Украіна рыхтуецца да нацыяналізацыі ўсёй расійскай маёмасці
Закон, які вызначае парадак нацыяналізацыі, Вярхоўная Рада Украіны прыняла яшчэ 3 сакавіка. Цяпер прэм'ер-міністр заявіў, што нацыяналізацыя маёмасці будзе адбывацца згодна з ўмовамі ваеннага часу.
Урад Украіны працуе
над прыняццем дакументацыі для пачатку працэсу нацыяналізацыі расійскай маёмасці
ва Украіне. Пра гэта прэм'ер-міністр Дзяніс Шмыгаль паведаміў у эфіры агульнанацыянальнага
тэлемарафона, паведамляе УНІАН.
«Ёсць шэраг бізнесаў ва Украіне, якія належаць Расіі. Механізмы прапісаныя ў законе, цяпер прымаецца падзаконная дакументацыя. Мы ўжо пачалі ўсе гэтыя працэсы. Безумоўна, мы нацыяналізуем усю расійскую маёмасць для таго, каб кампенсаваць частку тых страт, якія наносіць нам Расія», — падкрэсліў Шмыгаль.
На пытанне пра тое, ці патрэбнае будзе рашэнне суду падчас нацыяналізацыі расійскай маёмасці, прэм'ер-міністр адказаў: «Ва ўмовах ваеннага часу, я думаю, што мы будзем дзейнічаць у адпаведнасці з новым законам і нацыяналізаваць гэтую маёмасць ва ўмовах ваеннага часу».
Вярхоўная Рада яшчэ 3 сакавіка прыняла закон, які вызначае парадак нацыяналізацыі Украінай актываў, што належаць Расіі. 10 сакавіка яго падпісаў Уладзімір Зяленскі. Закон вызначае прававыя асновы прымусовай канфіскацыі маёмасці дзяржавы, якая пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны.