Вяртанне «вялікага кракадзіла»
У нядзелю ў ФРГ адбудуцца датэрміновыя федэральныя выбары. Пры гэтым фармат будучага кабінета амаль вядомы, а вось будучыня краіны і яе палітычнай сцэны — пад вялікім пытаннем.

Фота: IMAGO/Emmanuele Contini
Па-нямецку фраза «вялікая кааліцыя» (ням.: Grosse Koalition) у скарочаным выглядзе гучыць «GroKo», што таксама можна расшыфраваць як «вялікі кракадзіл». І, мяркуючы па ўсім, «вялікага кракадзіла» немцам па выніках цяперашніх выбараў не пазбегнуць.
Кааліцыя кансерватыўных партый Хрысціянска-дэмакратычны саюз (CDU) і Хрысціянска-сацыяльны саюз (CSU) стабільна застаецца на першай пазіцыі апытанняў з 30% падтрымкі. Як вынік, кандыдат ад кааліцыі Фрыдрых Мерц можа разлічваць на канцлерскі фатэль.
Шмат у чым папулярнасць кансерватараў будуецца на расчараванні бюргераў курсам зыходзячага канцлера Шольца (лідар эсдэкаў). Менавіта крах кааліцыйнага ўрада Шольца ў лістападзе 2024 года адкрыў шлях да цяперашніх датэрміновых выбараў. Але пры гэтым менавіта сацыял-дэмакратаў усе лічаць будучымі партнёрамі партыі Мерца па ўраду. У выніку і будзе створана тая самая «вялікая кааліцыя».
Глядзіце таксама

На першы погляд такі сцэнар абяцае Германіі вяртанне да старых добрых часоў. Фармат ураду па формуле GroKo упершыню быў апрабаваны яшчэ ў 1966 годзе і з тых часоў неаднаразова кіраваў ФРГ. У «эру Меркель» GroKo крытыкавалі за размыццё ідэйных асноў як у хрысціянскіх дэмакратаў, так і ў сацыял-дэмакратаў, але сёння выбаршчык дзеля зладжанай працы ўрада, падобна, гатовы трываць выдаткі кампрамісу.
Але не ўсё так «зер гут», як падаецца на першы погляд. Пачнем з таго, што датэрміновыя выбары 2025 года будуць азначаць развітанне са спадчынай Ангелы Меркель. Функцыі канцлера рыхтуецца выконваць Фрыдрых Мерц, вядомы як даўні ідэалагічны крытык Меркель, якая, маўляў, ператварыла партыю кансерватараў у партыю палітычнага цэнтру.
Імя Мерца таксама звязана з лабізмам інтарэсаў буйных карпарацый, што выклікае шмат спекуляцый на конт курсу яго кабінету. Нарэшце, дзеля рэйтынгу Фрыдрых гатовы без усялякіх комплексаў фліртаваць а з правымі папулістамі з «Альтэрнатывы для Германіі» (AfD), запазычаючы іх лозунгі і напрацоўкі ў вырашэнні таго ж міграцыйнага крызісу. Гэта ўжо прывяло да сур'ёзных спрэчак унутры ХДС.
Новаму кабінету будзе таксама не проста з-за таго, што краіна сутыкаецца з нарастаючымі эканамічнымі праблемамі, у тым ліку, крахам яе традыцыйнай эканамічнай мадэлі — наступствам вайны ва Украіне і ростам напружання з Кітаем.
Дададзім да гэтага геапалітычны хаос, што выклікалі апошнія заявы новай адміністрацыі Белага дома. Да агучанага Трампам развароту амерыканскай пазіцыі па Расіі і па Еўропе на 180 градусаў нямецкая публіка была не гатова. У эліце Германіі пануе разгубленасць.
Нарэшце, у ФРГ набірае сілу ўжо згаданая AfD, якой усе сацыялагічныя канторы прадракаюць другое месца на выбарах (22 адсоткі). Нават калі «Альтэрнатыва» застанецца за бортам кіруючай кааліцыі, тэндэнцыя да яе нармалізацыі ў нямецкай палітыцы ў наяўнасці.
На памяць шмат каму прыходзіць прыклад леваліберальнай партыі «Саюз 90 / Зялёныя», якая таксама прабівала сабе шлях наверх праз крытыку і супраціўленне старажылаў Бундэстага. Ад першага заходу «зялёных» у Бундэстаг (1983) да першага ўдзелу ў працы кіруючай кааліцыі (1998) прайшло пятнаццаць гадоў.
У «Альтэрнатывы для Германіі» таксама ёсць шанец стаць рукапаціскальнай нямецкай партыяй у агляднай перспектыве.
Дарэчы, лёс Зялёных пакуль пад пытаннем. Сумнеўна, што Мерц, за якім стаіць буйны капітал, запросіць эколагаў удзельнічаць у сваім кабінеце, хоць такая версія агучваецца. З іншага боку, Зялёныя дакладна застаюцца ў федэральнай палітыцы з 12-13 працэнтамі папулярнасці. А вось што будзе з лібераламі, левымі і папулістамі Сары Вагенкнех, якія балансуюць на мяжы праходу ў Бундэстаг, незразумела.
Падсумоўваем. Выбары ў Бундэстаг, якія пройдуць 23 лютага, не толькі падвядуць рысу пад эпохай Меркель і вызначаць напрамак развіцця ФРГ на кароткатэрміновую перспектыву, але таксама і зафіксуюць сур'ёзныя перамены ў канфігурацыі палітычных сіл Германіі.