У расійскім Іркуцку ваенны самалёт упаў на двухпавярховы дом (абноўлена)

Самалёты працягваюць падаць на жылыя дамы ў глыбіні Расіі. Без дапамогі УСУ.

irkuck.webp

Ваенны самалёт сямейства Су ўпаў на двухпавярховы дом у Іркуцку, паведаміў губернатар рэгіёна Ігар Кабзеў у сваім тэлеграм-канале.

Самалёт упаў на вуліцы Пржэвальскага. «Выехаў на месца. Усе падраздзяленні ўжо тут. Інфармацыі аб пацярпелых пакуль няма», — паведаміў чыноўнік.
Паводле папярэдняй інфармацыі, самалёт вылецеў з авіязавода і ўпаў у іркуцкім мікрараёне Нова-Леніна.
Дом гарыць.
Па папярэдніх даных, абодва пілота Су-30, які ўпаў на двухпавярховы дом у Іркуцку, загінулі.

Следчы камітэт Расіі паведамляе, што выпрабаванне самалёта выконвалася без боекамплекта, распачата крымінальная справа па арт. 263 КК РФ (парушэнне правілаў бяспекі руху і эксплуатацыі паветранага транспарту).

«Сярод асноўных версій крушэння Су-30 у Іркуцку — адмова кіслароднага абсталявання і разгерметызацыя кабіны. Па нашых дадзеных, пілоты страцілі прытомнасць прама ў паветры. На месцы працуюць экстранныя службы», — піша тэлеграм-канал «112».Нагадаем, 17 кастрычніка ў горадзе Ейск Краснадарскага краю на дзевяціпавярховы жылы дом упаў і загарэўся знішчальнік Су-34. Крушэнне самалёта пацвердзіла Міністэрства абароны Расіі. Там сцвярджаюць, што прычынай стала ўзгаранне аднаго з рухавікоў, а пажар узнік у выніку ўзгарання паліва. Пры гэтым паведамляецца, што пілоты паспелі катапультавацца.
Мясцовыя жыхары публікавалі у сацсетках відэа з наступствамі катастрофы. На кадрах відаць, што гараць некалькі паверхаў жылога будынка, чутныя выбухі. Людзі меркавалі, што гэта выбухаюць боепрыпасы самалёта. Ваенны карэспандэнт «Комсомольской правды» Аляксандр Коц сцвярджаў, што самалёт 277-га бамбавальнага авіяпалка нёс снарады да гарматы, іх дэтанацыю і чулі пры крушэнні.
Плошча ўзгарання склала 2000 квадратных метраў. Агонь цалкам ахапіў адзін з пад'ездаў. «Абрынуліся перакрыцці з дзявятага па пяты паверхі. Агнём ахоплены пад'езд цалкам, пашкоджаныя ў той ці іншай ступені каля 45 кватэр», — паведамлялі ратавальнікі.
У выніку крушэння Су-34 загінулі 15 чалавек, з іх трое дзяцей.
Каля 350 жыхароў пацярпелага дома эвакуяваныя ў бліжэйшую гасцініцу і дзіцячы лагер.