Прычыны, па якіх Зяленскі хоча звольніць Залужнага

Ужо некалькі дзён ходзяць чуткі, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў хуткім часе звольніць з пасады галоўнакамандуючага Валерыя Залужнага. Чаму гэта можа здарыцца, разважае Антось Жупран у матэрыяле «Нашай Нівы».

Фота: «Getty Images»

Фота: «Getty Images»

Розныя вайсковыя прыярытэты

Як піша ў сваёй кнізе «Шоумен» журналіст «Time» Сайман Шустэр, супярэчнасці паміж прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі Украіны Валерыем Залужным узніклі яшчэ да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Залужны выступаў за ўсеагульную мабілізацыю і ўмацаванне меж з Расіяй, а прэзідэнт баяўся, што такія меры справакуюць у грамадстве паніку.

З пачаткам вайны, як піша Шустэр, па меры таго як рускія адступалі, прэзідэнт Украіны станавіўся ўсё больш упэўненым у сабе. У яго з'явіліся ўласныя бачанні таго, як трэба весці вайну, і яны не заўсёды супадалі з генеральскімі. Неўзабаве раскол узмацніўся. 

Вайсковы аналітык Цэнтра Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах Густаў Грэсэль пісаў, што Зяленскі, насуперак волі Залужнага, настойваў на ўтрыманні Бахмута летам 2023 года, хаця з ваеннага пункту гледжання ў гэтым ужо не было сэнсу.

Акрамя таго, «BILD» стала вядома, што Залужны яшчэ некалькі тыдняў таму хацеў вывесці войскі з Аўдзееўкі, аднак Зяленскі адмовіў яму ў гэтым і 29 снежня асабіста паехаў у горад на лінію фронту, каб падтрымаць байцоў УСУ.

Глядзіце таксама

Увосень 2023-га ўкраінскія і заходнія СМІ пачалі паведамляць аб канфлікце паміж Зяленскім і Залужным пасля інтэрвʼю апошняга «The Economist», дзе галоўнакамандуючы сярод іншага заявіў, што баі на Украіне зайшлі ў тупік. Прэзідэнт публічна з ім не пагадзіўся.

Парушэнне строгай іерархіі ў войску

Для хуткасці Уладзімір Зяленскі мог камунікаваць з кіраўніком Сухапутных войскаў Аляксандрам Сырскім і кіраўніком паветраных сіл Мікалаем Алешчуком у абыход Залужнага. Гэтага патрабуюць абставіны. Але з другога боку, гэта дэстабілізуе працу галоўнакамандуючага УСУ, які даведваецца нешта ад сваіх фармальных падначаленых хіба што на нарадах стаўкі, а то і зусім не даведваецца, пісала «Украінская праўда».

Для строга іерархічнай вайсковай структуры гэта неўласціва.

Чыстка сярод абласных ваенкамаў, замяшаных у карупцыі, якую ініцыяваў украінскі прэзідэнт, таксама мае адваротны бок. Як пісала «Украінская праўда», Залужны пасля гэтых звальненняў агучыў даныя па мабілізацыі: было рэзкае падзенне па ўсіх абласцях. Рашэнне, якое палітычна выглядала правільным (грамадства хацела справядлівасці), мела ваенныя наступствы.

Падобны эфект, лічыць «УП», маюць і кадравыя такія перастаноўкі, як звальненне камандуючага ССА Віктара Харэнкі, камандуючай медсіл Таццяны Асташчанка. Усе гэтыя вайскоўцы з арбіты галоўнакамандуючага Залужнага, і іх вызваленне ўносіць нестабільнасць у камандную вертыкаль.

Падазрэнні ў палітычных амбіцыях Залужнага

Не спрыялі добрым узаемаадносінам і падазрэнні з боку Офіса прэзідэнта Украіны ў магчымых палітычных амбіцыях Залужнага. Як піша Шустэр, прычынай паслужыла рашэнне генерала стварыць дабрачынны фонд, які, на думку грамадзянскіх улад, мог перарасці ў палітычную партыю, ад якой Залужны мог бы вылучыцца ў прэзідэнты. Залужны ў выніку фонд ствараць не стаў.

Сацыялагічныя апытанні паказвалі, што цяпер у Залужнага больш высокі рэйтынг падтрымкі, чым у Зяленскага. Як піша «Bloomberg», напружанасць паміж галаўкамам і прэзідэнтам пагаршаецца тым фактам, што Залужны карыстаецца «шалёнай папулярнасцю» як сярод украінскага народа, так і сярод вайскоўцаў.

Глядзіце таксама

Зброя і камунікацыя з заходнімі партнёрамі

Паводле звестак «УП», па разліках Генеральнага штаба для выканання задачы Зяленскага па вызваленні ўсёй тэрыторыі Украіны патрабуецца сіл і сродкаў на 350—400 мільярдаў долараў.

Некаторымі ідэямі планавання Генштаб падзяліўся з кіраўніком Пентагона Лойдам Осцінам падчас яго апошняга візіту ў Кіеў у лістападзе.

«Осціну агучылі патрэбнасць у 17 мільёнах снарадаў. Ён, мякка кажучы, здзівіўся, таму што ва ўсім свеце не сабраць столькі снарадаў», — распавядаў «УП» не пад запіс адзін з чыноўнікаў Сіл абароны.

Прадстаўнікоў Пентагона здзівіла шчырасць украінскіх калег адносна ўнутранай сітуацыі ў краіне.

«У прыватных размовах Осцін распавядаў, што Залужны пастаянна скардзіцца яго генералам на ОП, як яму перашкаджаюць. Ну ясна, што і прэзідэнт пра такія размовы даведаўся. І яны не спрыяюць даверу», — каментаваў на ўмовах ананімнасці чыноўнік Сіл абароны.

З-за адмовы ў пастаўцы ўзбраенняў Украіне, як піша Шустэр, Залужны на час перарываў кантакт са старшынёй Абʼяднанага камітэта начальнікаў штабоў Узброеных сіл ЗША (у 2019-2023 гадах) Маркам Мілі.

Якія б ні былі прычыны незадаволенасці прэзідэнта Украіны галоўнакамандуючым узброенымі сіламі, рашэнне аб адстаўцы не патрабуе дадатковых абгрунтаванняў і тлумачэнняў. Адпаведна заканадаўству Зяленскі гэта можа зрабіць у любы зручны для яго час. За апошнія месяцы, як адзначаюць аналітыкі, прэзідэнт Украіны не раз быў блізкі да прыняцця такога рашэння. Але пакуль Залужны застаецца на сваёй пасадзе.

Глядзіце таксама