Выпушчаныя па Украіне ракеты каштавалі Расіі не менш за 7,5 мільярда долараў
Расія за час вайны выпусціла па Украіне 1300 ракет, што каштавала ёй не менш за 7,5 мільярда долараў. Такія падлікі зрабіў украінскі Forbes.
Ацэньваецца, што Расія выпусціла па Украіне 235 ракет "Калібр": сюды ўваходзяць 183 ракеты, якія, паводле звестак Мінабароны, былі выпушчаныя да 24 сакавіка, і 52 ракеты, выпушчаныя 26 сакавіка, піша www.epravda.com.ua.
Ацэньваючы колькасць ракет "Калібр", Forbes улічыў толькі выпадкі, калі дакладна вядомы клас ракеты, запушчанай па Украіне. Такім чынам, адзначае выданне, на самай справе такіх ракет магло быць больш.
Дакладнай статыстыкі колькасці выпушчаных ракет "Іскандэр", "Точка-У" і ракет класа X таксама няма, таму выданне мяркуе, што іх суадносіны засталіся такімі, якімі былі на 24 сакавіка. Тады Мінабароны адзначала, што 62% ракет прыйшлося на "Іскандэр", 30% — на ракеты класа X і 8% — на "Точка-У".
Кошт ракет можа моцна адрознівацца. "Точка-У", паводле сайта Military Russia, ацэньваецца ў 300 тысяч долараў, кошт "Калібра" — 6,5 мільёна долараў у адпаведнасці з экспартным кантрактам з Індыяй у 2006 годзе. Ракеты класа Х-101 больш сучасныя і дасканалыя, чым "Калібры", таму, паводле ацэнак экспертаў, у разы даражэйшыя, чым "Калібр".
Агульны кошт выпушчаных па Украіне ракет такім чынам складае 7,5 мільярда долараў.
Раней намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр заявіла, што Расія выпусціла па Украіне 1300 ракет, і цяпер у РФ ракет засталося ўдвая менш. Яна адзначыла, што запасы ракет РФ скараціліся больш чым у два разы з 24 лютага, бо рускія войскі актыўна іх выкарыстоўваюць па тэрыторыі Украіны.