619-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: адстаўка генерала і скарачэнне дапамогі ад ЗША
Хроніка апошніх падзей ва Украіне.
***
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі памяняў камандуючага Cіламі спецыяльных аперацый (ССА) УСУ: на гэтую пасаду прызначаны палкоўнік Сяргей Лупанчук.
Да ўчарашняга дня ССА ўзначальваў Віктар Харэнка, ён быў прызначаны кіраўніком спецслужбы летам мінулага года.
Прадстаўляючы яго асабістаму саставу Сіл спецыяльных аперацый, Уладзімір Зяленскі тады сказаў: «Упэўнены, што пад яго кіраўніцтвам будзе шмат дасягненняў і шмат перамог. І мы будзем набліжаць перамогу кожны дзень».
Раней амерыканскі часопіс «Time» паведамляў, што найбліжэйшым часам у вайсковым кіраўніцтве Украіны могуць адбыцца значныя перастаноўкі.
У прыватнасці, у нашумелай публікацыі Саймана Шустэра гаворка ішла пра нейкага міністра і высокапастаўленага генерала — іх адстаўкі павінны былі адбыцца на фоне «павольнага прагрэсу на фронце» і недастаткова паспяховага контрнаступлення.
Зняты з пасады генерал-маёр Віктар Харчанка заявіў, што даведаўся пра сваю адстаўку са сродкаў масавай інфармацыі, і яе прычыны яму невядомыя.
У эфіры ток-шоу выдання «Украінская праўда» Харэнка сказаў, што галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны не адпраўляў прадстаўлення аб яго зняцці з пасады.
«Прычыны асабіста не ведаю. Скажу так, даведаўся пра гэта са сродкаў масавай інфармацыі, — заявіў Харэнка. — Гаварыў з галоўнакамандуючым, які таксама растлумачыць мне гэтага не змог. Галоўкам павінен быў рабіць адпаведнае прадстаўленне, але ён мне адказаў, што гэтага не рабіў. Не разумею, што адбылося».
***
Улады ЗША заявілі, што Украіна атрымае чарговы пакет вайсковай дапамогі на агульную суму 425 млн долараў. Ён уключае ў сябе дапамогу з запасаў амерыканскага Мінабароны на суму да 125 млн долараў для задавальнення баявых патрэб Украіны, а таксама 300 млн долараў са сродкаў «Ініцыятывы садзейнічання бяспецы Украіны» (USAI) для ўмацавання супрацьпаветранай абароны Украіны ў доўгатэрміновай перспектыве, гаворыцца ў прэс-рэлізе ваеннага ведамства ЗША.
У новы пакет увайшлі дадатковыя боепрыпасы для сістэмы СПА «NASAMS», боепрыпасы для рэактыўных сістэм залпавага агню «HIMARS», 105 і 155-міліметровыя артылерыйскія снарады, супрацьтанкавыя ракеты «TOW», супрацьпяхотныя міны «Claymore», больш за 3 млн патронаў для стралковай зброі, а таксама 12 грузавікоў для перавозкі цяжкага абсталявання, піша BBC.
Пакуль ЗША могуць фінансаваць дапамогу Украіне, бо Пентагон усё яшчэ мае прыкладна 5,4 млрд долараў, якія з'явіліся ў яго ў запасе праз пераацэнку кошту ўжо аказанай амерыканскай дапамогі. Пытанне будучай фінансавай дапамогі цяпер абмяркоўваецца з Кангрэсам ЗША.
Але пакуль ЗША будуць адпраўляць ва Украіну менш буйныя партыі вайсковай дапамогі, паведаміла прэс-сакратарка Белага дома Карын Жан-П'ер.
Паводле яе слоў, такім чынам яны змогуць працягваць падтрымліваць Кіеў ва ўмовах, калі члены Кангрэса ЗША не могуць дамовіцца пра дадатковае фінансаванне Украіны.
***
Служба бяспекі Украіны паведаміла патрыярху РПЦ Кірылу, што супраць яго ва Украіне заведзеная крымінальная справа па трох артыкулах: аб «замаху на тэрытарыяльную цэласнасць і недатыкальнасць Украіны»; аб «апраўданні ўзброенай агрэсіі РФ супраць Украіны» і аб «вядзенні агрэсіўнай вайны».
Як паведамляе СБУ, яе супрацоўнікі разам з Офісам генпракурора «сабралі доказную базу на кіраўніка РПЦ Уладзіміра Гундзяева (вядомага як Кірыл), які спрыяе ўзброенай агрэсіі Расіі і адмаўляе ваенныя злачынствы акупантаў».
Следства, у прыватнасці, абвінавачвае Кірыла ў распаўсюдзе антыўкраінскай прапаганды Крамля сярод вернікаў, адзначаючы, што маскоўскі патрыярх уваходзіць у найбліжэйшае асяроддзе вышэйшага кіраўніцтва Расіі і адным з першых публічна падтрымаў поўнамаштабную вайну супраць Украіны.
