Расію зноў абвінавачваюць у выкарыстанні ва Украіне забароненай хімічнай зброі
Ідзе 1061-шы дзень вайны ва Украіне, развязанай Расіяй пры саўдзеле беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі. Расія ўвяла ў дзеянне новую, ужо чацвёртую мадыфікацыю дронаў «Шахед». А Германія можа далучыцца да шэрагу краін, якія гатовыя адправіць міратворчы кантынгент ва Украіну.
Сілы абароны Украіны на фронце зафіксавалі 199 баявых сутыкненняў, паведамляе ў ранішняй зводцы 19 студзеня Генштаб УСУ. Амаль палова з гэтых боесутыкненняў — 98 — прыйшлася на Пакроўскі кірунак. Другі па напружанасці атак — 20 — Тарэцкі кірунак. На Новапаўлаўскім кірунку расійцы спрабуюць прасунуцца да Вялікай Навасёлкі, здзейснілі 19 атак. На Курскім кірунку адбылося 12 боесутыкненняў, па 11 баёў адбылося на Ліманскім і Краматорскім кірунках.
* * *
Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што расійцы ствараюць ударную групоўку на поўдзень ад Пакроўска. Цэнтральная групоўка войскаў РФ засяродзіла ўдарную групоўку, якая ўключае падраздзяленні 2-й і 41-й агульнавайсковых армій, на поўдзень ад Пакроўска.
На думку аналітыкаў ISW, такое рашэнне расійскага ваеннага камандавання паказвае на тое, што акупацыйныя войскі могуць змяніць прыярытэты тактычных мэтаў на Пакроўскім кірунку, каб стварыць умовы для выкарыстання больш спрыяльных напрамкаў для прасоўвання бліжэй да Пакроўска з флангаў.
Таксама ў справаздачы гаворыцца, што падраздзяленні 15-й і 30-й мотастралковых брыгад РФ, а таксама 348-га мотастралковага палка цяпер адпачываюць і аднаўляюцца ў тылавых раёнах Пакроўскага кірунку. Пакуль незразумела, на які кірунак камандаванне РФ вырашыць кінуць гэтыя сілы.
* * *
Сілы абароны Украіны нанеслі авіяўдар па тэрыторыі Часаваярскага вогнеўпорнага камбіната, заявіў у эфіры тэлемарафона спікер АТГ «Луганск» падпалкоўнік Дзмітрый Запарожац: «На тэрыторыі вогнеўпорнага завода праціўнік паспрабаваў замацавацца, атакуючы малымі і сярэднімі групамі. Ён быў знойдзены ў адным з памяшканняў на тэрыторыі, нанесены авіяцыйны ўдар. Вораг панёс страты».
На думку аналітыкаў, гэта пацвярджае пераход тэрыторыі камбіната пад кантроль расійскай арміі. Страта камбіната азначае адступленне ў жылую, пабітую абстрэламі забудову. Паводле звестак суразмоўцы «Украінскай праўды», сілы абароны Украіны кантралююць прыкладна 30% тэрыторыі Часавага Яру.
* * *
Расійскія войскі спрабуюць блакаваць пасёлак вялікая Навасёлка Данецкай вобласці, які з восені 2024 года знаходзіцца ў паўакружэнні. Расійцы пачалі актыўна выкарыстоўваць бронетэхніку, паведамляе АСГВ «Хорціца».
«На Новапаўлаўскім кірунку праціўнік, карыстаючыся складанымі ўмовамі надвор'я, праводзіў наступальныя дзеянні з мэтай блакавання населенага пункта Вялікая Навасёлка. Для падтрымкі наступальных дзеянняў вораг актыўна ўжываў бронетэхніку», — гаворыцца ў паведамленні.
Украінскія вайскоўцы знішчылі два танкі і пяць бронемашын. «Воіны Сіл абароны вядуць знясільваючыя абарончыя баі», — адзначылі ва УСУ.
* * *
У ноч на 19 студзеня расійскія войскі запусцілі па Украіне 61 дрон з трох кірункаў, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ. Пацверджана збіццё 43 ударных БПЛА тыпу «Shahed» і беспілотнікаў іншых тыпаў, 15 беспілотнікаў лакацыйна страчаныя. Аб наступствах атакі не паведамляецца.
