Starbucks, Pepsi і Coca-Cola прыпыняюць працу ў Расіі
Менш за тыдзень таму Pepsi і Coca-Cola заяўлялі, што не збіраюцца сыходзіць з расійскага рынку, аднак перадумалі, а да байкоту далучылася кампанія Starbucks.
Услед за Мcdonald's аб спыненні працы сваіх устаноў у Расіі паведаміла і сетка кавярняў Starbucks. Як напісаў у сваім блогу на сайце кампаніі яе кіраўнік Кевін Джонсан, ён «асуджае жудасны напад Расіі на Украіну і спачувае ўсім пацярпелым».
Ліцэнзаваны партнёр кавярняў пагадзіўся прыпыніць працу крам і будзе падтрымліваць амаль дзве тысячы расійскіх партнёраў, сродкі да існавання якіх залежаць ад Starbucks, гаворыцца ў заяве кампаніі, піша АФН.
Coca-Cola прыпыняе ўсю дзейнасць у Расіі, гаворыцца ў заяве на сайце кампаніі.
«Мы будзем працягваць адсочваць і ацэньваць сітуацыю па меры развіцця абставінаў» — адзначылі ў паведамленні.
Холдынг не мае прамой вытворчасці ў Расіі. Офіс The Coca-Cola Company займаецца толькі маркетынгам. Усімі заводамі валодае Coca-Cola Hellenic Bottling Company. 3 сакавіка гэтая кампанія заявіла, што ахвяравала 1 млн еўра камітэту Чырвонага Крыжа ва Украіне. Для супрацоўнікаў у гэтай краіне быў адкрыты фонд дапамогі.
У сваю чаргу, холдынг PepsiCo абвясціў, што на час спыняе продажу напояў у Расіі, згортвае інвестыцыйныя праграмы і рэкламную дзейнасць.