Радаслаў Сікорскі: Еўропа ўжо падвяргаецца нападу з боку Расіі

Расійцы ўсё яшчэ спрабуюць атачыць Пакроўск, але ўкраінскія абаронцы стрымліваюць іх атакі. У той жа час расійскія ракеты зноў скіраваліся на Кіеў. А таму санкцыі з Расіі здымаць зарана, а Украіне патрэбная большая дапамога, лічаць палітыкі Еўропы. Ідзе 1060-ты дзень вайны ва Украіне, развязанай Расіяй пры саўдзеле беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі.

Разбурэнні на станцыі метро ў Кіеве пасля расійскай ракетнай атакі

Разбурэнні на станцыі метро ў Кіеве пасля расійскай ракетнай атакі

На фронце за апошнія суткі зафіксавалі 174 баявыя сутыкненні. Расійцы працягваюць ціснуць каля Пакроўска, у Часавым Яры, Тарэцку і не толькі. На Пакроўскім кірунку цягам мінулых дзён абаронцы Украіны спынілі 79 штурмавых дзеянняў расійскіх войскаў, гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ на раніцу 18 студзеня.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 13 разоў. На Краматорскім кірунку УСУ адбілі 26 атак у раёне Часавага Яра, у напрамку Ступачак і Белай Горы.

За мінулыя суткі на Тарэцкім кірунку вораг 19 разоў атакаваў украінскія падраздзяленні. У Курскай вобласці Расіі за мінулыя суткі ўкраінскія воіны адбілі 16 штурмаў арміі РФ.

У аператыўна-стратэгічнай групоўцы войскаў «Хорціца» зняпраўдзілі чуткі аб прысутнасці расійскіх войскаў у Пакроўску Данецкай вобласці. Паводле звестак вайскоўцаў, баі працягваюцца на подступах да агламерацыі. Пра гэта паведамляецца ў афіцыйным Telegram-канале АСГВ «Хорціца».

«Расійскія захопнікі прыкладаюць максімальныя намаганні, каб акружыць Пакроўск Данецкай вобласці. Акупанты спрабуюць наблізіцца да подступаў да горада… Праціўнік засяроджвае намаганні і ўводзіць у бой дадатковыя рэзервы. Нягледзячы на страты, спрабуе захоўваць тэмпы прасоўвання з мэтай ахопу Пакроўска і набліжэння да яго ваколіц», — гаворыцца ў паведамленні.

Украінскія вайскоўцы супрацьстаяць спробам праціўніка рэалізаваць сваю колькасную перавагу і развіваць наступ. Вакол Пакроўска ідуць цяжкія баі, адзначылі ў АСГВ, але ў горад расійскія войскі не зайшлі.

* * *

Расія нанесла камбінаваны ўдар па Украіне ў ноч на 18 студзеня. Акупанты выпусцілі 4 балістычныя ракеты і 39 дронаў, паведамілі Паветраныя сілы УСУ.

Расійцы ажыццявілі пускі дронаў з трох кірункаў — Мілерава, Бранск, Прыморска-Ахтарск, і чатыры балістычныя ракеты «Іскандэр-М»/KN-23 (пускі былі з Варонежскай і Бранскай абласцей).

Дзве ракеты ў Кіеўскай вобласці былі збітыя, таксама збітыя 24 дроны. Яшчэ 14 беспілотнікаў лакацыйна страчаныя (без негатыўных наступстваў).

Збітыя балістычныя ракеты ўпалі на Шаўчэнкаўскі раёне Кіева. Часткова разбураны вытворчы будынак прадпрыемства, пашкоджаны дамы, уваход у метро, аўтамабілі і магістральны вадаправод. У выніку атакі на Кіеў загінулі чатыры чалавекі, прынамсі трое параненыя.

Акрамя таго, расійцы ўдарылі балістыкай па адным з прадпрыемстваў у Запарожжы, таксама пашкоджаныя дамы і транспартныя сродкі. Вядома пра дзесяць пацярпелых, двое лічацца зніклымі без вестак.

* * *

Галоўнае ўпраўленне выведкі Мінабароны Украіны ў ноч на суботу, 18 студзеня, атакавала беспілотнікамі нафтабазу ў Тульскай вобласці РФ. Там успыхнуў пажар.

