Ва Украіне запрацавала школа прафесійных гідаў чарнобыльскай зоны адчужэння
Ва Украіне стварылі школу для навучання і сертыфікацыі прафесійных гідаў чарнобыльскай зоны адчужэння Chornobyl guide's school.
Ініцыятары адзначаюць важнасць праекта, бо колькасць турыстаў у зону з кожным годам павялічваецца, і гэты кірунак практычна стаў для Украіны стратэгічна важным.
Chornobyl guide's school — гэта больш за 24 гадзіны лекцый аб прычынах аварыі, жыцці ў зоне адчужэння да і пасля эвакуацыі, турыстычных маршрутах Чарнобыльскай зоны, асаблівасцях шматдзённых тураў і інш. Інфармацыяй дзеляцца вядомыя навукоўцы, ліквідатары, эксперты, работа якіх непасрэдна звязана з Чарнобыльскай зонай.
Лектары — гэта людзі, якіх амаль немагчыма сабраць у адным месцы, пры гэтым яны валодаюць важнай і патрэбнай інфармацыяй. Таксама распрацаваны адзіныя стандарты для тэставання гідаў.
У школе ўжо вучацца першыя студэнты, якія робяць выезды ў зону для практычных заняткаў. Кваліфікаваны суправаджальнік можа быць падрыхтаваны за месяц.
Кіраўнік Chornobyl Guide School, старшыня ГА "Chornobyl NOW" Алена Фаміна адзначае: «Мы працавалі над стварэннем праекта каля паўгода. Што такое Chornobyl Guide School? Менавіта ад суправаджальніка залежыць, як будуць інтэрпрэтавацца падзеі 1986 года, як будзе ўспрымацца зона адчужэння сучаснасці. На суправаджальніка ўскладаецца бяспека наведвання», — сказала Фаміна.
Таму, па яе словах, узнікла ідэя стварыць адукацыйны партал для падрыхтоўкі і сертыфікацыі кваліфікаваных суправаджальнікаў. Платформа школы з'яўляецца гнуткай і можа дапаўняцца матэрыяламі ў далейшым.
Яна назвала некалькі крытэраў, якім павінен адпавядаць суправаджальнік зоны.
«У першую чаргу, ён павінен ведаць гісторыю, апеляваць да пэўных фактаў і дадзеных. Ён павінен разумець, чым з'яўляецца зона адчужэння, павінен ведаць маршруты для наведвання. Ён абавязаны ўмець працаваць з людзьмі, разумець спецыфіку правядзення візітаў. На Chornobyl Guide School мы збіраем унікальны кантэнт, задзейнічаем вядучых экспертаў, робім іх даступнымі 24 гадзіны ў суткі», — дадала Фаміна.
Па словах памочніка дырэктара Цэнтра арганізацыйна-тэхнічнага і інфармацыйнага забеспячэння кіравання зонай адчужэння Кірыла Гарніка, цяпер вядуцца работы па паляпшэнні інфраструктуры наведвання зоны. Таксама вядзецца праца над удасканаленнем падрыхтоўкі суправаджаюльнікаў.
«Справа ў тым, што ў мінулым годзе ў зону прыехала больш за 124 000 наведвальнікаў, нагрузка на аднаго суправаджальніка ўзрасла ў разы», — сказаў Гарнік.
Калі у 2018 годзе ў ЦАТІЗ працавала каля 80 суправаджальнікаў, то ў 2019 годзе іх колькасць наблізілася да 135.
Паводле censor.net.ua