ISW: Перамовы з Пуціным не прывядуць да ўстойлівага міру ва Украіне, бо яго патрабаванні тычацца не Украіны
Ідзе 1054-ты дзень поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Анекдот пра «бамбіць Варонеж» спраўдзіўся, бо расіяне прымяняюць авіябомбы ў Курскай вобласці Расіі. Пры гэтым, нягледзячы на амаль 200 штурмаў за суткі, яны не здолелі прасунуцца ні на адным участку фронта.
Сітуацыя на фронце застаецца складанай. Расійцы, выкарыстоўваючы перавагу ў жывой сіле і тэхніцы, бесперапынна атакуе пазіцыі сіл абароны Украіны. Усяго за мінулыя суткі зафіксавана 184 баявыя сутыкненні, паведаміў Генштаб УСУ.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 77 наступальных дзеянняў войскаў РФ, пры гэтым расійцы актыўна ўжывалі авіяцыю.
На Купянскім кірунку за суткі адбылося 18 атак. На Ліманскім кірунку расійцы 23 разы атакавалі пазіцыі УСУ паблізу зялёнага Гая, Новаегораўкі, Макееўкі, Цернаў. На Краматорскім кірунку за мінулыя суткі праціўнік распачаў 27 спробаў прасунуцца наперад паблізу Часавага Яру і Ступачак.
У аперацыйнай зоне ў Курскай вобласці падраздзяленні Сіл абароны Украіны за мінулыя суткі адбілі 18 атак расійцаў. Акрамя гэтага, авіяцыя РФ нанесла шэсць удараў кіраванымі авіябомбамі па тэрыторыі РФ.
* * *
Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся ў раёне плацдарма ў Курскай вобласці. Геалакацыйныя кадры ад 10 студзеня паказваюць, што УСУ прасунуліся ў паўночнай частцы Паграбкоў (на паўночны захад ад Суджы), адзначае амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
У Мінабароны РФ сцвярджалі пра захоп вёскі Шаўчэнкі (на поўдзень ад Пакроўска), але ў выніку расіяне, верагодна, захапілі яе яшчэ 15 снежня 2024 года.
Спікер брыгады УСУ, якая дзейнічае на Пакроўскім кірунку паведаміў, што расійцы актывізавалі наступальныя дзеянні паблізу Мірнаграда (на ўсход ад Пакроўска), і нядаўна перакінулі да іх сфармаваныя часткі мотастралковага палка, мотастралковай брыгады і падраздзяленні спецназа. Войскі РФ атакуюць дробнымі мабільнымі групамі да 10 салдат на ўсюдыходах (квадрацыклах) і пазадарожніках, а не з цяжкай бронетэхнікі з-за дрэнных умоў надвор'я і складанага рэльефу.
Афіцэр-выведнік украінскай брыгады, якая дзейнічала на Пакроўскім кірунку, распавёў, што войскі РФ наносяць удары па Пакроўску кіраванымі плануючымі бомбамі і да канца 2024 года знішчылі каля 90% энергетычнай інфраструктуры Пакроўска і 70% грамадзянскіх будынкаў.
ISW за суткі не зафіксавала прасоўвання расійцаў ні на адным з участкаў фронту.
* * *
Інстытут вывучэння вайны (ISW) прааналізаваў дзеянні паўночнакарэйскіх вайскоўцаў на вайне з Украінай і знайшоў іх нездавальняючымі. На думку экспертаў, войскі Паўночнай Карэі разгортваюць вялікія штурмавыя групы для вядзення баявых дзеянняў, нават нягледзячы на частыя ўдары ўкраінскіх БпЛА. Гэта спрыяе высокаму ўзроўню страт Паўночнай Карэі і паўплывае на ўрокі, якія ваеннае камандаванне азіяцкай краіны вынесе з баявых дзеянняў.
