Германія ў чаканні новых фюрэраў
У нямецкай зямлі Саксонія ў самым разгары кампанія па выбарах у рэгіянальны парламент. Вынікі галасавання могуць значна паўплываць на ўвесь палітычны пейзаж ФРГ.
Адной з неафіцыйных візітак Дрэздэну — сталіцы Саксоніі — ёсць традыцыйны марш неанацыстаў, які праходзіць штогод 14 лютага ў памяць ахвяр бамбардзіроўкі гораду брытанскай авіяцыяй у 1944 годзе (тады загінула каля 200 тысяч чалавек). У гэты дзень горад становіцца Меккай для карычневых пілігрымаў з усёй Германіі, што, натуральна, вельмі не падабаецца мясцовым жыхарам.
Адной з прычын неанацысцкай вольніцы ёсць наяўнасць у зямельным парламенце дэпутацкай групы праварадыкальнай Партыі нацыянал-дэмакратаў, якая дапамагае аднадумцам у арганізацыі маршу на 14 лютага. Выкурыць неанацыстаў з парламенту (больш у Германіі такіх прэцэдэнтаў няма) — доўгі час было адной з галоўных мараў саксонскай прагрэсіўнай грамадскасці. І вось нарэшце іх мары блізкія да рэалізацыі. Калі верыць апытанням, на зямельных выбарах 31 жніўня нацдэмам свеціць не больш за 2,5–3 працэнты (для праходу ў парламент неабходна атрымаць 5 працэнтаў).
Аднак эйфарыі ў антыфашысцкім лагеры не назіраецца. Прычына ў тым, што на змену нацдэмам ідзе іншая правапапулісцкая палітычная сіла, прычым значна больш масавая і папулярная сярод выбаршчыкаў. Створная еўраскептыкамі ўвесну мінулага года «Альтэрнатыва за Германію» (AfD) імкліва набірае пункты. Спачатку аматары выхаду Германіі з зоны еўра прарваліся ў Еўрапарламент, атрымаўшы 10 працэнтаў. А наступным трафеем AfD, хутчэй за ўсё, стане Саксонія. Сацыялагічныя агенцтвы прагназуюць, што партыя атрымае не менш за сем працэнтаў.
На першы погляд, асаблівых падстаў турбавацца за стабільнасць нямецкай палітычнай сістэмы няма. Партыі, якія крытыкавалі Хрысціянска-дэмакратычны саюз (CDU) з правых пазіцый, і раней час ад часу праходзілі ў ландтагі, напрыклад, партыя рэспубліканцаў у 1980-я гады. Аднак паколькі ніякіх канструктыўных наступстваў іх прысутнасць у ландтагах не мела, на наступных выбарах ультраправыя, што называецца, праляталі са свістам.
У дадатак яшчэ не забылася драма Партыі піратаў, таксама маладой партыі, якая прыкладна пару гадоў таму зрабіла сенсацыю. Піраты, чый рэйтынг дасягаў 10 працэнтаў, гуляючы пераскоквалі пяціпрацэнты бар’ер на мясцовых выбарах і ўжо рыхтаваліся да пераезду ў Бундэстаг. Аднак шэраг гучных скандалаў вакол права на дзіцячую парнаграфію ў інтэрнэце, спрэчкі ўнутры кіраўніцтва расчаравалі бюргераў. Не выключана, што «Альтэрнатыва для Германіі», якая не менш пакутуе на папулізм, паўторыць пірацкі шлях.
Такое ўражанне сапраўды ўзнікае, калі чытаеш праграмныя матэрыялы «Альтэрнатывы для Германіі» або рэпартажы з яе выбарчых акцый. Выданне “Der Spiegel” даслала рэпарцёра на сустрэчу выбаршчыкаў з Фраўке Петры (Frauke Petry) — лідарам саксонскай секцыі «Альтэрнатывы для Германіі». Фрау Петры заклікала прысутных любіць традыцыйныя каштоўнасці немцаў — стараннасць, парадак, а таксама вывучаць родную гісторыю. Стандартам для кожнай немкі, на яе думку, мае быць тры дзіцяці ў сям’і. Аднапартыйцы Фраўке таксама ахвотна кажуць пра крымінагенны характар імігрантаў.
