Уладзімір Зяленскі расказаў пра страты Украіны у вайне з Расіяй

Паводле прэзідэнта Украіны, страты УСУ за ўвесь час вайны склала блізу 100 тысяч чалавек загінулымі. У той жа час страты Расіі, паводле даных УСУ, значна большыя. Але Расія дадаткова забівае грамадзянскіх ва Украіне. Ідзе 1146-ты дзень вайны Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры падтрымцы агрэсіі рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

За мінулыя суткі ва Украіне адбылося 158 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 14 красавіка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 54 штурмы расіян ў раёнах Тарасаўкі, Вадзянога Другога, Елізаветаўкі, Котліна, Новасергіеўкі, Багданаўкі, Андрэеўкі і іншых.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 21 раз, спрабуючы прасунуцца ў раёнах Сергееўкі, Кацярынаўкі, Зялёнай Даліны, Грэкаўкі, Торскага, Ямпалаўкі, Новага.

На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі 21 атаку непадалёк Тарэцка, Азаранаўкі, Дружбы і Леанідаўкі.

На Гуляйпольскім кірунку адбылося 11 боесутыкненняў з праціўнікам у раёнах Навасёлкі, Прывольнага, Свабоднага Поля і Шаўчэнкі.

У Курскай вобласці Расіі УСУ адбілі 18 атак расійскіх войскаў. Акрамя гэтага, расіяне нанеслі 37 авіяцыйных удараў з ужываннем 58 кіраваных авіябомбаў па сваёй тэрыторыі.

* * *

Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся паблізу Тарэцка. Таксама фіксуецца прасоўванне з расійскіх войскаў каля Часавага Яру Данецкай вобласці, Баравой і Ціхага Харкаўскай вобласці, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Расійцы нядаўна прасунуліся на Харкаўскім кірунку. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 13 красавіка, паказваюць, што войскі РФ трохі прасунуліся на паўночны ўсход ад Ціхага.

Нядаўна расійскія войскі прасунуліся ў кірунку Баравой. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 9 красавіка, паказваюць, што войскі РФ прасунуліся на захад ад Макееўкі (на паўднёвы ўсход ад Баравой) Луганскай вобласці. Таксама, як паказваюць апублікаваныя 12 красавіка геалакацыйныя кадры, войскі РФ трохі прасунуліся на ўсход ад Ступачак (на поўдзень ад Часавага Яра).

Паводле ацэнак ISW, сілы абароны Украіны прыпынілі наступ расійцаў уздоўж трасы Т-05-16 у кірунку Неліпаўкі (на паўночны захад ад Тарэцка). Такія высновы аналітыкі робяць на аснове заявы звязанага з Крамлём «ваенкора», у прыватнасці пра тое, што расійскія ДРГ часова прасунуліся ў гэты раён, спрабуючы перапыніць украінскія наземныя лініі сувязі паблізу Неліпаўкі.

Раней у ISW ацэньвалі, што расійскія войскі, верагодна, прасунуліся паблізу Неліпаўкі, але не стварылі ўстойлівай прысутнасці ў гэтым раёне.

* * *

Як паведамляе аналітычны праект Deep State, расійцы прасунуліся каля некалькіх населеных пунктаў у Данецкай вобласці. Расійская армія мела тактычны поспех, прасунуўшыся ў раёнах Ямпалаўкі, Валянцінаўкі, Праабражэнкі і Удалага.

* * *

З-за развязанай Расіяй вайны ва Украіне загінула каля 13 тысяч мірных жыхароў і да 100 тысяч украінскіх вайскоўцаў, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю CBS News.

«Штодзённыя расійскія ўдары па ўкраінскіх гарадах. 1700 атак на школы, больш за 600 загінулых дзяцей, 780 нападаў на медыцынскія ўстановы, 13 000 забітых мірных жыхароў і да 100 000 украінскіх вайскоўцаў», — паведаміў прэзідэнт Украіны.

* * *

З вечара 13 красавіка расійцы атакавалі Украіну 62-ма ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі розных тыпаў. 40 дронаў атрымалася знішчыць, яшчэ 11 не даляцелі да мэты, паведамілі Паветраныя сілы УСУ.

Расійцы раніцай 14 красавіка атакавалі дронамі Стэпнагорск і Запарожжа ў Запарожскай вобласці. У выніку удараў гарэў дзевяціпавярховы дом у Стэпнагорску і АЗС у абласным цэнтры. Абышлося без пацярпелых.

Беспілотнікі ў ноч на 14 красавіка патрапілі ў грамадзянскае прадпрыемства ў Салтаўскім раёне Харкава. Пацярпелых няма.

Расійцы нанеслі ўдар па Адэсе ўдарнымі БПЛА, у выніку атакі вядома пра 5 пацярпелых і пашкоджанні грамадзянскай інфраструктуры. У прыватнасці, дрон трапіў у бальніцу. Пацыенты не пацярпелі.

