Пісьменнік з чыстым сумленнем. Лукаш Калюга і яго няствораны «магічны рэалізм»
27 верасня 1909 года нарадзіўся беларускі празаік Лукаш Калюга — адзін з тых, хто мусіў вызначаць напрамкі развіцця беларускай літаратуры і каго спыніла куля ў крывавым 1937-м.
Плеяду беларускіх «расстраляных паэтаў» чытачы ведаюць дзякуючы працы неабыякавых энтузіястаў — літаратуразнаўцаў, даследчыкаў, супрацоўнікаў музеяў і архіваў. Але па-за гэтым «канонам» па-ранейшаму застаюцца імёны вядомых і невядомых аўтараў, якія з тых ці іншых прычын радзей гучаць у публічнай прасторы. Імя Лукаша Калюгі — адно з такіх.
Мо праз тое, што ён пісаў прозу, а мо праз нешта яшчэ — але згадваюць яго сапраўды не вельмі часта, праз што ў чытача неабазнанага, які яшчэ мала знаёмы з беларускай літаратурай, можа скласціся памылковае ўражанне. Напрыклад, асабіста я доўгі час думаў, што Лукаш Калюга — асоба з поля «бэндэўцаў», здраднікаў, даносчыкаў. А аказалася, усё якраз наадварот.
Лёс у Калюгі — не дай божа нікому. Амаль немаўляткам ён страціў маці: Вольга Сцяпанаўна памерла, калі хлопчыку было два гады. І тады яго выхаваннем занялася родная цётка, бацькава сястра Марыя. Пазней памёр і бацька Пётр Мікалаевіч. Дарэчы, цікавы факт: Кастусь Вашына (а менавіта так насамрэч звалі Лукаша Калюгу), застаўшыся сіратой, быў пасынкам Уладзіміра Івашына, свайго роднага дзядзькі па маці, які пайшоў у прымакі да цёткі Марыі, — і хто яго ведае, мо яны прыходзяцца нейкімі далёкімі сваякамі нашаму журналістуДзянісу Івашыну, якога сённяшні рэжым трымае ў палоне?
Бацька будучага пісьменніка сам меў толькі чатыры гады школы, але любімаму сыну пастараўся даць усю магчымую адукацыю, таму ў пачатковую школу хлопчык прыйшоў ужо цалкам падрыхтаваным: умеў чытаць, пісаць і лічыць, трошкі граў на скрыпачцы, а таксама меў вельмі добрую памяць, што дапамагала яму «грызці граніт навукі» лепш за іншых. Аднак перашкодзіла вайна — і далейшае навучанне крыху пасунулася ў часе, таму ладную частку свайго нядоўгага жыцця Калюга наганяў страчанае па вучобе.
Пасля смерці бацькі на навуку і прагу да літаратуры ледзь не давялося забыцца: дзядзька, які замяніў яму бацьку, спрабаваў схіліць хлопца да працы на зямлі, па гаспадарцы. І хаця высачэзны, ладны, рукасты Кастусь ніколі не адмаўляўся ад дапамогі родным, цягнула яго ўсё-ткі да іншага — да «высокага», інтэлектуальнага. Так сапраўдным домам Лукашу Калюгу стаў Беларускі педтэхнікум — «альма-матэр» не аднаго дзясятка творцаў, агмень нацыянальнай думкі, разбураны пазней сталінскімі ка́тамі.
«Да прыходу ў тэхнікум Лукаша Калюгі і Сяргея Астрэйкі студыя "Маладняка" спыніла сваю дзейнасць, значная колькасць былых пачаткоўцаў выйшла на торную пісьменніцкую дарогу. Яны сталі прызнанымі паэтамі, пакінулі сцены свайго "ліцэя". Заставаліся С. Шушкевіч, В. Маракоў, С. Ліхадзіеўскі, рыхтаваўся стаць крытыкам А. Кучар, а пасля прыехалі давучвацца з Мсціслаўля А. Куляшоў і Ю. Таўбін, бо іх тэхнікум чамусьці закрылі. Не пакідалі наведваць родныя сцены былыя навучэнцы П. Глебка, М. Лужанін, П. Трус, С. Дарожны, яны выконвалі ролю неафіцыйных дарадцаў на занятках літгуртка і пры асабістых сустрэчах.
