Самалётапад: у Расіі разбіўся Ан-2, два чалавекі загінулі
Пры заходзе на пасадку ў Ненецкай аўтаномнай акрузе ўпаў самалёт Ан-2. Вядома, што на борце знаходзіліся двое членаў экіпажа і дзесяць пасажыраў.
Самалёт, які ляцеў па маршруце «Нар'ян-Мар — Каратайка — Варандзей — Нар'ян-Мар», заходзіў на пасадку ноччу. Пляцоўка была неасветленая, але прычынай падзення ў МНС Расіі назвалі «абледзяненне». У вныіку катастрофы два чалавекі загінулі, як мінімум чатыры атрымалі раненні. Па факце крушэння расійскі СК тут жа завёў крымінальную справу.
Гэта не першы падобны выпадак. Як адзначае агенцтва РІА «Новости», самалёты Ан-2 за апошнія два гады ў Расіі падалі як мінімум 9 разоў, у трох выпадках былі загінулыя.
Але падаюць там не толькі Ан-2. У кастрычніку мінулага года на жылы дом у Іркуцку ўпаў ваенны самалёт Су-30, а ў Ейску аналагічны выпадак адбыўся са знішчальнікам Су-34, у выніку падзення якога загінулі 15 чалавек, у тым ліку трое дзяцей.
На пачатку кастрычніка на аэрадроме пад Севастопалем гарэў расійскі самалёт. Тады крымскія ратавальнікі паведамілі, нібыта «пры пасадцы самалёт выкаціўся за межы ўзлётна-пасадачнай паласы і загарэўся». У жніўні паветраныя судны выбухалі на вайсковай авіябазе «Сакі», што таксама месціцца ў Крыме. А ў снежні мінулага года адбылося некалькі атак на расійскія аэрадромы ў Раазанскай і Саратаўскай абласцях — верагодна, працавалі беспілотнікі. Былі пашкоджаныя бамбавікі і бензавоз, загінулі тры чалавекі.
Праблемы з самалётамі ёсць і ў Беларусі. Так, 12 жніўня на аэрадроме «Зябраўка», паводле паведамлення Мінабароны, «у адной з адзінак тэхнікі пасля праведзенай замены рухавіка адбылося ўзгаранне». Згарэў адзін самалёт і лясны масіў вакол яго.
Праз санкцыі, уведзеныя пасля знакамітай пасадкі «Боінга» з Раманам Пратасевічам і Соф'яй Сапега на борце, былі арыштаваныя самалёты беларускіх чыноўнікаў, хаця для некаторых санкцыі так і не набылі моц. Актывы нацыянальнага авіяперавозчыка «Белавія» замарожаныя, неба для яго закрытае, лізінгавыя самалёты больш не могуць выкарыстоўвацца, і нават запчасткі для сусветна вядомых «Боінгаў» і «Эмбраераў» цяпер пад забаронай.