Уладзімір Зяленскі: Лукашэнка баіцца адказу УСУ ў выпадку паўторнага нападу на Украіну

Лукашэнка бачыў, на што здольныя УСУ, на прыкладзе Курскай вобласці, таму пераносіць сумесныя з Расіяй вучэнні ўглыб краіны — прынамсі, так лічыць кіраўнік Украіны Уладзімір Зяленскі. Але, на жаль, невядома, колькі самастойнасці засталося ў Лукашэнкі ў вайсковым пытанні. Ідзе 1207-мы дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

493216558_1033719072274504_7420433130698590693_n.jpg

За мінулыя суткі ва Украіне адбылося 225 баявых сутыкненняў, паведаміў Генштаб УСУ ў зводцы 14 чэрвеня. На Пакроўскім кірунку УСУ спынілі 58 наступальных дзеянняў расіян ў раёнах Папова Яру, Міралюбаўкі, Лісоўкі, Зверава, Котліна, Новасергіеўкі, Удалага, Аляксееўкі.

На Новапаўлаўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 32 атакі расіян у раёнах Атраднага, Вясёлага, Бурлацкага, Навасёлкі і Зялёнага Поля.

На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 26 атак у раёнах Тарэцка, Аляксандра-Калінавага, Яблонаўкі і Русінага Яра.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 20 разоў, спрабуючы прасунуцца ў раёнах Новага свету, Сергіеўкі, Ліпавага, Зялёнай Даліны, Торскага.

На Краматорскім кірунку зафіксавана 14 боесутыкненняў у раёнах Арэхава-Васільеўка, Маркава, Курдзюмаўкі і ў бок Белай Гары і Ступачак.

На Северскім кірунку абаронцы Украіны адбілі 9 штурмавых дзеянняў у бок Серабранкі.

На Курскім кірунку падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі 35 атак расійскіх войскаў. 

* * *

На Сумскім кірунку працягваюцца цяжкія баі ўздоўж мяжы, але расійскія войскі спыненыя, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас размовы з журналістамі ў пятніцу, 13 чэрвеня.

«Паўночна-Слабадскі, які мы называем Сумскім, кірунак. Мы выраўноўваем пазіцыю. Што важна: там 53 тысячы рускіх. Баі там — уздоўж мяжы. Вы павінны разумець, што там вораг спынены. І максімальная глыбіня, на якой адбываюцца баі, ад мяжы 7 кіламетраў. Каб людзі таксама разумелі, як далёка Сумы», — паведаміў ён.

Са слоў Зяленскага, галоўныя месцы баёў — гэта Андрэеўка, Кандратаўка, Аляксееўка, Канстанцінаўка. «Не блытаць з Канстанцінаўкай усходняга кірунку. Юнакаўка тут таксама. Сёння ў Андрэеўцы адноўлены кантроль», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго, пагроза ліквідаваная на Луганскім кірунку. «Там прасоўвання ворага няма. Але там жорсткія баі. Дняпроўская вобласць — таксама ідуць баі, прасоўванняў няма», — запэўніў ён.

Зяленскі зняпраўдзіў расійскае «прасоўванне» ў Днепрапятроўскай вобласці. «Прасоўвання групоўкі на Днепрапятроўскую вобласць цяпер няма. Але для іх вельмі важная інфармацыйная хваля... І ў Днепрапятроўскай вобласці спрабуюць хаця б адной нагой стаць на адміністрацыйную мяжу. Для іх гэта важная гісторыя: зрабіць фатаграфію, відэа і гэтак далей, таму яны запускаюць маленькія ДРГ, каб яны проста гэта зрабілі», — патлумачыў прэзідэнт Украіны.

* * * 

У ноч на 14 чэрвеня расіяне атакавалі Украіну 58-мю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай абясшкоджана 43 БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў. 23 збіта агнявымі сродкамі, 20 —лакацыйна страчаныя/задушаныя РЭБ.

У ноч на 14 чэрвеня было атакавана Запарожжа. У выніку атакі пацярпелі двое праваахоўнікаў і жанчына, пашкоджаная грамадзянская інфраструктура і аўтамабілі. Знішчаны склад з гуманітарнай дапамогай — не менш за сотню тон, якая прызначалася жыхарам прыфрантавых тэрыторый.

У ноч на 14 чэрвеня ўкраінскія беспілотнікі нанеслі ўдары па двух аб'ектах ваенна-прамысловага комплексу Расіі. Уражаныя магутнасці АТ «ННК» у Самарскай вобласці Расіі: гэта адно з вядучых прадпрыемстваў РФ па вытворчасці кампанентаў выбуховых рэчываў, аб'ект ВПК Расіі. Зафіксаваныя выбухі і пажар у раёне прамысловай зоны.

