Да гадавіны анэксіі Пуцін прызнаў, што накіраваў у Крым вайскоўцаў РФ
У Крым для раззбраення ўкраінскіх вайскоўцаў былі накіраваны сілы галоўнага выведвальнага ўпраўлення Расіі. Пра гэта ў фільме пра анэксію Крыма "Крым. Шлях на Радзіму" заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.
"Каб блакаваць і раззброіць 20 тысяч чалавек, добра ўзброеных, патрэбен пэўны набор асабістага складу. І не проста па колькасці, але і па якасці. Патрэбныя былі спецыялісты, якія ўмеюць гэта рабіць. Таму я даў даручэнні і ўказанні Мінабароны, чаго хаваць, пад выглядам узмацнення аховы нашых ваенных аб'ектаў у Крыме перакінуць туды спецпадраздзяленне Галоўнага выведупраўлення і сілы марской пяхоты, дэсантнікаў", — заявіў Уладзімір Пуцін.
Таксама ён распавёў, як вялася праца па "перакананні ўкраінскіх вайскоўцаў".
"Адзін з камандуючых украінскім флотам наадрэз адмовіўся пераходзіць на бок "крымскіх уладаў". Я папрасіў, каб з ім папрацавалі ветэраны. "Дзяды" прыйшлі і да
7 раніцы з ім вялі выхаваўчую гутарку. Каля 7-й раніцы ён узяў ручку і паперу і напісаў рапарт аб звальненні", — распавёў ён.
Пры гэтым Пуцін дадаў, што "украінскія вайскоўцы паводзілі сябе вельмі годна, спрабавалі захоўваць вернасць прысязе".
Таксама Пуцін заявіў, што "было шмат званкоў ад заходніх лідэраў".
"Амерыканскія калегі прама казалі, што мы блакуем ўкраінскія воінскія падраздзяленні. Я сказаў, што воінскіх падраздзяленняў ўжо няма, ёсць групы людзей, вайскоўцаў. ... Але гэта ўжо не
узброеныя сілы, гэта нешта іншае", — заявіў Пуцін.