Нулявы прэзідэнт. Ва Узбекістане змяняюць Канстытуцыю дзеля бясконцага кіравання
Змены закрануць 65 працэнтаў Канстытуцыі. Эксперты называюць будучы асноўны закон краіны "мірзіёеўскім": цяперашні лідар хоча такім чынам умацаваць уладу і цалкам адысці ад спадчыны папярэдніка. Мірзіёеў стаў на чале дзяржавы ў 2016 годзе, пасля смерці першага прэзідэнта Узбекістана Іслама Карымава, які кіраваў краінай 26 гадоў.
Навошта патрэбен рэферэндум?
Асноўная мэта рэферэндуму — аднагалосна згаджаюцца аналітыкі — у абнуленні двух тэрмінаў Мірзіёева. Папраўкі павялічваюць тэрмін прэзідэнцтва з пяці да сямі гадоў і дазваляюць прэзідэнту балатавацца ў трэці раз, адзначае BBC.
Новая канстытуцыя дасць магчымасць даслужыць Мірзіёеву гэты (другі пяцігадовы) тэрмін (яшчэ тры гады) і застацца прэзідэнтам яшчэ на два сямігадовыя тэрміны. Сумарна, гэта будзе 17 год. 66-гадоваму Мірзіёеву ў 2040 годзе споўніцца 83 гады.
Мірзіёеў паўтарае манеўр, ужо апрабаваны яго папярэднікам.
Іслам Карымаў ініцыяваў рэферэндум аб зменах у Канстытуцыю 21 гады таму - тады ўзбекістанцы прагаласавалі за тое, каб Карымаў застаўся ва ўладзе яшчэ на адзін пяцігадовы прэзідэнцкі тэрмін. Карымаў выйграў і на наступных выбарах у 2000 годзе і заставаўся прэзідэнтам да самай сваёй смерці да 2016 года (у 78 гадоў).
Новая Канстытуцыя яшчэ больш умацуе і без таго моцную прэзідэнцкую ўладу, гаворыць эксперт.
«Калі ўжо Карымаўская версія канстытуцыі была суперпрэзідэнцкай, прэзідэнт валодаў усімі магчымымі паўнамоцтвамі, то гэтая новая версія дае яму магчымасць прызначаць нават дробных кіраўнікоў. Для кантрасту, у мінулай версіі прэзідэнт згадваўся толькі тройчы, то ў новай версіі гэта адбываецца 72 разы», — адзначае навуковы супрацоўнік Берлінскага цэнтра Карнегі па вывучэнні Расіі і Еўразіі Тэмур Умараў.
У новай рэдакцыі застаўся і артыкул пра былога прэзідэнта Узбекістана, які дазваляе яму ці ёй захоўваць за сабой пасаду сенатара пажыццёва.
У гэтым эксперты бачаць жаданне застацца ва ўладзе на больш працяглы тэрмін.
Што змянілася ва Узбекістане з прыходам Мірзіёева
З самага пачатку свайго праўлення Мірзіёеў паказваў, што адрозніваецца ад папярэдніка, і калі Карымаў заўсёды пазіцыянаваў сябе як жорсткага і аўтарытарнага прэзідэнта, то новы лідар хацеў славіцца рэфарматарам і дэмакратызатарам.
Такім чынам ён рэагуе на тое, як памяняўся ягоны выбаршчык.
Сярэднестатычны ўзрост узбекістанца — каля 30 гадоў, у яго ёсць доступ да інтэрнэту, а значыць, ён ужо дасведчаны ў многім.
«Таму рыторыка прэзідэнта нашмат больш гнуткая», — кажа Тэмур Умараў, але тут жа дадае, што бачная адкрытасць уладаў ніяк не выяўляецца ў палітычнай плоскасці: у краіне захоўваецца тая ж прэзідэнцка-цэнтраваная сістэма (юрыдычна толькі ён прымае рашэнні), з мноствам яго сваякоў ва ўладзе.
