Месца, што нагадвае Беларусь. Вясенні світанак на Зялёных азёрах у Вільні
«Беларусы, беражыце лес! Ён вам яшчэ спатрэбіцца», — казаў стары партызан. Сёння, 21 сакавіка, у свеце адзначаецца Міжнародны дзень лясоў. Яго мэта — нагадаць грамадству, наколькі чароўны, карысны і важны скарб нам даводзіцца захоўваць вакол сябе. З нагоды свята прачнуліся а 4 раніцы, каб сустрэць узыход сонца ў цудоўным віленскім парку Веркяй.
Зялёныя азёры, разам з вялізным рэгіянальным паркам Веркяй і наваколлем, размешчаны на поўначы Вільні. Юрыдычна гэта тэрыторыя горада, але па канцэпцыі крыху нагадвае беларускія Бараўляны: такі сабе катэджны пасёлак на свежым паветры сярод балтыйскіх соснаў. Адзінае што, ад «мацерыковай» Вільні сюды вядзе ўтульная лясная дарога з крутымі паваротамі — зусім як на шляху ад беларускай Свіры да Лынтупаў!
Яшчэ адна адметнасць — вельмі сучасная еўрапейская інфраструктура. Тут і крама са свежай выпечкай, і камфортныя віленскія аўтобусы, стылёвая школа ды дзіцячы садок, веласцежкі і добраўпарадкаванне з густам. На прыпынках — інфармацыя пра насельнікаў лесу і сонечныя батарэі, на дрэвах — хаткі для пчолак, мурашак ды іншых істот.
Сёння ў Веркяй мы дабіраліся на каршэрынгу, бо ўсе астатнія жыхары Вільні спалі: усяго 14 хвілін ад цэнтра — і мы на месцы.
Наваколле вітае мяккім абрыкосавым небасхілам, крыштальным серабрыстым інеем і першымі промнямі сонейка.
Некалькі хвілін пешшу прыводзяць нас да галоўнай агляднай пляцоўкі з панарамай на возера Балсіс, ахутанае ранішнім туманам. Тым, хто вандраваў на беларускія Блакітныя азёры, гэтыя кадры дакладна адгукнуцца ў сэрцайку!
Яно ж і не дзіўна — геаграфічна гэта адзін масіў азёр ледніковага паходжання. Тут таксама крыштальна чыстая вада, буйная глыбіня да 40 метраў ды магутныя азавыя грады вакол.
Азёры адрозніваюцца непаўторным ярка-зялёным колерам праз высокую канцэнтрацыю карбанатаў у вадзе. Скарбніцы аточаныя вялізнымі лясістымі ўзгоркамі вышынёй да 40 метраў над плынню вады. Як і большасць азёраў Гарадзеншчыны ды Віцебшчыны, віленскія Балсіс і Гульбінас таксама ўтварыліся ад раставання леднікоў каля 18 тысяч гадоў таму. Дзякуючы гэтаму ў гарнае надвор’е дно тут можна ўбачыць на глыбіні да 5 метраў.
Дакранаючыся да тэматыкі сённяшняга свята адзначым наўпрост ідэальнае выкананне галоўнага правіла паводзінаў у лесе. Нягледзячы на значную колькасць месцаў для адпачынку, на зямлі няма недакуркаў, шалупіны ад семак і коркаў ад піва, не кажучы ўжо пра іншае смецце. Зноў жа, на ўваходзе ў Веркяй усталяваныя падземныя смеццевыя сховішча з буйным аб’ёмам, у той час як на абсалютна такіх жа чароўных Блакітных азёрах у Беларусі не адно дзесяцігоддзе стаяць перапоўненыя жалезныя бакі.
Праходзім на супрацьлеглы бок, дзе нас ужо сустракаюць сапраўдныя «сонечныя ванны»!
Тут, відавочна, калісьці знаходзілася нечая сядзіба. Над берагам горда ўзвышаюцца векавыя дубы, побач бачым рэшткі невялічкага млына, старыя замшэлыя бардзюры і яблычны садок, уваход, верагодна, у старую лядоўню.
А вось і першыя вясновыя «жыхары» лесу пацягваюцца насустрач сонейку!
На пагорках узыходзіць шмат пралесак, і, па адчуваннях, ужо вось-вось распусцяць пялёсткі.
Шчыра ўдзячныя за тое, што падарожнічаеце разам з намі!
Чакайце новых вандровак з «Новым часам» па іншы бок мяжы!
Фота аўтара