Нідэрланды адмовіліся судзіць у Расіі вінаватых у крушэнні MH-17

Масква прапаноўвала судзіць у Расіі вінаватых у крушэнні "Боінга" "Малайзійскіх авіяліній" у небе над Данбасам у 2014 годзе, але Нідэрланды адказалі адмовай. Пра гэта міністр юстыцыі і бяспекі Нідэрландаў Ферд Грапперхаус паведаміў у лісце парламенту, піша svoboda.org са спасылкай на Reuters.

c07643c9_57cb_460a_bd4f_2b34e81861fb_w1023_r1_s.jpg


У лісце Грапперхаус паведаміў, што ў кастрычніку 2019 года расійскія ўлады звярнуліся да нідэрландскіх з просьбай, каб справы траіх падазраваных расіян разглядаў суд на тэрыторыі Расіі. "Міністр юстыцыі адказаў, што перадача абвінавачвання па тром расійскім падазраваным не варыянт для галандскіх уладаў і не будзе разглядацца", — цытуе Reuters тэкст ліста. Ад каго менавіта паступіў запыт, не ўдакладняецца.
19 чэрвеня 2019 года пракуратура Нідэрландаў прад'явіла афіцыйныя абвінавачванні ў забойстве супраць траіх грамадзян Расіі і аднаго грамадзяніна Украіны, якія ваявалі на баку сепаратыстаў на ўсходзе Украіны. Пад падазрэнне трапіў былы камандуючы сіламі данецкіх сепаратыстаў Ігар Стралкоў (сапраўднае прозвішча Гіркіна), яго намеснік Сяргей Дубінскі (пазыўны Хмурны), намеснік Дубінскага Алег Пулатаў (Гюрза) і Леанід Харчанка (Крот). Следства лічыць, што яны нясуць адказнасць за арганізацыю дастаўкі зенітна-ракетнага комплексу "Бук" з тэрыторыі Расіі, з якога, як мяркуецца, быў збіты самалёт "Малайзійскіх авіяліній". Стралкоў і Дубінскі сваю віну адмаўляюць. Масква ўсе абвінавачванні таксама адмаўляе і сцвярджае, што следства не прымае да ўвагі довады расейскага боку.
Разгляд справы пачнецца 9 сакавіка. Судовыя паседжанні запланаваны да канца сакавіка 2021 года. Большасць загінулых у авіякатастрофе — грамадзяне Нідэрландаў, таму разгляд справы праходзіць у рамках нацыянальнага заканадаўства.
17 ліпеня 2014 года ў Данецкай вобласці Украіны пацярпеў крушэнне "Боінг" "Малайзійскіх авіяліній". Загінулі ўсе 298 чалавек на борце. У іх ліку — 193 нідэрландца, 43 малайзійца, 27 аўстралійцаў і 4 бельгійца. 
Еўрапейскі савет (орган Еўрасаюза) заклікаў расійскія ўлады ўзяць на сябе сваю долю адказнасці за гібель пасажыраў самалёта. ЕС просіць Маскву цалкам супрацоўнічаць са следствам па гэтай справе. Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў раней заявіў, што пазіцыя Масквы заключаецца ў тым, што яна не будзе ставіцца сур'ёзна да расследавання без свайго ўдзелу.