Таксама ажыццёўлена агнявое паражэнне камбіната Нявіннамыск у Стаўрапальскім краі — аднаго з ключавых вытворцаў базавых кампанентаў для выбуховых рэчываў, боепрыпасаў і ракетнага паліва. Там таксама зафіксавана ўзгаранне ў прамысловай зоне.

* * *

506091421_1067016852278059_5834002384974411541_n.jpg

* * *

Эскалацыя канфлікту паміж Ізраілем і Іранам можа быць карысная Расіі ў яе ваенных намаганнях супраць Украіны, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Эксперты адзначаюць, што пасля аперацыі Арміі абароны Ізраіля ў Іране ф'ючэрсы нафты маркі Brent выраслі больш чым на 5%, да 74,47 долара за барэль. Паводле звестак ISW, даходы Расіі ад продажу нафты і газу склалі прыкладна 30% ад агульных федэральных даходаў краіны ў 2024 годзе.

«Рост коштаў нафты пасля ўдараў Ізраіля па Іране можа павялічыць даходы Расіі ад продажу нафты і палепшыць яе здольнасць падтрымліваць ваенныя дзеянні ва Украіне», — мяркуюць аналітыкі.

Як адзначылі ў ISW, эканамічны ціск на РФ усё больш падрывае яе здольнасці ў падтрыманні працяглых вайсковых кампаній супраць Украіны. Раней расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін скардзіўся, што любое зніжэнне коштаў нафты можа прывесці да «дэстабілізацыі расійскай эканомікі».

«Расія можа выкарыстоўваць раптоўны рост коштаў нафты, каб пераадолець эканамічныя цяжкасці і фінансаваць зацяжную вайну ва Украіне, пры ўмове, што кошт нафты застанецца высокім (напрыклад, вышэйшым за 60 долараў за барэль)», — растлумачылі ў ISW.

* * *

ЗША не хочуць зніжаць лімітавую цану на расійскую нафту ў рамках «Вялікай сямёркі», піша Bloomberg. Крыніцы выдання сцвярджаюць, што ЗША не адступаюць ад сваёй пазіцыі з нагоды зніжэння столі коштаў расійскай нафты. Гэта аслабляе надзеі Еўропы, што такое рашэнне атрымаецца прыняць на ўзроўні G7 падчас саміту ў Канадзе.

Суразмоўцы Bloomberg удакладняюць, што пастанова аб зніжэнні гранічнага кошту расійскай нафты застаецца за прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. Але пакуль няма ніякіх зменаў у пазіцыі, якую ЗША выклалі на сустрэчы міністраў фінансаў G7 напачатку гэтага года.

Еўрапейскі Саюз і Вялікабрытанія імкнуцца знізіць столь коштаў з 60 долараў за барэль да 45 долараў, каб падарваць магчымасці Расіі ў фінансаванні вайны. ЕС ужо ўключыў такія меры ў свой апошні пакет санкцый супраць Масквы ў сувязі з яе ўварваннем ва Украіну. Але пакуль пакет толькі прадставіла Еўракамісія, у сілу ён не ўступіў.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць, што Лукашэнка баіцца паўторнага выкарыстання тэрыторыі Беларусі для нападу на Украіну. Адказваючы на пытанне аб рызыцы паўторнага наступу РФ на Жытоміршчыну, Валынь або Чарнігаўшчыну з тэрыторыі Беларусі пад выглядам сумесных вучэнняў, Зяленскі заявіў:

«Я думаю, сам Лукашэнка баіцца, што мы ва Украіне будзем лічыць, што прысутнасць кантынгента на вучэннях — гэта падрыхтоўка да наступальных дзеянняў. Ён разумее, пасля нашых крокаў у адказ на Курскім кірунку, калі мы будзем адчуваць пагрозу — на што мы здольныя».

Паводле яго слоў, апошні даклад Службы знешняй разведкі сведчыць: расійскія войскі могуць перамясціць трэніровачныя палігоны яшчэ глыбей на тэрыторыю Беларусі, каб пазбегнуць украінскага адказу. Але «рызыка з "навучаннем рускіх" гістарычна нам ужо, на жаль, вядомая», дадаў Зяленскі.

Варта адзначыць, што нядаўна галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі каментуючы маючыя адбыцца вучэнні Расіі і Беларусі «Захад-2025» адзначаў, што адна з іх мэтаў — схаванае стварэнне груповак наступальных войскаў.

Ваенны аглядальнік Давід Шарп таксама адзначаў, што калі ў Беларусь будуць перакінутыя значныя сілы ў рамках гэтых вучэнняў, гэта тэарэтычна можа сведчыць пра падрыхтоўку новага наступу.

Між тым, Мінабароны Беларусі заявіла пра скарачэнне колькасці войскаў, якія бяруць удзел у вучэннях, і пераводзе іх углыб краіны, далей ад межаў.