Як РФ зрывала збожжавае пагадненне — у сакрэтным дакладзе для Крамля

Як менавіта расіяне сарвалі «Хлебнае пагадненне», раскрывае сакрэтная «Справаздача» для кіраўніцтва Крамля.

_krajavid___zbozza___neba___leta___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Украінская разведка апрылюдніла сакрэтны даклад для Крамля пра тое, як РФ зрывала збожжавае пагадненне.

Галоўнае ўпраўленне разведкі апублікавала закрыты даклад для вышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва Расіі з падрыхтаванай закрытай выніковай справаздачай аб перашкодзе дзеянню збожжавага пагаднення (ЗП) — «аб працы расійскай часткі сумеснага каардынацыйнага цэнтра ў ходзе рэалізацыі ініцыятывы».

Тэкст дакумента прысвечаны тэхналогіям, якія ўжываліся для перашкоды рэалізацыі працы збожжавага калідора і ў выніку прывялі да канчатковага разрыву пагаднення.

Згодна з дакладам, так званы «сумесны каардынацыйны цэнтр» бачыў сваёй галоўнай задачай максімальнае памяншэнне аб'ёму збожжа, якое вывозілася ў рамках збожжавай здзелкі.

Глядзіце таксама

У прыватнасці, у дакуменце гаворыцца: «Якасная праверка караблёў таксама была адным з ключавых элементаў стрымлівання бескантрольнага росту экспарту збожжа з украінскіх партоў. Пры гэтым дзейнасць расійскіх інспектараў была пабудавана ў строгай адпаведнасці з распрацаванымі метадычнымі дакументамі па арганізацыі правядзення інспекцыі караблёў. Па выніках праведзеных інспекцый быў абмежаваны ўдзел у ініцыятыве для 46 караблёў і абмежаваныя ў руху 303 караблі на агульны тэрмін 342 сутак».

Мерапрыемствы па зрыву збожжавага пагаднення былі разбіты на некалькі этапаў.

На першым, па ініцыятыве расійскага прэзідэнта, быў прыпынены ўдзел РФ у ЗП з 29.10.22 па 03.11.22.

Згодна з дакументам, гэта прывяло да падзення аб'ёмаў вывазу збожжа з 4,2 млн у кастрычніку да 2,6 у лістападзе.

Наступны этап — меры па абмежаванні допуску караблёў у порт Паўднёвы, памяншэнне колькасці інспекцыйных каманд (не больш за дзве), прыпыненне рэгістрацыі збожжавозаў.

Гэта дазволіла расіянам «эфектыўна стрымліваць колькасць караблёў, якія накіроўваліся ва ўкраінскія парты, і значна абмежаваць аб'ём вывазу харчавання з Украіны, што ў цэлым прывяло да немагчымасці для Кіева экспартаваць каля 20 млн тон грузаў».

Глядзіце таксама

Расіяне даюць справаздачу, што найменшая колькасць харчавання, якое экспартавалася з украінскіх партоў (7,8 млн тон), прыйшлося на трэці этап ініцыятывы (з 19 сакавіка па 17 ліпеня 2023 года).

Асобная ўвага была звернута на зрыў паставак збожжа па праграме Сусветнай харчовай праграмы: «Спынены спробы ўкраінцаў выкарыстоўваць Чарнаморскую ініцыятыву для працягу так званай праграмы «Збожжа з Украіны» з прыцягненнем караблёў, зафрахтаваных па лініі Сусветнай харчовай праграмы. Рэгістрацыя такіх караблёў праходзіла толькі пасля прадстаўлення пісьмовых абавязацельстваў аб няўдзеле ў падобных акцыях».

У выніку аўтары даклада паведамляюць: «Назапашаны архіў ведаў дазволіць, пры вырашэнні падобных задач, дасягнуць высокага ўзроўню эфектыўнасці ў самыя кароткія тэрміны».

У ГУР лічаць, што ў выпадку падаўжэння збожжавага пагаднення расіяне будуць выкарыстоўваць увесь назапашаны «вопыт» для эфектыўнага зрыву дамоўленасцей.

Ва ўкраінскім ведамстве лічаць, што дакумент сведчыць, што ўсе дзеянні па зрыве збожжавага пагаднення — частка адзінага загадзя распрацаванага плана, а мэтанакіраваны абстрэл украінскай партовай інфраструктуры — толькі чарговы крок у яго рэалізацыі.

Паводле www.pravda.com.uagur.gov.ua