ISW: Пуцін не збіраецца ісці на саступкі ў меркаваных мірных перамовах па Украіне
Ідзе 1057-мы дзень поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Расія наладзіла масіраваную ракетную атаку па ўкраінскай энергетычнай інфраструктуры, але асаблівых мэтаў не дасягнула. ЕС плануе новы пакет санкцый супраць РФ, а эксперты працягваюць разважаць наконт нюансаў магчымых мірных перамоваў.
За суткі, 14 студзеня, на фронце адбыліся 170 боесутыкненняў. Амаль палова з іх — 70 атак — адбыліся на Пакроўскім кірунку, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 15 студзеня.
На Ліманскім кірунку расіяне 17 разоў спрабавалі рушыць наперад паблізу населеных пунктаў Капанкі, Макееўка, Церны. На Северскім і Краматорскім кірунках зафіксавана па 14 боесутыкненняў. У аперацыйнай зоне УСУ ў Курскай вобласці Расіі падраздзяленні арміі Украіны адбілі 24 атакі. Расійцы нанеслі па ўласнай тэрыторыі дзевяць авіяцыйных удараў.
* * *
Расійская армія нанесла чарговы ўдар па энергетычнай інфраструктуры Украіны. Як напісаў у сваім Telegram прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, мэтай атакі была газавая інфраструктура і энергетычныя аб'екты, якія забяспечваюць жыццё людзей ва Украіне, пераважна ў Заходняй Украіне.
Як паведамляюць Паветраныя сілы УСУ, па Украіне было выпушчана 117 ракет і дронаў, Украінская СПА знішчыла 77 мэтаў: 30 крылатых і кіраваных ракет, 47 ударных БПЛА Shahed. Яшчэ 27 дронаў не дасягнулі мэтаў (былі лакацыйна страчаныя).
У выніку масіраванага ракетнага ўдару расійцаў у Львоўскай вобласці ёсць трапленні ў аб'екты крытычнай інфраструктуры ў двух раёнах-без пацярпелых, але з разбурэннямі.
* * *
Раніцай 15 студзеня, у выніку масіраванай ракетнай атакі Расіі па тэрыторыі Украіны Польшча падняла ў неба вайсковую авіяцыю. Як заявілі польскія вайскоўцы, «у сувязі з нападам Расійскай Федэрацыі, якая наносіць удары па аб'ектах, размешчаных, у прыватнасці, на захадзе Украіны, распачатая праца вайсковай авіяцыі ў нашай паветранай прасторы».
Аператыўнае камандаванне Польшчы падняло ў паветра дзяжурныя пары знішчальнікаў, а наземныя сродкі супрацьпаветранай абароны і радыёлакацыйнай выведкі былі прыведзеныя ў стан высокай гатоўнасці.
* * *
* * *
15 студзеня каля чатырох раніцы ў Чырвонаармейскім раёне Валгаграда пачаўся пажар на нафтаперапрацоўчым заводзе «Лукойл». У сеціве мясцовыя жыхары паведамлялі, што чулі выбух. Экстранныя службы РФ у каментары расійскім СМІ пацвердзілі, што на заводзе адбыўся пажар. Але расійцы сцвярджаюць, што прычынай узгарання былі ўнутраныя праблемы на прадпрыемстве, а не знешняе ўздзеянне.
Нагадаем, што ў канцы 2024 года ў Валгаградскай вобласці ўжо быў атакаваны нафтаперапрацоўчы завод «Лукойл». Тады расійцы заяўлялі, што СПА нібыта збіла тры беспілотнікі ў Валгаградскай вобласці.
* * *
Уладзімір Пуцін не збіраецца ісці на саступкі для правядзення мірных перамоваў і падтрымлівае патрабаванні, накіраваныя на знішчэнне ўкраінскай дзяржавы, пішуць аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Эксперты ацэньваюць інтэрв'ю расійскаму выданню» Комсомольская правда», апублікаванае 14 студзеня, дарадцы кіраўніка Крамля і былога сакратара Савета Бяспекі Мікалая Патрушава. Ён адхіліў здагадку аб тым, што Расія можа быць гатовая саступіць любую акупаваную тэрыторыю Украіне ў будучых перамовах, і заявіў, што гэтая ідэя «нават не падлягае абмеркаванню». Патрушаў ілжыва сцвярджаў, што фіктыўныя рэферэндумы на акупаваных тэрыторыях Украіны ў верасні 2022 года легітымізавалі прэтэнзіі Расіі на акупаваныя Данецкую, Луганскую, Запарожскую і Херсонскую вобласці, і намякнуў, што міжнароднае прызнанне незаконнай акупацыі і анэксіі Расіяй гэтых чатырох абласцей і акупаванага Крыма з'яўляецца ўмовай, якая не падлягае абмеркаванню для будучага мірнага пагаднення.
Патрушаў заявіў, што мэты Расіі ва Украіне застаюцца нязменнымі, і што Расія застаецца адданай дасягненню ўсіх мэтаў, якія кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін выкарыстаў для апраўдання поўнамаштабнага ўварвання.
«Пуцін вызначыў “дэмілітарызацыю” і “дэнацыфікацыю” Украіны як ключавыя мэты поўнамаштабнага ўварвання падчас выступу 23 лютага 2022 года — і гэтыя мэты роўныя знішчэнню здольнасці Украіны да самаабароны і замене законнай украінскай улады прарасійскай марыянеткавай... ISW працягвае ацэньваць мэты Пуціна ва Украіне, якія складаюцца ў развале НАТА і ўсталяванні поўнага кантролю над Украінай, і што Пуцін застаецца адданым гэтым мэтам, і ISW не заўважыў ніякіх прыкмет таго, што Пуцін гатовы адмовіцца ад іх на будучых перамовах» — пішуць эксперты.
* * *
Еўрапейскі Саюз разглядае магчымасць паступовага ўвядзення абмежаванняў на імпарт расійскага звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) і алюміній. Новыя захады стануць часткай 16-га пакета санкцый ЕС супраць РФ за вайну, развязаную ва Украіне, піша Bloomberg.
Паводле інфармацыі выдання, таксама санкцыі ЕС будуць уключаць абмежаванні на дзясяткі судоў ценявога флоту РФ, якія перавозяць расійскую нафту, і далейшы экспартны кантроль за таварамі, якія выкарыстоўваюцца ў ваенных мэтах. Таксама яшчэ больш банкаў адключаць для Расіі міжнародную сістэму SWIFT.
ЕС мае намер прыняць новы пакет захадаў у наступным месяцы, калі будзе трэцяя гадавіна поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.