Адзін з украінскіх вайскоўцаў, які ваяваў у Курскай вобласці, паведаміў, што ў снежні 2024 года паўночнакарэйскія сілы штурмавалі пазіцыі УСУ сіламі ад 400 да 500 чалавек, а іх агульная колькасць у шэсць разоў перавышала колькасць украінскіх вайскоўцаў. Пасля васьмі гадзін бою ўкраінскія вайскоўцы вымушана адступілі з-за недахопу боепрыпасаў. Гэта сведчыць, што сілы КНДР, нават пры дрэннай тактыцы, спадзяюцца на большую колькасць асабістага складу для прасоўвання наперад.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што па стане на 5 студзеня ў Курскай вобласці былі забітыя або параненыя 3800 паўночнакарэйскіх вайскоўцаў — гэта каля траціны з 12 тысяч салдат, якія знаходзяцца ў тым рэгіёне.
* * *
* * *
Расійскія войскі запусцілі па Украіне 94 дроны ў ноч на 12 студзеня. Пацверджана збіццё 60 ударных БПЛА тыпу "Shahed" і беспілотнікаў іншых тыпаў, 34 беспілотніка-імітатара былі лакальна страчаныя, паведамілі паветраныя сілы УСУ.
З-за падзення збітых беспілотнікаў пашкоджаны некалькі дамоў у Харкаўскай, Сумскай і Палтаўскай абласцях.
* * *
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін на любых магчымых перамовах з Захадам аб спыненні вайны супраць Украіны, хутчэй за ўсё, будзе захоўваць свае даваенныя максімалісцкія патрабаванні. Пазіцыя кіраўніка Крамля не прывядзе да ўстойлівага міру, лічаць эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны.
У справаздачы ISW была прааналізавана публікацыя Financial Times (FT) ад 10 студзеня, у якой былы высокапастаўлены крамлёўскі чыноўнік і іншая крыніца распавялі, што Пуцін на любых падобных перамовах будзе захоўваць свае даваенныя патрабаванні па прадухіленні ўступлення Украіны ў NATO, і вывядзенне ваенных кантынгентаў з краін Усходняй Еўропы.
Так, у 2021 годзе Пуцін патрабаваў ад NATO узяць на сябе абавязацельствы не прымаць Украіну ці любыя іншыя краіны ў якасці новых членаў; забараніць пашырэнне Альянсу, і каб блок не разгортваў ніякіх ваенных сіл у дзяржавах, якія сталі членамі NATO пасля траўня 1997 года; забараніць любую ваенную дзейнасць NATO ва Украіне, Усходняй Еўропе, на Каўказе і ў Цэнтральнай Азіі; забараніць разгортванне ракет сярэдняй далёкасці ў раёнах, якія могуць дасягнуць тэрыторыі РФ; забараніць ЗША разгортваць ракеты сярэдняй далёкасці ў Еўропе або ядзерныя ракеты за межамі тэрыторыі Штатаў.
У ISW падкрэсліваюць, што патрабаванні Пуціна накіраваныя не на Украіну, а на NATO.
«Крэмль, імаверна, імкнецца ўваскрэсіць гэты наратыў, спрабуючы прымусіць заходніх лідараў маўкліва пагадзіцца на максімалісцкія патрабаванні Пуціна, якія аслабяць NATO пад выглядам "кампрамісу" на любых будучых мірных перамовах аб вайне ва Украіне», — пішуць экспэрты.
Разам з тым у ISW прадаўжаюць ацэньваць, што «ніякія перамовы не прывядуць да значнага або ўстойлівага міру, пакуль Пуцін застаецца адданым сваім даваенным патрабаванням поўнай капітуляцыі Украіны і паслаблення NATO».
* * *
Швейцарыя гатовая прыняць сустрэчу прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна па вайне ва Украіне, піша выданне Le Temps.
«Пасля саміту ў Бюргенштоку (маецца на ўвазе першы глабальны саміт свету па Украіне ў чэрвені 2024 года) Украіну, Расію і Злучаныя Штаты рэгулярна інфармавалі аб нашай гатоўнасці падтрымаць любыя дыпламатычныя намаганні, накіраваныя на ўсталяванне міру», — заявіў кіраўнік службы інфармацыі МЗС Швейцарыі Нікаля Бідо.
Пры гэтым, як адзначаюць журналісты гаворка ідзе пра ўдзел усіх бакоў, гэта значыць ЗША, Расіі і Украіны.
Як дадае Le Temps, швейцарскі ўрад не мае намеру праяўляць ініцыятыву. Швейцарыя, як адзначаецца, з'яўляецца толькі адной са спісу краін, гатовых прыняць сустрэчу палітыкаў.