The Telegraph: Францыя і Брытанія абмяркоўваюць магчымасць адпраўкі сваіх вайскоўцаў ва Украіну
Ідзе 1058-мы дзень поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Расчія працягвае ціснуць на Пакроўскім кірунку, кінуўшы туды асноўныя высілкі, але пры гэтым не забывае бамбіць Курскую вобласць. Тым часам некаторыя краіны разважаюць, як забяспечыць бяспеку Украіне пасля магчымага спынення агню.
Сітуацыя на фронце па стане на 16 студзеня застаецца напружанай. За суткі зафіксавана 124 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 16 студзеня.
Больш за ўсё расійцы атакуюць на Пакроўскім кірунку — там адбылося 56 боесутыкненняў. 16 разоў войскі РФ атакавалі на Ліманскім кірунку — спрабавалі ўклініцца ў абарону УСУ паблізу Макееўкі, Цернаў і Рыгораўкі. На Краматорскім кірунку расійцы атакавалі шэсць разоў у раёнах Ступачак, Часавага Яра. Па пяць атак УСУ адбілі на Купянскім і Новапаўлаўскім кірунках, чатыры — на Арэхаўскім кірунку.
У Курскай вобласці Расіі адбылося 15 боесутыкненняў, расіяне нанеслі 13 авіяцыйных удараў 18 кіраванымі бомбамі і здзейснілі 340 артылерыйскіх абстрэлаў, у тым ліку з рэактыўных сістэм залпавага агню.
* * *
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) фіксуе прасоўванне расійцаў у раёне Баравой у Луганскай вобласці (на захад ад Макееўкі), Часавага Яра і Тарэцка.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 15 студзеня, паказваюць, што расійцы прасунуліся ў межах Вогнеўпорнага завода ў цэнтры Часавага Яру.
Таксама войскі РФ нядаўна прасунуліся ў межах Тарэцка. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 14 студзеня, паказваюць, што захопнікі прасунуліся ў паўночна-заходняй і паўночнай частках горада.
Намеснік камандзіра ўкраінскага батальёна, які дзейнічае на Пакроўскім кірунку, заявіў, што войскі РФ не размяшчаюць оптыка-валаконных беспілотнікаў у гэтым раёне, бо ім не хапае дасведчаных аператараў дронаў. Аднак замест гэтага і праз спрыяльныя ўмовы надвор'я расійскія войскі ўзмацнілі ўдары кіраванымі бомбамі.
* * *
Па даных ініцыятывы DeepState, расійцы акупавалі Нясумнае ў Данецкай вобласці і прасунуліся яшчэ ў шэрагу населеных пунктаў. Разам з тым, паведамляе DeepState, сілы абароны Украіны аднавілі становішча ля Успенаўкі Данецкай вобласці.
Нясумнае — перадапошні населены пункт перад пасёлкам Вялікая Навасёлка, які з'яўляецца мэтай расійцаў на гэтым кірунку фронту з восені 2024 года. Ад набліжэння да Вялікай Навасёлкі расійцаў цяпер аддзяляе толькі маленькая вёска Врэмаўка.
* * *
На думку аналітыкаў Інстытута вывучэння вайны (ISW), атакуючы ўкраінскую энергетычную інфраструктуру вялікімі серыямі ўдараў, расійцы спрабуюць разбурыць энергетычную сетку Украіны, абмежаваць яе абаронны прамысловы патэнцыял і аслабіць волю ўкраінцаў да барацьбы. Так у ISW ацанілі маштабную ракетную атаку Украіны 15 студзеня.
* * *
* * *
Жыхары Тамбоўскай вобласці Расіі паведамілі пра атаку беспілотнікаў на вобласць. Відавочцы распавялі, што пачынаючы з 00.40 было чуваць ад чатырох да васьмі выбухаў у небе над Катоўскам. Таксама паведамляецца пра выбухі ў вёсцы Кузьміна-Гаць. Мясцовыя Telegram-каналы паведамляюць, што спрацавала сістэма СПА.
У Катоўску знаходзіцца Тамбоўскі парахавы завод, заснаваны ў 1915 годзе. Гэта адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў для вытворчасці боепрыпасаў і спецхіміі на тэрыторыі РФ. Ён вырабляе піраксілінавыя порахі для ўсіх відаў зброі і артылерыйскіх сістэм усіх калібраў, якія знаходзяцца на ўзбраенні рускіх войскаў.
У Варонежскай вобласці Расіі беспілотнікі атакавалі нафтабазу ў горадзе Ліскі, там успыхнуў моцны пажар, які было відаць здалёк. Удар таксама пацвердзіў губернатар Варонежскай вобласці Аляксандр Гусеў.
* * *
Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер прыбыў з афіцыйным візітам ва Украіну. Ён сустрэнецца з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім, плануецца падпісанне пагаднення аб пашырэнні вайсковай дапамогі Украіне. Чакаецца, што брытанскі прэм'ер абмяркуе з Зяленскім, якія гарантыі бяспекі Вялікабрытанія можа прапанаваць Кіеву, уключаючы магчымасць удзелу брытанскіх войскаў у складзе пасляваенных міратворчых сіл.
* * *
The Telegraph піша, што прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер абмяркоўваюць магчымасць адпраўкі вайскоўцаў сваіх краін ва Украіну як міратворчы кантынгент. Такі сцэнар Парыж і Лондан разглядаюць пасля патэнцыйнага пагаднення паміж Кіевам і Масквой аб спыненні баявых дзеянняў.
Мяркуецца, што міратворцы заходніх дзяржаў павінны выступаць у якасці гарантыі бяспекі для Украіны ў выпадку дамоўленасцяў з РФ аб спыненні агню. Гэта адна з ідэй, пра якую «цяпер усё часцей гавораць не толькі ў публічных дэбатах, але і за зачыненымі дзвярыма ў Вэстмінстэры» (у брытанскім урадзе), піша выданне.