«Гэта не патавая сітуацыя». Зяленскі адрэагаваў на нашумелы артыкул Залужнага

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адзначыў, што Украіна не знаходзіцца ў патавай сітуацыі ў сувязі з пераходам вайны ў стадыю пазіцыйнага знясілення. Як перадае УНІАН, пра гэта кіраўнік дзяржавы сказаў на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Еўрапейскай камісіі Урсулай фон дэр Ляен у Кіеве.

Калаж unian.net

Калаж unian.net

У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы пракаментаваў артыкул галоўнакамандуючага УСУ Валерыя Залужнага для The Economist аб тым, што вайна перайшла ў пазіцыйную стадыю і што гэта прывядзе да зацягвання вайны, якое будзе выгадна Расіі.

Зяленскі нагадаў, што 24 лютага 2022 года ўсе казалі, што Украіне нядоўга засталося трымацца і што амаль уся краіна будзе захопленая.

«І былі тыя ці іншыя сігналы, умовы, што трэба ўсё аддаць, людзей памяняць, Расію прызнаць, пра Еўропу забыцца, пра NATO не думаць. І што такое Украіна — няма такой дзяржавы, — сказаў Зяленскі. — Усіх гэтых галасоў я шмат чуў за гэтыя гады. І я быў абсалютна ўпэўнены ў нас».

Паводле слоў прэзідэнта, Украіна была ў больш складанай сітуацыі: «Але мы вельмі верылі, змагаліся і атрымалі перамогу. Некалькі упэўненых выкрутаў, практык, ваенных аперацый, і вы памятаеце, Харкаўскі рэгіён быў вызвалены, частка, і вы памятаеце, што было ў Херсоне. Таму, ёсць складанасці, ёсць розныя меркаванні, і я лічу, што мы не маем права нават думаць і апускаць рукі. Таму што якая, скажыце мне, альтэрнатыва?».

Паводле яго пераканання, калі Украіна гіпатэтычна аддасць Расіі траціну дзяржавы, то вайна не скончыцца: «Гэта будзе толькі пачатак. Ён жа гэтым не скончыць (Пуцін). Мы ж ведаем, што такое замарожаны канфлікт. Мы ж для сябе зрабілі высновы».


Глядзіце таксама

Зяленскі падкрэсліў, што трэба берагчы людзей.

«Сёння прайшоў час — людзі стомленыя. Усе стамляюцца. Усе людзі, незалежна ад іх статусу. Гэта зразумела. Тут нічога такога няма. Але гэта не патавая сітуацыя. Я яшчэ раз падкрэсліваю. Мы пра гэта ўжо казалі. Гэта не нейкая навіна. Расія кантралюе неба. Мы беражэм нашых хлопцаў і дзяўчат. Калі мы не кантралюем неба, проста кідаць, як Расія кідае сваіх людзей як мяса, ніхто не хоча», — дадаў прэзідэнт.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы расказаў, як перамагчы такую сітуацыю. У прыватнасці, ён адзначыў, што рашэнне аб прадастаўленні Украіне самалётаў F-16 ужо ёсць, але трэба пачакаць завяршэння навучання ўкраінскіх пілотаў і механікаў, таму што гэта доўгі працэс.

«Хуткія ёсць рашэнні. І яны не нейкія там касмічныя, тэхналагічныя — супрацьпаветраная абарона. Мы паспрабавалі, калі на фронце ёсць СПА, усе выразна разумеюць — вайскоўцы ідуць наперад, бягуць, едуць, выкарыстоўваюць тэхніку. І ідуць тыя ці іншыя контрнаступныя дзеянні», — падкрэсліў Зяленскі.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што трэба больш супрацоўнічаць з партнёрамі для ўзмацнення СПА і разблакавання неба, каб «даць магчымасць нашым хлопцам здзейсніць наступальныя дзеянні». Зяленскі заявіў, што трэба думаць пра сённяшні дзень, а не пра заўтра.

Раней галоўнакамандуючы УСУ генерал Валерый Залужны паведаміў, што вайна ва Украіне пераходзіць у новую фазу, ператвараючыся ў пазіцыйную на знясіленне, якое грае на руку РФ.

Залужны дадаў, што згодна з першапачатковай задумай вайсковага камандавання Украіны, УСУ павінны падчас прарыву расійскай абароны прасоўвацца з хуткасцю блізу 30 км на дзень. Чакалася, што праз чатыры месяцы ўкраінскія вайскоўцы зойдуць у Крым. Але яшчэ ў пачатку наступу УСУ загразлі ў беспрэцэдэнтных мінных палях на галоўным кірунку наступу.