Таксама пажар пасля атакі беспілотнікаў зафіксаваны ў Людзінава ў Калужскай вобласці — на Людзінаўскай нафтабазе кампаніі «Калуганафтапрадукт».

* * *

5213100299248593723.jpg

* * *

Цяпер няма падстаў для адмены санкцый Еўрапейскага Саюза супраць Расіі, заявіла кіраўніца дыпламатыі ЕС Кая Калас у інтэрв'ю AFP. Яна адзначыла, што расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін не змяніў сваіх мэтаў, таму няма падстаў для скасавання санкцый.

«Якімі б ні былі перамовы, мы будзем у значна больш слабой пазіцыі, калі санкцыі будуць знятыя заўчасна. Я таксама не думаю, што ў інтарэсах Злучаных Штатаў адмовіцца ад санкцый цяпер», —  так кіраўніца дыпламатыі ЕС пракаментавала прапанову прэм'ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана, каб ЕС скасаваў санкцыі супраць Расіі, бо адміністрацыя Дональда Трампа гатовая з наступнага тыдня адкрыць «новую эру».

* * *

Расія і Іран падпісалі Пагадненне аб стратэгічным партнёрстве, якое ўключае ўзмоцненае вайсковае супрацоўніцтва, што можа дапамагчы Расіі ў вядзенні вайны супраць Украіны.

«Пагадненне ахоплівае пытанні ўзмацнення абароннага супрацоўніцтва, абмену разведданымі, выкарыстання ядзернай энергіі і супрацоўніцтва, транспартнай падтрымкі і развіцця міжнароднага паўночна-паўднёвага транспартнага калідора (INSTC), а таксама палажэнні аб тым, што ні адзін з бакоў не дазволіць трэцім бакам выкарыстоўваць сваю тэрыторыю з мэтай пагрозы бяспекі іншага боку, сярод іншых эканамічных і сацыяльных сфер партнёрства», — заўважаюць аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Асаблівую ўвагу экспэртаў прыцягнулі дамоўленасці аб «вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве», якое прадугледжвае пастаўкі Іранам беспілотнікаў Shahed і іншай вайсковай тэхнікі, якая можа быць выкарыстаная Расіяй для працягу вайны ва Украіне. 

Іран, у прыватнасці, можа дапамагчы Расіі маштабаваць вытворчасць беспілотнікаў Shahed на тэрыторыі Расіі, што дазволіць знізіць залежнасць ад імпарту і забяспечыць пастаянны паток неабходнай тэхнікі для далейшых баявых дзеянняў.

* * *

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што Еўропа ўжо «падвяргаецца нападу з боку Расіі», а яе гібрыдныя атакі вар'іруюцца ад палітычных забойстваў і кібервайны да актаў сабатажу і падпалаў.

Амаль праз тры гады пасля расійскага ўварвання ва Украіну Сікорскі адзначыў шматгранныя атакі, якія Расія ажыццяўляе ў Еўропе, уключаючы сумна вядомае забойства ў Берліне ў 2019 годзе і «палітычныя забойствы» ў Вялікабрытаніі; акты сабатажу ў Чэхіі, Літве, Польшчы; разбурэння інфраструктуры; кібератакі, умяшанне ў выбары і рэферэндумы. Таксама Сікорскі адзначыў пагрозу з боку «ўзброеных мігрантаў» на сваёй усходняй мяжы, назваўшы гэтую праблему «гібрыднай аперацыяй, задуманай Расіяй і Беларуссю».

Сікорскі заявіў, што Польшча падчас старшынства ў ЕС будзе «сканцэнтраваная на бяспецы», а найлепшым адказам для Еўропы на дзеянні Расіі будзе «сур'ёзна паставіцца да еўрапейскай абароны». «Сіла стрымлівае, слабасць заахвочвае», — дадаў ён.

* * *

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер падчас свайго візіту ў Польшчу адзначыў неабходнасць узмацнення падтрымкі Украіны сусветнымі лідарамі. Паводле яго слоў, шлях да міру ва Украіне магчымы толькі на ўмовах самой Украіны. 

Стармер заявіў, што Вялікабрытанія, як адна з вядучых ваенных дзяржаў Еўропы, падзяляе з Польшчай прыхільнасць NATO і Украіне, і адзначыў неабходнасць нарошчвання намаганняў па ўмацаванні пазіцый Украіны ў вайне з Расіяй і забеспячэнні яе здольнасці абараніць сябе ў будучыні.