Як адзначаецца ў паведамленні, інцыдэнты распаўсюджання прапаганды і апраўдання расійскай агрэсіі супраць Украіны Кірылам шырока задакументаваныя.
У прыватнасці, у сакавіку 2022 года ён публічна блаславіў камандуючага Расгвардыяй РФ Золатава на вайну супраць Украіны.
***
3 лістапада расійскія войскі нанеслі прыкметна больш маштабную серыю ўдараў беспілотнікамі па ўсёй Украіне. Ваенна-паветраныя сілы Украіны паведамілі, што расійскія войскі запусцілі чатыры дзясяткі БПЛА «Шахед-131/136» з Курскай вобласці і Краснадарскага краю і крылатую ракету «Х-59» з акупаванай Херсонскай вобласці па цэлях ва Украіне. Украінскія сродкі СПА збілі крылатую ракету «Х-59» і 24 беспілотнікі «Шахед».
Афіцыйныя асобы Украіны паведамілі, што расійскія войскі нанеслі ўдары па цэлях у Харкаве, Львоўскай, Івана-Франкоўскай і Адэскай абласцях, а Зяленскі заявіў, што ўкраінскія сродкі СПА актывізаваліся ў Харкаўскай, Запарожскай, Херсонскай, Мікалаеўскай, Адэскай, Кіеўскай, Кіраваградскай, Вінніцкай, Хмяльніцкай і Львоўскай абласцях. Расійскія войскі ў першую чаргу нанеслі ўдары па грамадзянскай інфраструктуры, а таксама запусцілі невялікія групы беспілотнікаў, каб вызначыць месцазнаходжанне ўкраінскіх сродкаў СПА, а затым ударылі некалькімі хвалямі БПЛА, каб ускладніць адказ Украіны. З набліжэннем зімы чакаецца павелічэнне колькасці такіх удараў, пішуць у амерыканскім «Інстытуце вывучэння вайны» (ISW).
***
Прадстаўнікі Злучаных Штатаў і Еўрасаюза пачалі абмяркоўваць з Украінай магчымасць правядзення мірных перамоваў з Расіяй.
Як паведамляе «NBC News» са спасылкай на крыніцы сярод чыноўнікаў ЗША, падчас гэтых абмеркаванняў гаворка ішла пра тое, ад чаго Украіне, магчыма, давядзецца адмовіцца, каб дасягнуць дамоўленасцей.
Паводле звестак выдання, адно з такіх абмеркаванняў адбылося ў мінулым месяцы на пасяджэнні кантактнай групы па пытаннях абароны Украіны ў фармаце «Рамштайн». Гэтыя дыскусіі з'яўляюцца адлюстраваннем сітуацыі на фронце і палітычнай сітуацыі ў Еўропе і ЗША.
Крыніцы кажуць, што абмеркаванні пачаліся на фоне занепакоенасці амерыканскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў тым, што вайна зайшла ў тупік, а таксама магчымасцю працягваць аказваць дапамогу Украіне.
***
За мінулыя суткі авіяцыя Узброеных Сіл Украіны нанесла 9 удараў па раёнах засяроджвання асабістага саставу, узбраення і ваеннай тэхнікі і 2 — па зенітна-ракетных комплексах расійскіх войскаў.
Як паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы, ракетныя войскі разбілі 7 раёнаў засяроджання асабістага саставу, узбраення і ваеннай тэхнікі, станцыю РЭБ, радыёлакацыйную станцыю, 2 склады боепрыпасаў, 10 артылерыйскіх сродкаў расійцаў.
У той жа час армія РФ 3 лістапада нанесла 2 ракетныя і 62 авіяцыйныя ўдары, ажыццявіла 77 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах.
«У выніку расійскіх тэрарыстычных нападаў, на жаль, ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільнага насельніцтва. Разбурэнням і пашкоджанням падвергліся прыватныя жылыя дамы і іншая грамадзянская інфраструктура», — адзначылі ў Генштабе.
Акрамя таго, пад агнём артылерыі апынуліся больш за 110 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.
***
За мінулыя суткі ўкраінскія вайскоўцы ліквідавалі больш за 800 расійскіх салдат і больш за 160 адзінак расійскай тэхнікі і ўзбраення.
Паводле звестак Генштаба УСУ, агулам з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расія страціла ва Украіне ўжо блізу 304,1 тысячы сваіх вайскоўцаў.
Таксама за суткі знішчана яшчэ 11 расійскіх танкаў (усяго 5276), 38 баявых браніраваных машын (9939), 35 артылерыйскіх сістэм (7363), 7 рэактыўных сістэмы залпавага агню (861), 2 сродкі супрацьпаветранай абароны (568), 39 беспілотнікаў аператыўна-тактычнага ўзроўню (5534), 25 адзінак аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрн (9716), а таксама 4 адзінкі спецыяльнай тэхнікі (1038).
Не змянілася за суткі колькасць абясшкоджаных варожых самалётаў — 322, верталётаў — 324, крылатых ракет — 1551, падводных лодак — 1, а таксама караблёў і катэраў — 20.