* * *

490453527_1021981476781597_4500955371413176055_n.jpg

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адрэагаваў на ракетную атаку Расіі па Сумах. Амерыканскі лідар назваў гэта «жудаснай памылкай», піша Forbes.

«Мне сказалі, што яны дапусцілі памылку, гэта было жудасна», — сказаў Трамп падчас размовы з прадстаўнікамі СМІ.

На пытанне журналістаў, што менавіта ён мае на ўвазе пад словам «памылка», амерыканскі лідар не стаў удакладняць. «Слухайце, спытаеце ў іх», — сказаў Трамп.

Раніцай 13 красавіка расійцы нанеслі два балістычныя ўдары па цэнтры Сум. Першая расійская балістычная ракета трапіла ў адзін з будынкаў універсітэта ў Сумах, а другая разарвалася фактычна над вуліцай. Менавіта паўторны ўдар балістычнай ракетай выклікаў вялікую колькасць загінулых і параненых.

Вядома пра 34 загінулых, з іх двое дзяцей, пацярпелі 117 чалавек, з якіх 15 дзяцей.

* * *

Спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША па Украіне Кіт Келаг у сацсетцы Х напісаў, што расійская атака на грамадзянскія мэты ў Сумах 13 красавіка пераходзіць мяжу прымальнага.

«Сённяшняя атака расійскіх войскаў на грамадзянскія мэты ў Сумах у Вербную нядзелю пераходзіць любую мяжу прымальнага. Ёсць дзесяткі загінулых і параненых грамадзянскіх. Як былы военачальнік, я разумею нацэльванне, і гэта няправільна. Вось чаму прэзідэнт Трамп прыкладае ўсе намаганні, каб спыніць гэтую вайну», — напісаў Келаг.

* * *

Эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW) паказваюць на неабходнасць надзейных механізмаў маніторынгу ў выпадку пагаднення аб спыненні агню ва Украіне ці мірнага пагаднення, і пакуль незразумела, якія механізмы такога маніторынгу можа прапанаваць Захад

ISW звяртае ўвагу на словы прадстаўніка Крамля Дзмітрыя Пяскова аб тым, што бягучыя амерыкана-расійскія перамовы наўрад ці прывядуць да «маланкавых вынікаў». Чыноўнік з расійскага МЗС Аляксей Палішчук заявіў, што Расія гатовая ўдзельнічаць у перамовах, якія «ўлічваюць сучасныя рэаліі» вайны і ліквідуюць «першапрычыны» вайны Расіі ва Украіне.

«Каментары Пяскова і Палішчука адлюстроўваюць пастаяннае непрыманне Крамлём заяўленага падыходу прэзідэнта Трампа аб устанаўленні рэжыму спынення агню, а затым вядзення перамоваў па больш шырокаму мірнаму пагадненню, а таксама адданасць Крамля мэтам вайны, якія несумяшчальныя з мэтай Трампа па дасягненню працяглага міру ва Украіне» — адзначаюць эксперты.

Таксама Пяскоў і Палішчук паўтарылі заявы Расіі аб парушэнні Украінай часовага мараторыя на нанясенне ўдараў далёкага дзеяння ў энергетычнай інфраструктуры. «Падобна, што расійскія афіцыйныя асобы выкарыстоўваюць недакладныя ўмовы спынення агню і адсутнасць незалежных механізмаў маніторынгу, каб запоўніць інфармацыйную прастору неабгрунтаванымі заявамі пра нібыта парушэнні Украінай рэжыму спынення агню», — кажуць у Інстытуце.

Таму, адзначаюць эксперты, любое патэнцыйнае пагадненне аб спыненні агню або мірнае пагадненне павінна ўключаць надзейныя механізмы маніторынгу, улічваючы пастаянныя намаганні Крамля паказаць Украіну парушаючай спыненне агню па энергетычнай інфраструктуры без прадастаўлення доказаў гэтых удараў і нягледзячы на адсутнасць публічных дэталяў аб умовах спынення агню.

«Застаецца незразумелым, якія механізмы маніторынгу Захад мог бы выкарыстоўваць для забеспячэння захавання і адсочвання патэнцыйнага спынення агню, і пагадзіўся б Крэмль на такія механізмы», — кажуць у ISW.

* * *

Будучы канцлер Германіі Фрыдрых Мерц паўтарыў, што гатовы ўхваліць перадачу Украіне крылатых ракет вялікай далёкасці Taurus у рамках абароннай падтрымкі, піша Financial Times.

Мерц рэзка асудзіў расійскі ракетны ўдар па горадзе Сумы. Ён назваў такі абстрэл «сур'ёзным вайсковым злачынствам», і дадаў, што Украіне патрэбная дапамога.

Адказваючы на пытанне, ці выканае ён папярэдні заклік да ФРГ аб перадачы Украіне ракет Taurus, пра якія афіцыйны Кіеў даўно прасіў Берлін, Мерц адзначыў, што гатовы гэта зрабіць, калі гэта будзе ажыццёўлена ў каардынацыі з еўрапейскімі саюзнікамі.