Пабрацімы з лапкамі. Кранальныя гісторыі котак, што бароняць Украіну

Эмацыйная падтрымка, стварэнне атмасферы хатняй утульнасці, прыцягненне ахвяраванняў сваёй пушыстай міласцю і нават барацьба з ворагамі — за ўсё гэта ўкраінскія вайскоўцы ўдзячныя сваім пабрацімам з лапкамі. Зразумела, што справу котак на вайне ў аніякім разе нельга параўноўваць з подзвігамі герояў, што змагаюцца за сваю зямлю, але быт і храбрасць маленькіх пушысцікаў часам таксама вартыя ўвагі.

Кот Шайбік. Фота Instagram @shaybaboy

Кот Шайбік. Фота Instagram @shaybaboy

Як коткі трапляюць ва Узброеныя сілы Украіны?

Хатнія жывёлы, як і любая жывая істота, пры адчуванні пагрозы жадаюць уратаваць сваё жыццё ды эвакуіравацца з небяспечнага месца — і часам нават больш ахвотна за людзей, якія ставяць кошт матэрыяльных рэчаў вышэй за здароўе ці рызыкі загінуць ад расійскай ракеты. Гэты сумны факт можна заўважыць у відэароліках вядомага ўкраінскага блогера Мікалая Магілеўскага (YouTube-канал Kolobaok), які займаецца эвакуацыяй жыхароў з прыфрантавых населеных пунктаў, у тым ліку на «нулі». Валанцёру прыходзіцца наведваць паўразбураныя хаты і кватэры жыхароў, літаральна ўмаляючы іх эвакуявацца ў бяспечныя месцы дзясяткі разоў, кожную секунду рызыкуючы сваім жыццём. Часта людзі адмаўляюцца ад пераезда праз нежаданне пакідаць маёмасць, і ў большасці выпадкаў гэта мае адзін фінал — гібель пад заваламі ці ад аскепкаў снарада.

Мікалай Магілеўскі на эвакуацыі ў Саледары. Фота Instagram @nikolai_offline

Мікалай Магілеўскі на эвакуацыі ў Саледары. Фота Instagram @nikolai_offline

Мікалай забірае ў «Пункты нязломнасці» і бяздомных жывёл. У адрозненне ад людзей, іх ніколі не прыходзіцца ўпрошваць сесці ў аўто — валанцёр адкрывае дзверы, і праз імгненне сабачкі ды коткі ўжо ляцяць прэч ад расійскага тэрору.

Некаторыя выходзяць і напрамую да пазіцый вайскоўцаў, у тым ліку з разбураных вёсак і гарадоў на акупаваных тэрыторыях. Пакінутыя гаспадарамі гадаванцы шукаюць абароны чалавека ад пастаянных абстрэлаў, удараў беспілотнікаў і мінных палёў. Па відавочных прычынах прытулкі для жывёл ва Украіне забітыя пад завязку, таму жаўнеры пакідаюць пушысцікаў у сябе на пазіцыях.

Ну як адмовіць гэтым няшчасным вачам?

Мікалай Магілеўскі эвакуіруе сабачак. Фота Instagram @nikolai_offline

Мікалай Магілеўскі эвакуіруе сабачак. Фота Instagram @nikolai_offline

«Калі гэтая спалоханая маленькая істота прыходзіць да вас, шукаючы абароны, як вы можаце сказаць «не»? Мы моцныя, таму абараняем слабейшых, якія трапілі ў такія ж жудасныя абставіны, як і мы, толькі таму, што на нашай зямлі з'явіліся расійцы», — патлумачыў баявы санітар украінскага войска Аляксандр Ябчанка ў інтэрв’ю выданню Politico.

 Шайбік

Калі Саша адвярнуўся, я заняўся дэмілітарызацыяй яго талеркі з шашлыком, таму ў мяне чырвоны нос — то ёсць сляды ад кетчупа». Instagram @shaybaboy

Калі Саша адвярнуўся, я заняўся дэмілітарызацыяй яго талеркі з шашлыком, таму ў мяне чырвоны нос — то ёсць сляды ад кетчупа». Instagram @shaybaboy

Вайсковец Алесь Ляшук з Адэскай вобласці, перабываючы на паўднёвым фронце ў 2022 годзе, прытуліў Шайбіка — аднаго з чатырох безнадзейных кацянят, якія апынуліся ў бядзе і патрапілі да яго часткі. Цяпер два крутыя жаўнеры перайшлі на новыя пазіцыі і сталі віруснай сенсацыяй дзякуючы сваім сумесным публікацыям і відэа. 

«У Шайбіка была найвялікшая харызма. Стала холадна, таму аднойчы на ноч я ўзяў яго з сабой у свой спальны мяшок. І вось тады я ўлюбіўся ў гэтага ката. Ён не проста мой лепшы сябар, ён мой сын», — расказаў 26-гадовы хлопец.

Шайбік з Алесем збіраюць ахвяраванні для ўкраінскай арміі: у верасні коцік нават атрымаў асаблівую валанцёрскую ўзнагароду за дапамогу ў зборы грошай на набыццё сямі аўтамабіляў для Узброеных сіл Украіны, дронаў Mavic ды іншага неабходнага абсталявання. Верагодна гэта першы выпадак у гісторыі, калі такога звання ўдастоіўся кот, яшчэ і падчас вайны, адзначае гаспадар. Мінулай вясной Шайбусік сабраў больш за 1 мільён грыўняў (~25 тысяч еўра) на патрэбы ўкраінскага войска.

