Пентагон: прэс-сакратар ІД загінуў у выніку амерыканскай атакі
Да гэтага часу Расія пераконвала, што гэта яна забіла тэрарыста.
Пентагон пацвердзіў, што прэс-сакратар “Ісламскай дзяржавы” Абу Мухамад аль-Аднані загінуў у Сірыі ў выніку амерыканскай атакі 30 жніўня.
Раней пра смерць тэрарыста паведамляла Міністэрства абароны Расіі, якое пераконвала, што гэта расіяне забілі аль-Аднані.
У адказ на паведамленні расійскага міністэрства прадстаўнікі Пентагону вырашылі, што Масква беспадстаўна прыпісвае сабе поспех. Як паінфармаваў прэс-сакратар амерыканскага Міністэрства абароны Пітэр Кук, не было інфармацыі, якая б пацвярджала паведамленні Расіі, што яна таксама праводзіла атаку на аль-Аднані.
Аль-Аднані быў адным з найбольш вядомых лідараў Ісламскай дзяржавы. Ён размяшчаў у інтэрнэце шматлікія аўдыё паведамленні, у якіх пагражаў праціўнікам ІД тэрактамі. Гэта ён абвясціў летам 2014 года стварэнне джыхадзістамі каліфату на захопленых тэрыторыях Іраку і Сірыі.
Амерыканцы вызначылі за яго ўзнагароду памерам 5 мільёнаў долараў.
www.radyjo.net