Ці адбудзецца вынас цела?

Іспанскія сацыялісты атрымалі ўладу — і адразу ўзяліся за старое: яны каторы ўжо раз абяцаюць перапахаваць парэшткі дыктатара Францыска Франка.

ccjoesf0x97brbloic1t.jpg

«Іспанцы, Франка памёр», — вось так, адным сказам, лаканічна і даступна 20 лістапада 1975 года дыктар радыё паведаміў пра сыход кіраўніка дзяржавы. З улікам таго, што El Caudillo (мянушка Франка) кіраваў краінай аж 36 гадоў, натуральна, шматлікіх іспанцаў ахапіла паніка. Развітацца з нябожчыкам прыйшлі каля паўмільёна чалавек.

Пасля цырымоніі развітання парэшткі Франка ўрачыста пахавалі ў так званай «Магіле паўшых» — мемарыяле пад Мадрыдам у гонар ахвяраў грамадзянскай вайны. Там Франка спакойна спачываў, але па меры замацавання ў Іспаніі дэмакратычнага ладу пачалі гучаць заклікі — перапахаваць дыктатара.

Аргументацыя прыхільнікаў перапахавання Франка чымсьці падобная на тую, што прыводзяць расійскія лібералы, якія мараць вынесці з маўзалея Леніна: не пахаваўшы дыктатара, немагчыма ўсталяваць мір у грамадстве, скончыць з апалогіяй палітычнага гвалту, і, нарэшце, канчаткова перагарнуць старонку гісторыі, каб глядзець у будучыню.

Аднак у гэтай аргументацыі ёсць іспанская спецыфіка. Па-першае, «Магіла паўшых» — вельмі прыкметнае месца. Яе будаўніцтва можна назваць іспанскім аналагам ГУЛАГу, паколькі тут працавалі вязні-рэспубліканцы. Шмат хто з іх і знайшоў там апошні прытулак. Нездарма розныя левыя палітычныя партыі прапанавалі змяніць канцэпцыю помніка. «Магіла паўшых», на іх думку, павінна была служыць напамінам пра злачынствы Франка падчас грамадзянскай вайны і дыктатуры.

Акрамя таго, месца, дзе ляжыць Франка, доўгі час было своеасаблівай Мекай для неафашыстаў. Каля магілы дыктатара адбываліся розныя акцыі і флэшмобы. Усё гэта скончылася ў 2007 годзе, калі ўрадам Іспанскай рабочай сацыялістычнай партыі (PSOE) быў прыняты закон «Аб гістарычнай памяці». Палітычныя выхадкі ля магілы Франка цяпер забароненыя.

Магчыма, у 2007 годзе справа дайшла б і да перапахавання Франка. Прынамсі, пра гэта ў той час казалі шмат. Аднак рэалізацыя плану застопарылася пасля страты сацыялістамі парламенцкай большасці. А хутка сацыялісты ўвогуле прайгралі выбары і надоўга сышлі ў апазіцыю.

І вось у доўгай гісторыі з вынасам цела Франка — новы сезон, пралогам да якога аказаўся буйны карупцыйны скандал з удзелам функцыянераў урадавай кансерватыўнай Народнай партыі. У выніку дэпутаты прагаласавалі за кабінет PSOE. Яго старшыня Педра Санчэс хутка згадаў пра старое абяцанне сацыялістаў — перапахаваць Франка.

e62d8247_7687_47f8_9611_d036303a7cee.jpeg

Прычым, перапахаванне — гэта толькі частка новага маштабнага плана. Прапануецца адначасова стварыць Камітэт праўды, які высветліць лёс кожнага іспанца, які знік у часы Грамадзянскай вайны. На пошукі кожнага зніклага іспанца нават выдаткуюць канкрэтную суму.

Для гэтага ў Закон аб гістарычнай памяці патрэбна ўнесці адпаведныя змены. І віцэ-прэм’ер Кармэн Кальва кажа, што за рэформу ўжо гатовыя галасаваць дэпутаты. Акрамя фракцыі PSOE, ідэю, натуральна, віталі радыкальныя левыя з руху Podemos. Будуць схільныя націснуць кнопку «так» баскскія і каталонскія нацыяналісты, папярэднікаў якіх у часы Франка бязлітасна рэпрэсавалі. Пакуль не супраць аддаць галасы за папраўкі лібералы з партыі Ciudadanos, хаця яны фліртуюць з правым электаратам і патэнцыйна здольныя на любы кульбіт.

Супраць дакладна будуць кансерватары, якія ўжо абвінавацілі Санчэса ў вяртанні да тактыкі «культурных войнаў», калі, маўляў, вырашэнне актуальных праблем урад намагаецца замяніць дэбатамі пра стаўленне да розных эпізодаў гісторыі. А вось калумністы правых СМІ, якім не трэба быць паліткарэктнымі, адкрытым тэкстам пішуць пра рэваншызм унукаў тых, хто прайграў Грамадзянскую вайну, і вырашыў сёння, за кошт перапахавання Франка, адпомсціць за продкаў.

Ці будуць рэалізаваныя планы сацыялістаў гэтым разам, і якія могуць быць наступствы перапахавання?

Сітуацыю «Новаму Часу» каментуе каталонскі журналіст Рыкарда Джардана.

Калі Франка і перапахаваюць, гэта адбудзецца на працягу бліжэйшага часу. Зараз ад сацыялістычнага кабінета чакаюць рэформаў і зменаў. І перанос цела Франка так ці інакш будзе пасаваць гэтым настроям. Кансерватыўная апазіцыя знаходзіцца ў крызісе, дасюль не мае новага лідара, і пакуль не ў стане затармазіць праекты Санчэса.

Калі час будзе згублены, дык паступова ўрад сацыялістаў народу надакучыць і, адпаведна, да іх ініцыятываў пачнуць ставіцца больш крытычна і асцярожна. Тады не будзе на двары і Чэмпіянату свету па футболе, калі публіка менш цікавіцца палітыкай.

Увогуле, перапахаванне можа быць вельмі знакавай і сімвалічнай падзеяй. Франкісцкая традыцыя дасюль уплывае на светапогляд іспанскіх палітыкаў і чыноўнікаў. Перанос цела дыктатара можа стаць маркерам пачатку мадэрнізацыі краіны. Нездарма каталонскі нацыяналіст Карлес Пучдэман называў папярэдні ўрад «ахоўнікі магілы Франка».