Сырскі: УСУ вызвалілі каля 16 квадратных кіламетраў тэрыторыі Данецкай вобласці
Вайна ва Украіне працягваецца, а «мірная ініцыятыва» Трампа, падаецца пастаўленая на паўзу. У той жа час УСУ маюць поспехі на фронце, як паведамляе галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі. І тэхнічны прагрэс у стварэнні зброі не стаіць на месцы. Ідзе 1149-ты дзень вайны Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры падтрымцы агрэсіі рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
За мінулыя суткі зафіксавана 125 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ. Па-ранейшаму напружаным застаецца Пакроўскі кірунак дзе спынена 29 штурмавых і наступальных дзеянняў расіян ў раёнах Александропаля, Елізаветаўкі, Лісоўкі, Зверава, Успенаўкі, Новааляксандраўкі, Праабражэнкі, Траецкага, Андрэеўкі, Багданаўкі і іншых.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 16 разоў, спрабуючы прасунуцца паблізу Надзеі, Навасергіеўкі, Грэкаўкі, Новаміхайлаўкі і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку армія РФ 15 разоў атакавала пазіцыі УСУ Канстанцінопаля, Разліву, Прывольнага.
На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 13 атак непадалёк Тарэцку і Леанідаўкі.
На Северскім кірунку ў раёнах Грыгараўкі, Івана-Дар'еўкі, Выемкі і Верхнекаменскага адбіта 9 атак расіян, па пяць атак зафіксавана на Купянскім і Краматорскім кірунках.
У Курскай вобласці Расіі адбылося 14 боесутыкненняў. Расіяне нанеслі 23 авіяцыйныя ўдары па сваёй тэрыторыі, скінуўшы 37 кіраваных авіябомбаў.
* * *
У ноч на 17 красавіка армія РФ нанесла ўдар двума балістычнымі ракетамі Іскандэр-М, трыма зенітнымі кіраванымі ракетамі С-300/400 і 75-цю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі розных тыпаў. Пацверджана збіццё 25 ўдарных БПЛА. 30 беспілотнікаў лакацыйна страчаныя (без негатыўных наступстваў).
Расія масіравана атакавала горад Днепр ударнымі дронамі. З-за атакі пашкоджаныя па меншай меры 15 дамоў. Сярод іх студэнцкія інтэрнаты, будынкі ўніверсітэта і прадпрыемствы. У выніку атакі пацярпеў 31 чалавек, загінулі тры чалавекі, сярод ахвяр дзяўчынка-падлетак.
Таксама расіяне нанеслі камбінаваны ўдар па горадзе Ізюм Харкаўскай вобласці. У выніку пацярпелі сем чалавек, сярод якіх — дзіця.
* * *
На працягу апошніх тыдняў Узброеныя сілы Украіны (УСУ) вызвалілі каля 16 квадратных кіламетраў тэрыторыі Данецкай вобласці, паведаміў на сваёй Facebook-старонцы галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі. З ягоных слоў, цягам апошніх дзён ён наведваў усе брыгады, якія працуюць у аперацыйнай зоне войскаў АТГ «Данецк».
Сырскі распавёў, што расийцы не змянілі сваіх планаў і ў далейшым спрабуюць адціснуць падраздзяленні ўкраінскіх воінаў за межы Данецкай і Луганскай абласцей, а таксама выйсці на адміністрацыйныя межы гэтых рэгіёнаў.
«Мы працягваем абарончую аперацыю, праводзім контрнаступныя дзеянні і маем пэўныя поспехі. За апошнія тыдні вызвалілі каля 16 квадратных кіламетраў тэрыторыі ў раёне населеных пунктаў Удалае, Котліна, Шаўчэнка», — дадаў ён.
* * *

* * *
Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак, кіраўнік МЗС Андрэй Сібіга і кіраўнік Мінабароны Украіны Рустэм Умераў прыбылі ў Парыж, дзе запланаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі «кааліцыі рашучых» і Злучаных Штатаў.
У рамках візіту запланавана серыя двухбаковых і шматбаковых сустрэч з прадстаўнікамі дзяржаў «кааліцыі рашучых» і здольных гарантаваць бяспеку, у прыватнасці з Францыі, Германіі і Вялікабрытаніі. Таксама ў парадку дня сустрэчы з прадстаўнікамі ЗША, якія цяпер знаходзяцца ў Францыі.
* * *
РФ плануе выкарыстаць канфіскаваную кампанію ЗША для пастаўкі ежы свайго войска, піша Reuters. У лісце новага кіраўніцтва «Главпродукт», якое прагледзеў Reuters, гаворыцца, што захоп кампаніі быў неабходны для стабілізацыі вытворчасці, у прыватнасці для будучых паставак для Нацгвардыі і Міністэрства абароны РФ.
Цяпер «Главпродукт» знаходзіцца пад кантролем расійскага агенцтва па кіраванні дзяржмаёмасцю — Росмаёмасці. Кампанія была канфіскаваная ў заснавальніка з Лос-Анджэлеса Леаніда Смірнова.
Расійскія пракуроры абвінавачваюць Смірнова і звязаныя з ім кампаніі ў вывадзе з Расіі блізу 1,38 мільярда рублёў ($17 мільёнаў) у перыяд з 2022 да 2024 года.
* * *
Мінабароны Украіны дапусціла да эксплуатацыі ў сілах абароны дыстанцыйна кіраваную самаходную браніраваную платформу UNEX UGV украінскай вытворчасці, здольную працаваць у складаных умовах: на вадзе, балоце і лёдзе.
Самаходная платформа пабудавана на спецыяльным шасі, якое забяспечвае выключную мабільнасць у самых складаных умовах. UNEX UGV можна адаптаваць пад розныя задачы — баявы модуль, РЭБ, лагістыка, эвакуацыя, размініраванне і да таго падобнае.
Дзякуючы шырокім шынам і аптымальнаму размеркаванню вагі платформа аказвае на грунт меншы ціск, чым нага пяхотніка. Гэта дазваляе ёй праходзіць супрацьпяхотныя і супрацьтранспартныя міны.
Падчас прэзентацыі UNEX UGV прадэманстравала сваю далікатнасць, праехаўшы па керамічнай талерцы і кубку з кавай, не пашкодзіўшы іх.
* * *
Памочнік кіраўніка Крамля Юрый Ушакоў паведаміў, што расійскі і амерыканскі бакі яшчэ не дамовіліся аб новай тэлефоннай размове паміж прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і кіраўніком РФ Уладзімірам Пуціным. З ягоных слоў, дыялог аб новай тэлефоннай размове Пуціна і Трампа прадаўжаецца, пакуль дамоўленасці не дасягнутыя. «Размова пра гэта ідзе, пра гэтую тэлефонную размову. Пакуль што дамоўленасці не дасягнутыя», — сказаў Ушакоў.
Нядаўна дзяржаўны сакратар ЗША Марк Рубіё заявіў, што адміністрацыя Трампа чакае ад Расіі гатоўнасці да спынення вайны. У той жа час СМІ паведамлялі, што высокапастаўленыя чыноўнікі адміністрацыі Трампа пачалі прызнаваць, што ЗША могуць не дамагчыся мірнага пагаднення па Украіне ў бліжэйшыя некалькі месяцаў з-за дадатковых умоў, якія выстаўляе расійскі бок падчас перамоваў.