацыі «Платформы» пагадзіўся стаць заснавальнікам новай арганізацыі «Платформа інавэйшн».
Жамчужнага арыштавалі праз тыдзень пасля абвяшчэння прысуду ў дачыненні да дырэктара «Платформа інавэйшн» Андрэя Бандарэнкі. Падрабязнасці пра абставіны крымінальнай справы супраць Жамчужнага не выдаюцца. Адвакат адмовіўся ад кантактаў, матывуючы гэта падпіскай пра неразгалошванне звестак. Аднак удалося высветліць, што Жамчужному інкрымінавалі абвінавачванне па некалькіх артыкулах КК — 376 (ч.1, ч.2), 375 (ч.1), 431 (ч.1, ч.2). Гэта — наўмыснае разгалошванне службовых сакрэтаў, незаконнае набыццё (выраб) сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, а таксама дача хабару.
10 ліпеня 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватымі прыгаварыў да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі разгледзела касацыйную скаргу на прыгавор і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Цяпер Жамчужны знаходзіцца ў калоніі № 9 у Горках (Магілёўская вобласць).
Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Міхаіла Жамчужнага палітычным зняволеным.