* * *
Міністр абароны Германіі Барыс Пісторыўс мяркуе, што нямецкія вайскоўцы маглі б узяць удзел у гарантаванні бяспекі дэмілітарызаванай зоны ва Украіне ў выпадку спынення агню. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю Süddeutsche Zeitung.
Адказваючы на пытанне пра магчымае разгортванне нямецкіх войскаў у буфернай зоне паміж Украінай і Расіяй, Пісторыўс заявіў, што гэта «будзе абмяркоўвацца тады, калі настане час». «Мы з'яўляемся найбуйнейшым партнёрам NATO у Еўропе. Таму відавочна, што мы будзем граць пэўную ролю і павінны ўзяць на сябе адказнасць», — сказаў нямецкі міністр.
Нагадаем, раней СМІ пісалі, што Вялікабрытанія і Францыя абмяркоўваюць адпраўку сваіх міратворцаў ва Украіну ў выпадку дасягнення адпаведных дамоўленасцяў.
* * *
* * *
Паводле звестак Генштаба УСУ, расійцы працягваюць выкарыстоўваць у баях супраць украінскіх войскаў спецыяльныя боепрыпасы, аснашчаныя небяспечнымі хімічнымі рэчывамі, забароненымі для выкарыстання ў якасці сродкаў вядзення вайны. Толькі на працягу снежня 2024 года з выкарыстаннем такой зброі было здзейснена больш за 400 нападаў.
«Разам са звычайнымі сродкамі агнявога паражэння праціўнік прымяняе боепрыпасы, аснашчаныя небяспечнымі хімічнымі рэчывамі, такія як К-51 і РГ-ВО, якія з'яўляюцца сродкамі барацьбы з беспарадкамі і забароненыя для выкарыстання ў якасці сродкаў вядзення вайны», — адзначылі ў Генштабе.
У снежні 2024 года падраздзяленнямі радыяцыйнай, хімічнай, біялагічнай разведкі сіл падтрымкі Узброеных Сіл Украіны зафіксавана 434 выпадкі прымянення такіх боепрыпасаў. З лютага 2023 года зафіксавана 5389 выпадкаў выкарыстання небяспечных хімічных рэчываў.
«РФ груба парушае правілы вядзення вайны, ігнаруе нормы і абавязацельствы па Канвенцыі аб забароне распрацоўкі, вытворчасці, назапашвання і прымянення хімічнай зброі і аб яе знішчэнні», — падкрэслілі ў Генштабе Украіны.
* * *
З'явіліся першыя фота дрона-камікадзэ «Шахед» новай серыі з маркіроўкай «Ъ». Гэта ўжо прынамсі чацвёртая вядомая серыя Ірана-расійскіх дронаў-камікадзэ тыпу «Шахед», піша Defense Express.
Падчас чарговай ракетна-дронавай атакі сіламі ўкраінскай супрацьпаветранай абароны быў збіты дрон з новай маркіроўкай. Новая серыя дрона-камікадзэ атрымала пазначэнне «Ъ», а з нумарацыі вынікае, што Расія вырабіла ўжо больш за 200 такіх беспілотнікаў.
Серыя «Шахедаў», якую цяпер актыўна выкарыстоўвае РФ, мае абазначэнне «Ы», і па стане на канец снежня мінулага года адзін з дронаў меў нумар 11934, што дазволіла зрабіць выснову, што ў РФ маглі выйсці на тэмпы вытворчасці да 2000 дронаў у месяц, а ў цэлым за год — каля 10 тысяч — пры ўмове, што нумарацыя адпавядае рэальнай колькасці.
Серыя «Ъ» ужо чацвёртая, якую выкарыстоўваюць або выкарыстоўвалі войскі РФ у нападах ва Украіне. Першая мела пазначэнне «М», другой (і самай масавай) был «Ы», якая мела шэраг мадэрнізацый, і серыя «К», якая значна адрозніваецца ад папярэдніх вялікім выкарыстаннем расійскіх камплектуючых.