«Абноўленым фасадам» называе Узбекістан Мірзіёева і спецыяліст па Цэнтральнай Азіі Галія Ібрагімава: «Узбекістан Мірзіёева, асабліва ў сталіцы, памяняўся моцна, але толькі касметычна, вельмі шмат новых будынкаў, бізнесаў, знік чорны рынак валютчыкаў, большасць грамадзян таксама залежаць эканамічна ад перакладаў мігрантаў, але ў сваёй сутнасці гэта тая ж палітычная сістэма і тыя ж самыя працэсы, проста абноўлены фасад».
Аналітыкі сыходзяцца ў адным: прэзідэнт Узбекістана надае шмат увагі эканоміцы, падтрымлівае малы і сярэдні бізнес.
«Зарабляць грошы ва Узбекістане стала лягчэй, таксама як і рабіць палітычную кар'еру алігархам, у процівагу часам Карымава, які не любіў алігархаў. Аднак не варта забываць, што гэта яшчэ адзін выкрут аўтакратных дзяржаў, "што эканоміка першасная, а палітыка другасная", якая адводзіць насельніцтва ад абмеркавання рэальных праблем у гэтым рэгіёне», — перакананы Умараў.
«Свабода не можа быць частковай»
Але і ў гэтым яны бачаць доказ умацавання прэзідэнцкай улады, у той час як палітычныя рэпрэсіі і пераслед актывістаў працягваюцца.
Праваабаронцы з Human Rights Watch у сваім дакладзе аб рэгіёне ў 2023 годзе адзначылі, што рэферэндум ва Узбекістане праходзіць у той час, як у краіне зноў узмацняецца ціск на журналістаў і блогераў.
"Нягледзячы на тое, што Узбекістан больш не ізаляваная краіна, паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека патрабуюць працяглай працы і жадання рэальных рэформаў з боку ўлады", — адзначае старэйшы даследчык Human Rights Watch па Цэнтральнай Азіі Міра Рытман, дадаючы, што ў арганізацыю паступаюць заявы аб ціску на журналістаў і блогераў.
У пачатку сакавіка каля 50 журналістаў і актывістаў падпісалі адрасаваны прэзідэнту Мірзіёеву адкрыты ліст, выказаўшы занепакоенасць у сувязі з "сур'ёзнымі перашкодамі, ціскам і запалохваннем", з якімі па-ранейшаму сутыкаюцца работнікі СМІ ва Узбекістане.
Суды над удзельнікамі пратэстаў у Каракалпакстане (аб падзеях у Каракалпакстане больш падрабязна ніжэй) таксама прайшлі з мноствам парушэнняў, адзначаюць праваабаронцы. Напрыклад, суд праігнараваў заявы галоўнага абвінавачанага Даўлетмурата Тажымуратава аб прымяненні да яго катаванняў і жорсткага абыходжання, прыгаварыўшы яго да 16 гадоў пазбаўлення волі. Яго адвакат 19 красавіка апублікаваў відэазаяву, у якой сцвярджалася, што Тажымуратаў, знаходзячыся ў зняволенні, па-ранейшаму сутыкаецца з жорсткім абыходжаннем, яго збіваюць.
„Пасыл усіх гэтых пераследаў, судовых слуханняў і даволі працяглых тэрмінаў (ад пяці да 16 гадоў) кажа пра тое, што ўлада ўсё роўна будзе пераследаваць і караць за арганізацыю і ўдзел у пратэстах, што супярэчыць канстытуцыі і праву на мірныя сходы. Свабода не можа быць частковай, яна альбо ёсць ці не“, — адзначае Галія Ібрагімава.
«У новай рэдакцыі Канстытуцыі ёсць папраўка, якая прадугледжвае, што свабоды і правы могуць абмяжоўвацца ў некаторых выпадках. Гэта значыць Канстытуцыя, якая павінна быць гарантам свабоды слова, самавыяўлення, сама можа абмяжоўваць свабоду слова», — падсумоўвае Умараў.