Увогуле, галоўнымі выбарчымі лозунгамі кампаніі саксонскай «Альтэрнатывы для Германіі» ёсць абяцанне прыняць закон пра абавязковы мясцовы плебісцыт у выпадку праектаў будаўніцтва на тэрыторыі грамады мячэці або мінарэта. Другі галоўны праграмны пункт — увядзенне квоты для нямецкамоўных музыкаў на радыёстанцыях.
Відавочны папулісцкі кантэнт праграмных заяў AfD не павінен выклікаць усмешкі. Па-першае, таму, што Саксоніяй апетыты «Альтэрнатывы для Германіі» наўрад ці абмяжуюцца. Літаральна праз пару тыдняў пасля Саксоніі выбары адбудуцца ў дзвюх суседніх усходніх землях — Цюрынгія і Брандэнбург. Добры вынік саксонскай секцыі AfD можа выклікаць эфект даміно і дазволіць партыі мець прадстаўніцтва ў трох зямельных парламентах. Такі ход падзей робіць яе сур’ёзным палітычным акторам.
Як сведчыць статыстыка, ахвярамі ўздыму «Альтэрнатывы для Германіі» стануць меркелеўскія хрысціянскія дэмакраты, чый электарат будзе пераходзіць пад сцягі еўраскептыкаў. Таму ў апараце Хрысцінска-дэмакратычнага саюзу (CDU) пачынаючы з вясны цягнецца мазгавы штурм наконт пытання AfD. Перад вачыма Меркель і яе аднапартыйцаў стаіць брытанскі прыклад, дзе мясцовы клон AfD пад назвай «Партыя незалежнасці Аб’яднанага Каралеўства» па папулярнасці там-сям ужо абыходзіць торы.
Некаторыя лічаць, што трэнд можна спыніць за кошт больш агрэсіўнай нацыяналістычнай рыторыкі. Так, група дэпутатаў-кансерватараў у Бундэстагу паспрабавала перахапіць фішку AfD пра дамінаванне ў нямецкім радыёэфіры англамоўных шлягераў. Дэпутаты ініцыявалі закон аб квотах для нямецкамоўных музыкаў, перапісаны з моўнага кодэксу Францыі, дзе 40 працэнтаў радыёэфіру мае быць франкамоўнымі. Ліберальнае крыло CDU у сваю чаргу лічыць, што гульні ў нацыяналізм у Германіі могуць кепска закончыцца. Акрамя таго, ёсць прыклад Францыі, дзе галісты пад кіраўніцтвам Сарказі намагаліся ўзяць на карыстанне ў Нацыянальнага фронту яго антыэмігранцкія пасажы. Асаблівага поспеху гэта не прынесла.
Між тым, самае цікавае яшчэ, магчыма, наперадзе. Нягледзячы на высокі рэйтынг (каля 45 працэнтаў) хрысціянскія дэмакраты Саксоніі не атрымліваюць патрэбнай для фармавання аднапартыйнага кабінету колькасці мандатаў. Ім неабходны партнёр па кааліцыі, галоўным кандыдатам на гэта лічыліся эсдэкі. Апошніх, аднак, перспектыва быць малодшымі партнёрамі асабліва не вабіць.
Тады ўзнікла опцыя блоку кансерватараў з еўраскептыкамі. З такой прапановай выступіў лідар саксонскіх чорных (чорны — партыйны колер CDU) Станіслаў Ціліх (Stanislaw Tillich). Заява Ціліха, хаця і выклікала шмат крытыкі з боку аднапартыйцаў, але па сутнасці стала бомбай.
Уключэнне ў склад саксонскага ўраду адчыняе AfD шлях у дзяржаўныя інстытуты. Такім чынам, у дзяржаўных установах ФРГ можа з’явіцца партыя, якая ідэйна больш правая за кансерватараў. Такога краіна не ведала з 1930-х гадоў. Застаецца спадзявацца, што «Альтэрнатыве для Германіі» знойдзецца альтэрнатыва.