Традыцыі літстудыі доўжыў літгурток. Ніхто з настаўнікаў яго не апекаваў, існавала самакіраўніцтва. У гурток уваходзілі не толькі студэнты, якія лічылі сябе пісьменнікамі, але і хто наогул цікавіўся літаратурай.
На занятках літгуртка адбываліся дыскусіі па актуальных праблемах літаратурных напрамкаў, абмяркоўвалася творчасць паасобных пісьменнікаў. Тут былі прыхільнікі БелАППа і "Узвышша", а сярод іх — "левыя" і "правыя", таму дыскусіі праходзілі ў гарачых спрэчках, кожны стараўся грунтоўна, з выкладкамі, даводзіць слушнасць свайго погляду. Студэнты ўмелі самастойна мысліць, выказвалі арыгінальныя, цікавыя думкі», — так апісваў тагачаснае жыццё педтэхнікума сябар Лукаша Калюгі Франц Гінтаўт.
Дэмакратыя і разнастайнасць сапраўды панавалі ў тых колах: прымалі і выслухоўвалі ўсіх, нават тых, хто потым паспрыяе рэпрэсіям супраць колішніх сваіх аднакурснікаў. Ужо тады знаходзіліся ахвочыя ісці па слядах вядомага «крытыка» і даносчыка Лукаша Бэндэ. Яны яшчэ не пісалі разгромных рэцэнзій, але практыкаваліся ўжо ў крытыцы, і часта аб'ектам іх нападак станавіўся малады Лукаш Калюга. Прычым падставы да крытыкі знаходзіліся амаль заўсёды — мы ж ведаем, што і сёння прычапіцца да дробязі — справа нескладаная. Аднак Калюгу таксама так проста было не ўзяць: усе нападкі ён сустракаў з гумарам і жартачкамі, што толькі больш злавала «бэндэўцаў». І калі сфармавалася справа «Саюза вызвалення Беларусі», відаць, мінулае далося ў знакі...
Але мы яшчэ дойдзем да арышту. А пакуль скажам колькі слоў пра творчасць. 1920-1930-я гады былі багатыя на паэтычныя таленты — і хто яго ведае, колькі мы страцілі, калі не стала тых яркіх, адметных паэтаў, якія тады толькі-толькі пачыналі ўваходзіць у літаратуру. Лукаш Калюга паэтам не быў, ён пісаў прозу (прынамсі, невядома, каб у яго былі паэтычныя тэксты). І проза гэтая не абы-якая, вартая ўвагі, бо змяшчае ў сабе шмат чаго з сусветнага літаратурнага працэсу.
Я не ведаю, але рызыкну сказаць, што наўрад ці Калюга быў знаёмы з амерыканскай прозай. А між тым, прыкладна адначасова з ім на іншым канцы свету пачынае свой зорны творчы шлях Уільям Фолкнер — майстар «плыні свядомасці», стваральнік уласнай акругі Ёкпанатофа, у якой адбываюцца дзеянні ўсіх яго раманаў. Гэтак жа і Лукаш Калюга стварыў сваю лакацыю: дзеянне ці не ўсіх яго апавяданняў і раманаў адбываецца ў вёсцы Баркаўцы, прататыпам якой сталі родныя Скварцы.
