Блукалі два тыдні па лесе, елі яблыкі і кукурузу з палёў. Праваабаронцы пагаварылі з уцекачамі, якія перайшлі беларуска-польскую мяжу
У нядзелю польскім праваабаронцам удалося сустрэць пяцярых уцекачоў з Блізкага Усходу, якія перайшлі беларуска-польскую мяжу. Польскія памежнікі спрабавалі іх вярнуць на тэрыторыю Беларусі, але тыя зноў вярнуліся ў Польшчу, перадае «Радыё Свабода».
У ноч з суботы на нядзелю польская памежная варта вывезла з аддзела ў мясцовасці Шудзялова на Беласточчыне васьмярых мужчын з Афганістана, Ірака і Емена назад на мяжу з Беларуссю, нягледзячы на тое, што яны прасілі ў Польшчы прытулку і маюць там сваіх упаўнаважаных, піша «Gazeta Wyborcza». Уцекачоў сустрэлі непадалёк ад мяжы польскія праваабаронцы, накармілі, запісалі іх расповед і ўзялі ад іх даверанасці.
Мужчынам ад 20 да 40 гадоў. Трое афганцаў, трое іракцаў і двое еменцаў. Яны скардзяцца на пераслед у сваіх краінах. Асіб з Афганістана быў салдатам, супрацоўнічаў з амерыканскай арміяй, якая іх навучала, паказваў супольныя здымкі. Ён лічыць, што вяртанне на радзіму пагражае яму смерцю. Талібы ўжо пабывалі ў яго сям’і. Мухамад з Емена быў прымусова прызваны ва ўзброеныя групы.
Мужчыны доўгі час блукалі па лесе па абодвух баках мяжы, некаторыя нават па два тыдні. Елі яблыкі і кукурузу з палёў. Галодныя, знясіленыя і напалоханыя, яны скардзіліся на гвалт з боку польскіх і беларускіх памежнікаў. Абодвух сілай прымусілі перасекчы мяжу. Уцекачы назвалі гэта пінг-понгам.
Паводле праваабаронцаў, мужчыны былі ў кепскім стане, частка з іх не маглі хадзіць. Дваіх афганцаў забралі ў шпіталь. Адным са сведкаў быў польскі дэпутат Мацей Гдуля.
— Мы сустрэлі на тэрыторыі Польшчы пяцярых уцекачоў. У аднаго з іх запаленне лёгкіх, і ён не мае сілы хадзіць. Ён атрымаў дапамогу ад лекара. У іх ёсць упаўнаважаныя асобы ў Польшчы, і яны хочуць міжнароднай аховы ў Польшчы. Памежная варта павінна выконваць працэдуры, — сказаў палітык.
Вяртанне ўцекачоў назад у Беларусь дазволіў адмысловым дакументам міністр унутраных спраў і адміністрацыі Мацей Вонсік. Паводле выдання «Gazeta Wyborcza», пастанова міністра супярэчыць Жэнеўскай канвенцыі, Канстытуцыі і была выдадзеная з перавышэннем паўнамоцтваў.