Дасье ў карыкатурах: бітва знакамітасцяў
Цяперашнія прэзідэнцкія выбары ў ЗША — гэта яшчэ і грандыёзная бітва поп-зорак, якія падзяліліся па прынцыпе палітычных сімпатый.
Цяжка дакладна сказаць на якіх выбарах ЗША зоркі сталі сур'ёзным інструментам палітычнага піяру. Але на гэтых выбарах гэта ўжо вялізны фактар, які можа паўплываць на вынік. Спіс знакамітых артыстаў, спартсменаў, журналістаў, якія публічна падтрымліваюць Трампа або Харыс вельмі вялікі. Ёсць у ім і тыя, хто даўно ў палітыцы. Напрыклад Барбара Стрэйзанд, без якой не абыходзіцца ніводная кампанія Дэмакратычнай партыі. На гэтай карыкатуры 8-гадовай даўніны яна запальвае з кандыдатам дэмпартыі Хілары Клінтан.
Паколькі Галівуд і шоў-бізнэс у ЗША традыцыйна падтрымліваюць дэмакратаў, у Камілы Харыс куды больш прыхільнікаў з гэтага асяроддзя. Тут хапае зорных імёнаў: Джордж Клуні, Джэйн Фонда, Джэніфер Аністан, Роберт дэ Ніра, Дзі Капрыа і іншыя. Аднак у цэнтры ўвагі знаходзіцца мегапапулярная зараз спявачка Тэйлар Свіфт. Лічыцца, што яна можа прыцягнуць на выбары сваіх фанатаў, якія забяспечаць Харыс перамогу. Адзін з карыкатурыстаў бачыць гэта як перамогу дэмакратыкі на баксёрскай арэне. Зрэшты, як бачым, Трамп будучы ў накаўце сцвярджае, што ён «самы вялікі».
Дайшло да таго, што да агітацыі за Харыс падключылі нават ката Тэйлар Свіфт, які праславіўся пасля скандальнай заявы Трампа аб тым, што мігранты ядуць катоў. На гэтым малюнку кот — частка каманды дэмакратаў.
А што рэспубліканцы? У Трампа не так шмат артыстаў-фанатаў, хоць некаторыя з іх сапраўды вядомыя. Напрыклад, акцёр і рэжысёр Мэл Гібсан. Ён публічна параўнаў IQ Камілы Харыс з плотам. Мастакі тут жа адрэагавалі на пратрампаўскія тырады Гібсана. Напрыклад, пачалі стылізаваць Трампа пад персанажа Гібсана з фільма «Адважнае Сэрца».
Безумоўна вядучую ролю ў лагеры пратрампаўскіх ВІП-персон грае Ілан Маск, вядомы бізнэсмен, уладальнік сацыяльнай сеткі «Х» (былы Twitter). Дэмакратычная прэса вельмі моцна ненавідзіць Маска, які падрывае міф аб тым, што Трамп — гэта выключна рэгрэс. Адзін з графікаў-дэмакратаў адлюстраваў Маска ў выглядзе найбагацейшага ў свеце троля.
Вось такія расклады ў свеце зорак. Застаецца дадаць адну важную дэталь. Хоць у лагеры Трампа знакамітасцяў куды менш, яго самога — у адрозненне ад Камілы Харыс — можна смела назваць мега-зоркай. Нездарма адзін з мастак адлюстраваў яго з ахапкам Оскараў. Праўда выдадзены яны за лепшую ролю ў такіх катэгорыях як «хлусня», «здзек», «супрацоўніцтва з Пуціным» і гэтак далей.