У адзінстве і салідарнасці нашыя моц і ратаванне!

Амерыканскія беларусы звярнуліся да суродзічаў па ўсім свеце.

Ілюстрацыйнае фота: беларускі Бостана на акцыі салідарнасці з Беларуссю

Ілюстрацыйнае фота: беларускі Бостана на акцыі салідарнасці з Беларуссю

Мы, амерыканскія беларусы, вітаем усіх нашых суродзічаў на Бацькаўшчыне і па цэлым свеце з нагоды гадавіны пратэстаў супроць лукашэнкаўскага рэжыму.  
Год таму дыктатар у чарговы раз падмануў наш народ і абвясціў сябе пераможцам на выбарах, якія прайграў. Але, гэтым разам беларусы не прамаўчалі, а ўзняліся на абарону сваіх правоў, свайго жыцця, сваёй краіны. Падзеі жніўня мінулага году згуртавалі беларусаў у адзіную сілу. Мы пабачылі, як шмат адданых патрыётаў сярод нас, незалежна ад таго, дзе мы жывем. Аказалася, што мы прысутныя па цэлым свеце, бадай, не знойдзецца краіны, дзе не было б беларусаў. Вось сталася прыкрая гісторыя з нашай спартоўкай у Токіа Крысцінай Ціманоўскай і тут адразу дапамагчы ёй кінуліся беларускія эмігранты, якія ёсць у далёкай Японіі. Такое адбываецца паўсюдна: мы гатовыя дапамагчы і падтрымаць кожнага, хто супроць рэжыму.
Дыктатар спрабуе запалохаць беларускае замежжа, пра што сведчыць, як гавораць многія факты, забойства ў Кіеве беларускага актывіста Віталя Шышова. Лукашэнка імкнецца даказаць, што ён дастане кожнага свайго супраціўніка, хоць у небе, як Рамана Пратасевіча, так і ў любой краіне. Зразумела, што з новай эміграцыяй беларускім спецслужбам удалося закінуць і сваіх агентаў. Да таго ж заўсёды будуць гатовыя дапамагчы сябры рэжыму з расійскай агентуры ў замежжы. Але, нас усё ж больш, чым іх.
Мы не можам, не маем права спыняцца ў нашай барацьбе за лепшую будучыню нашай Бацькаўшчыны-Беларусі і заклікаем усіх не зварочваць з вызвольнага шляху, бо толькі там нас чакае самапавага, годнасць і незалежнасць.
Мы спачуваем тым нашым суродзічам і іх сем'ям, якія зведалі жорсткія рэпрэсіі, былі затрыманыя, знаходзяцца за кратамі і адчуваюць пераслед з боку ўладаў і сілавых структураў.
Браты, будзьма трымацца разам, дапамагаць адзін аднаму любымі магчымымі сродкамі! У адзінстве і салідарнасці нашыя моц і ратаванне!
Увесь свет сочыць за нашымі пакутамі. Дык не будзем маўчаць і хавацца! Будзьма любым годным учынкам бараніць сябе і сваю краіну!  
Перамога будзе за намі!