«Хаваюся ў Маскве». Што зараз адбываецца з расіянкай, якая з'явілася на ТБ з плакатам супраць вайны

«Адмаўляюся ад прытулку ў Францыі. Сын лічыць, што я разбурыла жыццё сваёй сям'і». Супрацоўніца «Першага канала» Марына Аўсяннікава расказала пра сваю антываенную акцыю нямецкаму часопісу «Der Spiegel».

ghhseifucshrwfyyfshxiw.webp

Пра супрацоўніцу «Першага канала» Марыну Аўсяннікаву свет даведаўся ў панядзелак, калі яна зладзіла антываенную акцыю ў жывым эфіры праграмы «Время»: Аўсяннікава разгарнула за спінай тэлевядучай Кацярыны Андрэевай плакат са словамі «No war. Спыніце вайну. Не верце прапагандзе. Тут вам хлусяць. Russians against war».

Аўсяннікава некалькі разоў паўтарыла: «Спыніце вайну! Не вайне!», — пакуль рэжысёры эфіру не перакрылі малюнак са студыі кадрамі сюжэта, да якога Андрэева чытала падводку. У той жа дзень Аўсяннікаву затрымалі, а пазней аштрафавалі на 30 тысяч расійскіх рублёў за заклікі да ўдзелу ў няўзгодненых акцыях. Цяпер у дачыненні да яе вядзецца даследчая праверка. «Медуза» пераказвае інтэрв'ю, якое Марына Аўсяннікава дала нямецкаму часопісу «Der Spiegel».

— Я знаходжуся ў сяброў, хаваюся. Памалу пачынаю ўсведамляць, што маё жыццё змянілася назаўжды, да старога жыцця я вярнуцца не магу (уздыхае). Прымаю заспакаяльныя. Вельмі турбуюся пра сваіх дзяцей — 17-гадовага сына і 11-гадовую дачку.

Абодва дзіцяці ў Маскве, але не са мной, яны ў бяспецы. Мы ўсе застанемся ў Расіі. Мы не прымем прапанову прэзідэнта Францыі аб прытулку: я патрыётка, мой сын — яшчэ большы патрыёт, мы нікуды не хочам з'язджаць.

Для сям'і мая акцыя — цяжкі ўдар. Маці ўсё яшчэ знаходзіцца ў стане шоку, яна выматаная. Сын папракнуў мяне ў тым, што я разбурыла жыццё ўсіх членаў сям'і, але ў яго і так няпросты ўзрост. Мы працягваем размаўляць адно з адным, але гэта проста складана фізічна выносіць, я знаходжуся паміж двух агнёў і не адчуваю вялікай падтрымкі з боку сям'і. Мне страшна — нават вельмі страшна. Я ўсяго толькі чалавек. Адбыцца можа ўсё што заўгодна, напрыклад, аўтакатастрофа. Але я не шкадую, што назвала вайну вайной, я ўжо перайшла рысу, за якой няма шляху назад. Застаецца толькі казаць прама і адкрыта.

Пакуль супраць мяне не распачалі крымінальную справу, праходзіць праверка. Хоць я чула, што гэтага [распачынання крымінальнай справы] патрабуюць прадстаўнікі ўлады. Пакуль мяне прысудзілі да штрафу ў 30 тысяч рублёў, але калі б у мяне не было дзяцей, я, як і многія іншыя, адбывала б 15 сутак у зняволенні.

Раней я не вельмі цікавілася палітыкай, не хадзіла на пратэсты, але незадаволенасць становішчам рэчаў збіралася гадамі — гайкі паступова закручваліся ўсё мацней. Спачатку мы не маглі выбіраць губернатараў, потым 2014 год, ДНР і ЛНР, атручэнне Навальнага, рэпрэсіі супраць незалежных СМІ. Але ўсё перавярнула вайна, якой ніхто не чакаў. Мы думалі, што Расія, НАТА і ЗША проста блефуюць, што дыпламаты ўсё ўладзяць. Але 24 лютага здарыўся сапраўдны шок.

Я нарадзілася ў Адэсе, але ў восем гадоў пераехала ў Расію. Мой бацька памёр у гэтым горадзе, там яго магіла. У мяне засталіся сваякі ва Украіне, але мы мала кантактуем. Мой пратэст — гэта пацыфісцкая акцыя: у інтарэсах Расіі і ў інтарэсах свету як мага хутчэй скончыць вайну. На Захадзе многія не разумеюць, што расіяне таксама супраць гэтай вайны.

Я чытала, што мая акцыя была фэйкам, мантажом, але вось жа  — сапраўдны чалавек (смяецца). Многія калегі могуць пацвердзіць, што гэтая акцыя сапраўды адбылася. Усё гэта было толькі маёй ідэяй, я ведаю, што сказаў [прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый] Пяскоў: цяпер я вораг нумар адзін. Ведаеце, я была ў такой лютасці, што нават не падумала пра наступствы свайго ўчынку. Я ўсведамляю іх толькі цяпер — з кожным днём усё больш і больш.

Адбылося ўсё вось як. На «Першым канале» мы працуем па тыднёвых зменах. Да панядзелка ў мяне былі выхадныя, я ўсё падрыхтавала, купіла ватман і маркеры, на кухні намалявала плакат і запісала відэаролік. Не абмеркавала свае планы ні з сям'ёй, ні з калегамі. У панядзелак я, як звычайна, выйшла на працу, вывучыла размяшчэнне камер і выбрала месца, дзе магу ўстаць з плакатам. Самым вялікім страхам было, што мяне ніхто не ўбачыць па тэлевізары, што ўсё будзе дарэмна. Я ўварвалася ў студыю — міма паліцэйскага, які не паспеў адрэагаваць. Затым паказала плакат, вярнулася на сваё працоўнае месца і прынялася чакаць. Да мяне прыйшлі начальнікі, усе яны пыталіся адно і тое ж: «Няўжо гэта былі вы?» Ніхто не хацеў у гэта верыць. Толькі затым з'явілася паліцыя.

Трэба сказаць, размаўлялі са мной даволі прыязна: начальства хацела, каб я звольнілася. Будучы на эмоцыях, я гэтага не зрабіла, але сёння падам заяву. А паліцэйскія ветліва размаўлялі са мной пра палітычную сітуацыю ў Расіі. Допыт вёў намеснік кіраўніка аддзела па барацьбе з экстрэмізмам, яму ўвесь час тэлефанавалі яго начальнікі. Ніхто не верыў, што я сама наважылася на пратэст: усе пыталіся, як я звязаная з Захадам, хто мяне навучыў.

На «Першым канале» я працавала ў міжнародных навінах, была на сувязі з міжнароднымі агенцтвамі, чытала іх стужкі, запісвала інтэрв'ю з палітыкамі і экспертамі, прадзюсавала сюжэты. Я бачыла іншую рэальнасць, але разумела, што кожная краіна абараняе свае інтарэсы, а мы знаходзімся ў інфармацыйнай вайне. Аднак паступова праца ператварылася ў вялікі цяжар. Большасць работнікаў дзяржканалаў выдатна разумеюць, што адбываецца, яны зусім не перакананыя прапагандысты. Унутры іх пастаянна ідзе барацьба паміж працай і маральнымі арыенцірамі. Ім трэба неяк карміць сем'і, а іншай працы цяпер не знайсці. Але мне радасна чытаць пра тое, што многія цяпер звальняюцца.