Расійскія вайскоўцы абстралялі камерцыйны карабель і паставілі маракоў на калені
Расійскі патрульны карабель адкрыў папераджальны агонь па сухагрузе, які ішоў ва ўкраінскі Ізмаіл. Гэта першы выпадак абстрэлу камерцыйнага карабля рускімі вайскоўцамі пасля таго, як РФ выйшла са збожжавага пагаднення.
Мінабароны Расіі сёння заявіла, што каля 6:40 13 жніўня ў Чорным моры патрульным караблём Чарнаморскага флоту «Василий Быков» быў знойдзены сухагруз «Сукра Окан» пад сцягам Палау, які рухаўся ў порт Ізмаіл у Адэскай вобласці. Сухагруз гвалтоўна спынілі і дагледзелі.
На патрабаванне прыпыніцца для надгляду капітан сухагруза нібыта не адрэагаваў, пасля чаго з расійскага карабля быў адкрыты папераджальны агонь.
Па выніках радыёперамоў сухагруз спыніўся, і на яго высадзілася група расійскіх вайскоўцаў з верталёта Ка-29. Пасля надгляду, як сцвярджае Мінабароны РФ, сухагруз працягнуў рух у порт Ізмаіл.
Нагадаем, як пісаў «НЧ», месяц таму, 17 ліпеня, Расія заявіла, што ўсе караблі, якія ідуць у акваторыі Чорнага мора ва ўкраінскія парты, будуць разглядацца як патэнцыйныя перавозчыкі грузаў вайсковага прызначэння пасля таго, як у аднабаковым парадку выйшла са «збожжавага пагаднення».
Удзень 15 жніўня Мінабароны РФ нават паказала на відэа, як даглядалі ў Чорным моры сухагруз, які ішоў за збожжам ва Украіну. На запісе маракі цывільнага карабля стаяць на каленях.
Міністэрства абароны РФ апублікавала відэа затрымання і надгляду ў Чорным моры сухагруза «Сукра Окан», які ішоў ва ўкраінскі порт Ізмаіл і быў спынены папераджальным агнём 13 жніўня.
Ролік Мінабароны пачынаецца з кадраў, знятых з верталёта, які лётае побач з сухагрузам. На палубе стаіць чалавек у вайсковай форме, побач стаяць на каленях людзі, якія трымаюць рукі за галавой. Затым у відэа ідуць кадры, знятыя, імаверна, камерай на шлеме аднаго з расійскіх вайскоўцаў. У гэтай частцы запісу вайскоўцы ідуць па сухагрузе са зброяй у руках, заходзяць у рубку і крыкам патрабуюць спыніць рухавік.
Затым чальцы экіпажа сухагруза, якія знаходзяцца ў рубцы, апускаюцца на калені з рукамі за галавой. Вайскоўцы па-англійску пытаюцца ў капітана, чаму ён не спыніў сухагруз, той пры дапамозе калегі, які перакладае на англійскую мову, адказвае, што «дрэнна зразумеў».
Прэс-служба Мінабароны РФ сцвярджае, што пасля праверкі дакументаў і надгляду судна працягнула свой шлях. Прадстаўнік турэцкай кампаніі, якая валодае сухагрузам, паведаміў тэлеканалу CNN, што карабель на момант праверкі быў пустым. Паводле яго, сухагруз накіроўваўся ва ўкраінскі порт за збожжам.
«Расійская служба ВВС» адзначае, што гэта першы выпадак абстрэлу камерцыйнага карабля па-за ўкраінскімі партамі з моманту выхаду Расіі са збожжавага пагаднення. Украінскія ўлады назвалі гэты інцыдэнт парушэннем нормаў міжнароднага марскога права і запатрабавалі ўважлівага расследавання ўсіх абставінаў таго, што здарылася. Таксама ўлады Украіны рэкамендавалі капітанам караблёў, якія накіроўваюцца ва ўкраінскія парты ці назад, рухацца як мага бліжэй да ўзбярэжжа паўночна-заходняй часткі Чорнага мора.