Крэмль вяртаецца да прапагандысцкага наратыву, што Украінай кіруюць ЗША
Пакуль з мірнымі перамовамі нічога не зразумела. Аднак эксперты па-ранейшаму не заўважаюць у расійскага кіраўніцтва жадання скончыць вайну, а Трамп пакуль не ставіць Расіі ўльтыматумаў. Тым часам ва Украіне працягваюцца баі, і ад дронавых удараў гінуць грамадзянскія асобы. Ідзе 1123-ці дзень вайны Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Лукашэнкі.

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 142 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 22 сакавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 37 штурмавых дзеянняў агрэсара ў раёнах населеных пунктаў Зялёнае Поле, Елізаветаўка, Лісоўка, Удалае, Багданаўка, Андрэеўка і інш.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 22 разы, спрабуючы ўклініцца ў абарону УСУ ў напрамках Копанкі, Новаміхайлаўкі, Зялёнай Даліны, Ямпалаўкі, Торскага.
На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі 19 атак непадалёк населеных пунктаў Дачнае, Дружба, Дыліеўка і Тарэцк. На Новопавловском кірунку армія РФ за мінулыя суткі здзейсніла 11 атак у бок Канстанцінопаля, Разліву.
На Харкаўскім і Купянскім кірунках расіяне атакавалі па шэсць разоў на кожным.
У Курскай вобласці Расіі украінскія войскі спынілі 23 штурмы расіян. Армія РФ нанесла 18 авіяўдараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы пры гэтым 25 кіраваных авіябомб.
* * *
Украінскія войскі нядаўна прасунуліся ў заходняй частцы Белгарадскай вобласці. Між тым фіксуецца прасоўванне расійскіх войск у Сумскай вобласці, а таксама паблізу Купянска, Тарэцка і Пакроўска, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
У Курскай вобласці Расіі войскі РФ працягвалі атакаваць абмежаваныя ўкраінскія пазіцыі, але прасоўванне расійцаў у рэгіёне ў апошнія дні замарудзілася.
Расійскія войскі прасунуліся на поўначы Сумскай вобласці. Кадры, апублікаваныя 12 сакавіка і геалакалізаваныя 20 сакавіка, паказваюць, што войскі РФ прасунуліся на захад ад Жураўкі, але гэта прасоўванне адбылося не на працягу апошняга тыдня.
УСУ нядаўна прасунуліся ў заходняй частцы Белгарадскай вобласці. 20 сакавіка расійскі «ваенкор» апублікаваў карту, якая пацвярджае, што УСУ прасунуліся ў палях на паўднёвы захад ад Дзямідаўкі. У справаздачы ISW таксама прадстаўлены непацверджаныя сцвярджэнні ад расійскіх блогераў аб тым, што УСУ прасунуліся і замацоўваюць пазіцыі ў ваколіцах Дзямідаўкі і Прылесся (на поўдзень ад Дзямідаўкі).
Расійскія войскі нядаўна прасунуліся на Купянскім кірунку. Як паказваюць апублікаваныя 21 сакавіка геалакацыйныя кадры, войскі РФ прасунуліся ў паўднёвай частцы Двурэчнага (паўночны ўсход ад Купянска).
Расіяне нядаўна прасунуліся на Тарэцкім кірунку. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 20 сакавіка, паказваюць, што войскі РФ прасоўваліся па вуліцах Энгельса і Міхаіла Грушэўскага ў цэнтры Тарэцка.
Войскі РФ нядаўна прасунуліся на Пакроўскім кірунку. Геалакацыйныя кадры ад 20 сакавіка паказваюць на тое, што расійцы прасунуліся ў межах паўднёва-заходняй часткі Тарасаўкі (на ўсход ад Пакроўска) і ўсходняй частцы Шаўчэнкі (на поўдзень ад Пакроўска).
* * *
Увечары 21 сакавіка расійцы атакавалі Запарожжа, паведаміў кіраўнік Запарожскай АВА Іван Фёдараў. У выніку атакі беспілотнікаў у горадзе ўспыхнулі пажары, у тым ліку на тэрыторыі дзіцячага садка і шматпавярхоўкі. У выніку атакі загінулі тры чалавекі, сярод якіх 14-гадовая дзяўчынка. Дзевяць чалавек атрымалі раненні, сярод іх — дзевяцімесячнае немаўля.
У ноч на 22 сакавіка ўдарныя беспілотнікі атакавалі Растоўскую вобласць (Расія). Як заявіў выконваючы абавязкі губернатара Растоўскай вобласці Юрый Слюсар, ударныя беспілотнікі атакавалі пяць раёнаў Растоўскай вобласці. У Растове ў шматпавярхоўцы пашкоджанні атрымалі фасад і 6 кватэр, двое параненых шпіталізаваныя. У Сальску з-за падзення беспілотніка шкла разбітыя ў краме, мастацкім музеі і шматкватэрным доме, пацярпелых няма.
У Самарскай вобласці РФ раніцай 22 сакавіка фіксавалі беспілотнікі і вялася праца СПА. Пад атакай было прадпрыемства ў горадзе Чапаеўск. Па даных маніторынгавых груп, у Самарскай вобласці ў Чапаеўску магла быць дроновая атака на АТ «Прамсінтэз». Гэта прадпрыемства лічыцца адным з ключавых вытворцаў прамысловых выбуховых рэчываў у РФ.
Адлегласць ад Чапаеўска да мяжы з Украінай складае амаль 890 км.