І яшчэ толькі-толькі вось нарадзіўся Габрыэль Гарсія Маркес, самы вядомы прадстаўнік «магічнага рэалізму» ў лацінаамерыканскай літаратуры, аўтар нашумелых раманаў «Сто гадоў адзіноты» і «Восень патрыярха». То-бок заставалася яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў да таго, як «магічны рэалізм» адбудзецца ў сусветнай літаратуры — а ў нас Лукаш Калюга ўжо пісаў так, што меў усе магчымасці стаць яго пачынальнікам. Многія яго творы заснаваныя не на рэалістычным апісанні навакольнага свету, а на міфалагічным светаўспрыманні тутэйшых людзей — прымхах, забабонах, вераваннях, календарнай абрадавасці. Тэксты Калюгі шчодра прыпраўленыя прыказкамі, прымаўкамі, народнымі спевамі, у іх такая мова, што зачытацца можна адной толькі ёю — безадносна таго, які сэнс закладаў у сказы аўтар.
Нягледзячы на ўсё гэта, даследчыкі запісваюць Лукаша Калюгу ў рэалісты — мабыць, таму што аўтарскае рацыянальнае ўсё ж дамінуе над міфалагічным яго герояў. І тым не менш, «не ўсё так адназначна». А калі б пісьменнік меў яшчэ дзясятак-другі гадоў у запасе, я ўпэўнены, мы чыталі б выбітныя творы, не горшыя за ўзоры замежных класікаў.
Але гэтаму спраўдзіцца не было наканавана. 24 гады было хлопцу, калі па яго прыйшлі чэкісты. І з таго часу, з клятага 1933 года пачалося ў яго зусім іншае жыццё, якога Калюга не хацеў і не прасіў, але чакаў — бо, як сказаў іншы яго сябар Яўген Лецка, рэпрэсіі ішлі ўжо ва ўсю:
«Арышт не быў для яго чымсьці нечаканым; ужо сядзелі па турмах і лагерах многія знаёмыя, у тым ліку і сябры па згуртаванні «Узвышша», а яго самога не адзін раз выклікалі ў адпаведныя органы — прапаноўвалі, папярэджвалі, пагражалі. Да гонару пісьменніка, чалавека і грамадзяніна, трэба сказаць, што ён быў адным з нямногіх, хто ні вусна, ні ў друку не выступаў з якімі-небудзь абвінавачваннямі, разноснай крытыкай у адрас тых, каго білі ці збіраліся біць, не каяўся за памылкі ўласныя, якіх не было, але прымушалі прызнаць. Такога, безумоўна, тэарэтыкі і практыкі чалавеканенавісніцтва дараваць не маглі. І для Лукаша Калюгі ў гэтай сітуацыі пытанне заключалася не ў тым, возьмуць ці не, а калі і якія абвінавачванні прад’явяць, на які тэрмін пакараюць…»
Як «члена контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі» Калюгу пакаралі пяцігадовай высылкай, адкуль за часы выгнання ад яго не далятала (і не засталося) ні слова пра тое, як яму там жылося-выжывалася. Цалкам гэты тэрмін пісьменнік адбыць не паспеў: праз два гады яго паўторна арыштавалі. «За што?» — спытаеце вы. Гледзячы па дні сённяшнім, можна сказаць, што падставы для гэтага і не спатрэбілася — тады таксама было «не да законаў». Лукашу Калюгу «накінулі» яшчэ пяць гадоў зняволення ў дадатак да папярэдняга тэрміну, але і гэта адбыць ён не паспеў. 5 кастрычніка 1937 года, за некалькі тыдняў да страшнай «ночы расстраляных паэтаў» Кастуся Вашыну, хлопца з вёскі Скварцы, мінскага пісьменніка з псеўданімам Лукаш Калюга расстралялі — і дагэтуль невядома ні месца смерці, ні дзе пахаваны забіты.
Дадаткова варта адзначыць, што за ўсе гэтыя гады так званага «следства» — допытаў, катаванняў, турмаў, этапаў — Калюга не напісаў ні аднаго даноса і нагавора, нікога не паказаў у якасці «саўдзельнікаў» і «нацдэмаў», застаўся з чыстым сумленнем і рукамі, з-пад якіх выходзіла толькі цудоўная проза пра родны край, які хлопец любіў усім сэрцам.
Лукашу Калюгу было 28 гадоў.