«Галодныя гульні — 2». Расія заявіла пра выхад з «зерневага пагаднення»
Дзеянне збожжавай здзелкі — дамоўленасці пра магчымасць экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі з Украіны марскім шляхам праз порты — спыняецца, заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў.
Паводле яго слоў, пазіцыя па збожжавым пагадненні была агучана Масквой яшчэ да атакі на Крымскі мост, і сённяшнія падзеі не звязаны са спыненнем яе дзеяння. Тэрмін пагаднення якраз заканчваецца 17 ліпеня.
Пяскоў таксама паведаміў, што Расія вернецца да разгляду здзелкі, калі патрабаванні Масквы па гэтых дамоўленасцях будуць выкананы. Масква сярод іншага патрабуе ад Захаду зняцця забароны на пастаўкі запчастак і тэхнікі ў Расію, а таксама перападключэння падсанкцыйнага «Рассельгасбанка» да міжнароднай сістэмы плацяжоў SWIFT.
Прадстаўніца расійскага МЗС Марыя Захарава заявіла, што Расія сёння афіцыйна апавясціла Турцыю і Украіну, а таксама сакратарыят ААН аб пярэчаннях супраць падаўжэння збожжавай здзелкі.
Заканчэнне збожжавага пагаднення пацвердзіў таксама прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган.
«Чарнаморская ініцыятыва ўвайшла ў гісторыю як важны дыпламатычны поспех. Адгружана больш за 33 млн тон збожжавых прадуктаў. Многім краінам удалося прадухіліць уцягванне ў харчовы крызіс», — сказаў Эрдаган.
Ён мяркуе, што, нягледзячы на сённяшнюю заяву, расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін хоча, каб гэты гуманітарны калідор працягваў працаваць.
«Калі я вярнуся з паездкі, у мяне будзе сустрэча з Пуціным. Мы пагаворым аб гэтым, калі сустрэнемся ў нашай краіне ў жніўні», — дадаў прэзідэнт Турцыі. Эрдаган адзначыў, што Турцыя да апошняга моманту рабіла намаганні па выратаванні збожжавай здзелкі.
Тым часам амбасада РФ у Мінску паведаміла, што перадала Кіеву ноту па збожжавай здзелцы: выкананне ініцыятывы павінна быць цалкам спынена з 18 ліпеня.
«Зерневае пагадненне» — дамова, падпісаная 22 ліпеня 2022 года Украінай, Расіяй і Турцыяй на перамовах у Стамбуле пры пасрэдніцтве ААН, якая разблакіравала экспарт украінскага збожжа па Чорным моры. Украіна падпісала асобны дагавор з Турцыяй і ААН і нясе абавязацельствы перад імі. Расія падпісала люстраное пагадненне з Турцыяй і ААН.
Расія ўжо некалькі разоў заяўляла пра выхад з «зерневага пагаднення», заяўляла, што не будзе працягваць працу «збожжавага калідора». Кожны раз яна спрабавала праціснуць якія-небудзь выключэнні з санкцый або дадатковыя магчымасці для расійскага экспарту. Аднак так і не дасягала выніку і вярталася ў гэта пагадненне.