* * *

* * *
Крэмль ужо цяпер спрабуе сарваць мірныя перамовы з Украінай і апраўдаць неабходнасць працягу вайны, а таксама пагоршыць адносіны Украіны з ЗША ў сферы атамнай энергетыкі, лічаць эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Расійскія чыноўнікі выкарыстоўваюць наратывы аб баявых дзеяннях і ўдары УСУ па тэрыторыі Расіі, каб апраўдаць адмову ад мірных перамоваў з Украінай і працяг вайны для ўнутранай аўдыторыі, адзначаюць у ISW.
У якасці прыкладу ў справаздачы прывялі абстрэл газавымяральнай станцыі «Суджа» ў Курскай вобласці ў ноч на 21 сакавіка. У Генштабе УСУ адмаўляюць дачыненне да ўдару з боку ўкраінскіх вайскоўцаў, аднак Крэмль бескампрамісна абвінавачвае ў інцыдэнце менавіта ўкраінскі бок. У прыватнасці спікер Міністэрства замежных спраў РФ Марыя Захарава спытала, як Злучаныя Штаты будуць «кіраваць» Украінай, з улікам верагоднага парушэння Кіевам мараторыя на ўдары па аб'ектах энергетычнай інфраструктуры — механізму, які яшчэ не заключаны і не ўкаранёны.
«Каментары Захаравай з'яўляюцца спробай адрадзіць наратыў аб тым, што Украіна з'яўляецца агрэсарам у гэтай вайне, што яна дзейнічае толькі пад кіраўніцтвам або ціскам Захаду, а таксама што вайна — экзістэнцыйная рызыка для Расіі, на якую Масква павінна адказаць», — мяркуюць у ISW.
Таксама Крэмль адрадзіў наратывы, якія вінавацяць УСУ ў нападах на расійскія атамныя электрастанцыі і здзяйсненні ваенных злачынстваў супраць грамадзянскіх расійцаў, каб падарваць давер да Украіны і ўзмацніць выдуманую экзістэнцыяльную пагрозу для ўнутранай аўдыторыі. У Інстытуце адзначылі, што на працягу ўсёй маштабнай вайны, Крэмль паслядоўна прасоўваў гэтыя наратывы, спрабуючы адцягнуць увагу ад дзеянняў Расіі.
«Гэта трэба для пагаршэння амерыкана-ўкраінскіх двухбаковых перамоваў, улічваючы нядаўнія афіцыйныя заявы Вашынгтона і Украіны аб магчымым удзеле ЗША ва ўкраінскай энергетычнай інфраструктуры, уключаючы акупаваную Расіяй Запарожскую атамную электрастанцыю», — гаворыцца ў справаздачы ISW.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп не даваў расійскаму дыктатару Уладзіміру Пуціну крайні тэрмін для ўзгаднення рэжыму спынення агню з Украінай. Але выказаў меркаванне, што такі дэдлайн для кіраўніка Крамля можа быць у будучыні. Так амерыканскі лідар адказаў на пытанне прадстаўнікоў СМІ аб магчымым часовым тэрміне, за які Пуцін павінен быў бы пагадзіцца на спыненне нападаў у рамках спробаў Трампа пакласці канец расійска-ўкраінскай вайне, паведамляе NBC News.
«Не было крайняга тэрміну. Але я думаю, што мы будзем мець адзін», — адказаў ён адносна дэдлайна.
Нагадаем, што пасля размовы з Пуціным 18 сакавіка Трамп заявіў, што кіраўнік Крамля нібыта пагадзіўся часова прыпыніць атакі на ўкраінскую энэргетычную інфраструктуру, разам з тым Пуцін адмовіўся адразу ўзгадніць прапанову аб 30-дзённым спыненні агню. На гэтую амерыканскую ініцыятыву раней пагадзіўся афіцыйны Кіеў падчас сустрэчы дэлегацыі ад ЗША і Украіны ў Джыдзе (Саудаўская Аравія)
* * *
Спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Стыў Уіткаф заявіў, што Украіна пакуль не можа далучыцца да NATO праз пазіцыю Расіі і ЗША, аднак пытанне надання ёй гарантый бяспекі паводле 5-га артыкула Паўночнаатлантычнай дамовы застаецца адкрытым.
Паводле яго слоў, пытанне прадастаўлення Украіне абароны з боку ЗША ці еўрапейскіх краін застаецца прадметам дыскусіі. «Ці можа Украіна мець гэта ў пэўным дачыненні ад Злучаных Штатаў ці еўрапейскіх краін, не будучы чальцом NATO. І, я думаю, што гэта адкрытае (пытанне) для дыскусіі», — адзначыў ён.
* * *
Эстонія закупіць вайсковую тэхніку і абсталяванне на суму 100 мільёнаў еўра для Украіны. У спіс увайшлі беспілотнікі і беспілотныя наземныя транспартныя сродкі, водныя судны, Медыцынскае абсталяванне і прадметы пастаўкі ад эстонскіх абаронных прадпрыемстваў.
«Мы дамовіліся ў мінулым годзе, што і ў гэтым, і ў наступным годзе будзем падтрымліваць Украіну ў ваенным плане, вылучаючы 0, 25% нашага ВУП у год на прадукцыю эстонскай абароннай прамысловасці...Сёння мы атрымалі зваротную сувязь ад Украіны, што дазволіць нам як мага хутчэй даставіць дапамогу ўкраінцам», — сказаў міністр абароны Эстоніі Хано Пеўкур.
Акрамя таго, Эстонія будзе прадастаўляць Украіне прамую ваенную матэрыяльную дапамогу, удзельнічаць у навучанні вайскоўцаў украінскіх сіл абароны і разам з Люксембургам узначаліць IT-кааліцыю па аказанні дапамогі Украіне.