Алесь называе свайго ката ідэальным паляўнічым. «Аднойчы мы былі на пазіцыі ў лесе, і ён за адзін дзень злавіў 11 мышэй. Часам ён прыносіць мышэй у мой спальны мяшок», — пахваліўся хлопец. Нягледзячы на іх кранальную сувязь, Шайбік застаецца вольным катом і часам знікае на некалькі тыдняў (займаецца выведкай!), але заўсёды вяртаецца да свайго пабраціма.

 Сырскі

Камандуючы Сухапутнымі войскамі Украіны Аляксандр Сырскі вядомы як адзін з найбольш эфектыўных баявых кіраўнікоў краіны. Але мала хто ведае пра яго цёзку — чатырохлапага воіна ў радах УСУ!

Сырскі і Сініцын

Сырскі і Сініцын

Раман Сініцын, афіцэр украінскай арміі і пабрацім ката Сырскага, сцвярджае, што імя было прыдумана выпадкова і на той момант ніяк не звязана з камандуючым.

«Ён атрымаў такое імя, бо любіць сыр. Вядома, кот з такім жа імем, як у нашага генерала, ужо стаў ваенным анекдотам», — кажа вайсковец.

Ката Сырскага Раман сустрэў на баявым заданні ў прыфрантавой вёсцы, дзе жаўнеры перабывалі ў закінутай хаце, што кішэла мышамі. Большасць мясцовых жыхароў эвакуіравалі, таму каты сталі сапраўднымі гаспадарамі населенага пункта. Каб вырашыць праблему з грузынамі, вайскоўцы завабілі Сырскага харчамі і ўгаварылі застацца на службу.

«Мышы бегаюць па табе, калі ты спіш, яны лезуць у твае рэчы. Яны жуюць усё. Праз мышэй прыйшлося выкінуць дзве скрыні запакаванага пайка», — тлумачыць Раман. Вайскоўцы часта называюць грызуноў саюзнікамі расійцаў: яны жуюць кабелі спадарожнікавай сувязі Starlink ды аўтамабільную праводку, кусаюць пальцы па начах, знішчаюць харчовыя запасы і нават прагрызаюць замежныя тактычныя заплечнікі.

 Кот Сырскі. Фота Instagram @syrsky_outofcontent

 Кот Сырскі. Фота Instagram @syrsky_outofcontent

Як не дзіўна, пасля прыняцця прысягі новым вайскоўцам, мышынае пытанне было вырашана: «жаўнеры без лапак» толькі і слухалі начныя патрулі на грызуноў. Пасля таго, як пабрацімы з’ехалі з гэтай пазіцыі, Раман вырашыў пакінуць Сырскага разам з яго сям'ёй у Кіеве — бо там ад яго карысці яшчэ больш. Выкарыстаўшы папулярнасць коткі, ім удалося сабраць неверагодныя 147 тысяч еўра на комплексы БПЛА Mini Shark, што выкарыстоўваюцца для карэкціроўкі артылерыі.

Караліна

Аляксандр Ябчанка, якога мы ўжо згадвалі напачатку артыкула, кажа, што ніколі не меў уласнай хатняй жывёліны. Усё змянілася два гады таму, у той дзень, калі ён сустрэў Караліну — няшчасную небараку, якая выпадкова выйшла на яго пазіцыі ў вёсцы Серабранка Данецкай вобласці.

Кошка Караліна

Кошка Караліна

«Аднойчы Караліна заскочыла на наша спальнае месца, хоць ёй і не дазвалялі. Мы пачалі лаяцца. У адказ яна пачала раджаць! Так у нас з'явілася сям'я з шасці катоў», —  кажа Аляксандр.

Падчас ратацыі Караліна і яе кацяняты пераязджалі разам з атрадам Ябчанкі, пакуль не выраслі настолькі, што іх можна было ўсынавіць.

Хутка вайскоўцы знайшлі ім новыя дамы, але Караліна і яе белы кацяня Ганор засталіся з пабрацімам. Хутка ён павёз іх у свой родны Львоў, а праз год да кацінай банды далучыўся яшчэ і маленькі сабачка Шабрыс, якога Аляксандр падабраў пад Купянскам на Харкаўшчыне.

«Мая маці так радавалася, што ў яе з’явіліся два франтавыя каты», — смяецца ён.

Аляксандр Ябчанка

Аляксандр Ябчанка

Такім чынам, пушыстыя вайскоўцы не толькі ствараюць утульнасць і паднімаюць настрой салдатам УСУ, але і прыносяць рэальную карысць — змагаюцца з больш чым сур’ёзнай праблемай атак грызуноў на акопы і бліндажы, а таксама прыцягваюць увагу да збору сродкаў на тэхніку і абсталяванне. Хаця нельга не прызнаць, што крытыка ўкраінскай супольнасці наконт узнагароджвання котак і сабак у той час, калі штодзень гінуць таленавітыя людзі, цалкам аб’ектыўная.